Як стварыць праблему на пустым месцы

Калі карабель развальваецца, позна затыкаць дзіркі. А калі нарабілі дзірак, то і не скардзіцеся на тое, што не даплывяце ў светлую будучыню. Прыкладна так можна сказаць пра падзеі ў Беларусі.
 

Вось прытуліла на сваю галаву Беларусь сямейку Бакіева, і зараз не вылазіць са скандалаў. Дзякуючы актывісту беларускай апазіцыі Міхаілу Пашкевічу ўвесь свет даведаўся, што ў краіне знаходзіцца не толькі Курманбек Бакіеў, але і ягоны малодшы брат Жаныш. І знаходзіцца не адзін — на здымку, як паведамляе кіргізская пракуратура, ён фігуруе з целаахоўнікам Рустамам Сайдуевым і былым намеснікам Тахірам Рысаліевым.

Жаныбек Бакіеў знаходзіцца ў міжнародным вышуку па абвінавачанні ў асабліва цяжкіх злачынствах. 24 жніўня ўлады Кыргызстана адклікалі з Мінска свайго пасла.

28 жніўня на пасольства Беларусі ў Бішкеку быў учынены напад, у будынку было разбіта шкло. Дыпмісію атакавалі сваякі ахвяраў дзяржаўнага перавароту 2010 года, якія патрабавалі экстрадыцыі Курманбека і Жаныбека Бакіевых, што абвінавачваюцца ў масавых забойствах. Удзельнікі мітынгу патрабавалі спынення працы пасольства і разрыву дыпадносін з уладамі Беларусі, якія «хаваюць забойцаў». Мітынгоўцы разышліся пасля таго, як пасол Беларусі ў Кыргызстане Віктар Дзенісенка паабяцаў інфармаваць іх праз МЗС Кыргызстана пра тое, як вырашаецца пытанне аб экстрадыцыі Бакіевых.

На гэтым тыдні Дзенісенка паказаў сваякам загінулых «прынцыповую пазіцыю», больш падобную на дулю. Генеральная пракуратура Беларусі адмовіла Кыргызстану ў выдачы Жаныша Бакіева.

«Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь у чэрвені 2012 года быў разгледжаны запыт Генеральнай пракуратуры Кыргызскай Рэспублікі аб выдачы Ж. Бакіева для прыцягнення да крымінальнай адказнасці, — гаворыцца ў паведамленні. — У адпаведнасці з падпунктам е) пункта 1 артыкула 89 Канвенцыі аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах ад 7 кастрычніка 2002 года, выдача не робіцца, калі маюцца важкія падставы меркаваць, што запыт аб выдачы звязаны з пераследам асобы па прыкмеце расы, полу, веравызнання, этнічнай прыналежнасці або палітычных перакананняў».

Беларускі бок, падкрэслівае Генпракуратура, мяркуе, што з улікам па­дзей і характару высунутых Жанышу Бакіеву абвінавачанняў, што адбыліся ў Кыргызскай Рэспубліцы, «запыт аб выдачы звязаны з пераследам яго па прыкмеце палітычных перакананняў». «Таму запыт Генеральнай пракуратуры Кыргызскай Рэспублікі аб выдачы Ж. Бакіева пакінуты без задавальнення», — матывуе сваю пазіцыю Генпракуратура Беларусі.

Тым часам 5 верасня кіргізскае інфармагенцтва 24.kg апублікавала інтэрв’ю з начальнікам Галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Кыргызстана Умарам Жунусавым. Ён паведаміў, што Генеральная пракуратура Беларусі не дае супрацоўнікам крымінальнага вышуку Кыргызстана дазволу на затрыманне Жаныша Бакіева і яго набліжаных. Паводле слоў Жунусава, ГУКВ МУС неаднаразова звярталася праз Генпракуратуру Кыргызстана ў галоўны наглядны орган Беларусі для правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў у Мінску. «Аднак беларускі бок на запыты не адказвае», — сказаў ён.

Селі ў лужыну мы і з іншымі «бакіеўцамі». Як паведамляюць СМІ, яшчэ ў чэрвені ў Казахстане быў затрыманы былы дырэктар Дзяржматрэзерваў Кыргызстана Пайзулабек Рахманаў. Фішка ў тым, што ён меў пры сабе пашпарт грамадзяніна Беларусі на імя Пазыла Ташбаева, 1955 года нараджэння, ураджэнца Алматы, выдадзены ў 2011 годзе Першамайскім РУУС горада Мінска.

Вось навошта было перавозіць у Беларусь увесь клан Бакіева? Аднаго экс-прэзідэнта было малавата? І так аскандаліліся.

Зараз, кпяць некаторыя аглядальнікі, Кыргызстан можа абвясціць Беларусі вайну, каб дазволіць дзейнічаць на яе тэрыторыі сваім спецпадраздзяленням, якія ліквідуюць Бакіева і кампанію (у сэнсе, вывезуць яго назад на радзіму), як раздражняльны фактар, які перашкаджае нармальным стасункам паміж двума братэрскімі народамі. І праблема вырашыцца.

Спужалася ўласнай смеласці і Лі­дзія Ярмошына. Раней як дасягненне было агучана, што на тэлебачанні кандыдаты ў дэпутаты і іх давераныя асобы могуць праводзіць дэбаты — цягам пяці (!) хвілін і ў запісе(!!). Дэбаты — якія транслююцца ў запісе — гэта ўвогуле разгул дэмакратыі, канешне. Але ж і зараз апазіцыя быццам бы знайшла лазейку, і павярнула ўсё на сваю карысць.

Цэнтрвыбаркам на пасяджэнні 5 верасня прыняў рашэнне забараніць кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў браць удзел у дэбатах у якасці даверанай асобы іншага кандыдата.

Як паведаміла кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына, у Цэнтральную камісію сталі паступаць пытанні аб праве кандыдатаў браць удзел у дэбатах у якасці давераных асоб іншых кандыдатаў.

«Справа ў тым, што кандыдаты, зарэгістраваныя даверанымі асобамі іншых кандыдатаў, пашыраюць магчымасці вядзення сваёй агітацыйнай кампаніі», — сказала яна. Ярмошына паведаміла, што лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, кандыдат у дэпутаты, таксама з’яўляецца даверанай асобай 17 кандыдатаў у дэпутаты.

«Такім чынам, ён тэарэтычна можа браць удзел у дэбатах 18 разоў», — зазначыла яна. Яшчэ адзін кандыдат у дэпутаты ад АГП — кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі — з’яўляецца даверанай асобай 14 кандыдатаў, а кандыдат у дэпутаты ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі акцёр Яўген Крыжаноўскі — у сямі.

«Калі пісалася выбарчае заканадаўства, меркавалася, што кандыдат сам будзе браць удзел у дэбатах; калі не можа гэта ажыццявіць фізічна — замест яго можа выступіць яго давераная асоба. Нікому ў галаву не прыйшло, што гэта можа ператварыцца ў пралаз для пашырэння магчымасцяў агітацыі на карысць аднаго кандыдата. Усе кандыдаты павінны мець роўныя магчымасці», — мяркуе Ярмошына.

Лепей бы пра роўныя магчымасці Ярмошына распавяла дзяржаўным СМІ, якія шчыра прапагандуюць дзейсных дэпутатаў і іх праўладных «зменшчыкаў». Па-першае, ніхто не забараняе зрабіць тое ж, што Лябе­дзька, і іншаму кандыдату. А па-другое, абіраць Лябедзьку ўсё роўна будуць толькі па адной акрузе.

Лепш бы зусім не ўводзілі гэты «нібыта роўнасны» цэнз, і давалі б слова каму заўгодна, як Лукашэнку на выбарах у 1994-м. Выбаршчыкі і так бачаць, хто там дурань, а хто не, і ніякая «колькасць разоў выступу па тэлебачанні» на гэта не ўплывае.

І яшчэ Ярмошына паскардзілася на тое, што агітацыйная кампанія праходзіць не надта актыўна. Па яе словах, не ўсе кандыдаты падалі заявы на правядзенне вулічных агітацыйных мерапрыемстваў, не ўсе кандыдаты нават заказалі свае друкаваныя агітацыйныя матэрыялы, не ва ўсіх акругах адбудуцца дэбаты… Дык, канешне, калі забараніць усё, што магчыма, калі на пікеты кандыдатаў патрэбна падаваць заяву, калі агітацыйныя матэрыялы тысячы разоў цэнзуруюцца і ўзгадняюцца, калі ёсць абмежаванне ў дэбатах — адкуль жа возьмецца актыўнасць?

Карацей, калі выбары не адбудуцца, вінаватым у гэтым будзе ЦВК.

Каментаваць