Як выкарыстаць Чэмпіянат свету па хакеі?

Калі ўжо Чэмпіянат свету па хакеі ў Беларусі не ўдалося скасаваць, то трэба скарыстаць яго ў сваіх мэтах. З мэтай націснуць на ўладу ў пытанні вызвалення палітвязняў беларуская дэмакратычная грамадскасць абмяркоўвае правядзенне розных кампаніяў у час ЧМ.



Першае абмеркаванне гэтаба пытання адбылося яшчэ ў мінулым годзе. Другое пасяджэнне ў офісе АГП было ўжо прысвечана абмеркаванню магчымых канкрэтных дзеянняў.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька напачатку пасяджэння сказаў, што ў яго ёсць нейкі аптымізм у ціску на ўлады з мэтай вызваленння палітвязняў. Гэты аптымізм яму надаў прыклад Уладзіміра Пуціна, які вызваліў частку палітычных апанентаў напярэдадні Алімпіяды ў Сочы. “Калі ёсць хоць адзін шанец на тое, каб у нас адбылося тое ж самае, нам трэба распачынаць актыўныя дзеянні ў гэтым кірунку”, — адзначыў палітык.

Гарачыя галовы, кшталту намесніка старшыні Беларускай партыі “Зялёныя” Дзмітрыя Кучука прапаноўвалі ладзіць усемагчымыя флэшмобы і акцыі ў лядовых арэнах. Гэта можна зрабіць з дапамогай не толькі айчынных заўзятараў хакею, але і замежных. Ніхто не забараняе пасвісцець пад час выступу на адкрыцці ЧМ адказных беларускіх асобаў. Да таго ж, карысным для беларусаў будзе досвед правядзення пратэстных акцыяў пад час Алімпіяды ў Сочы. Трэба паглядзець, што і як там будзе рабіць расійская апазіцыя, і можа, нейкі досвед ужыць у беларускіх умовах, лічыць Кучук.

Людзі, больш блізкія да працы сілавых структураў, такія, як былы міністр унутраных спраў Беларусі Мечыслаў Грыб і праваабаронца Гары Паганяйла, ніякіх ілюзіяў наконт флэшмобаў ды буйных масштабных акцый ілюзіяў не маюць. Па меркавнні Грыба, на час правядзення ЧМ Мінск будзе капітальна “зачышчаны” ад дэструктыўных элементаў, а меры бяспекі і аховы правапарадку будуць беспрэцэдэнтнымі. Да таго ж, у Сочы на Алімпіяду паедуць не толькі беларускія заўзятары — там, хутчэй за ўсё, будуць ашывацца і беларускія сілавікі, каб падвучыцца ў расійскіх калегаў тым самым мерам бяспекі. Алімпіяда ў Сочы будзе карысным досведам для ўсіх.

Маці палітвязня Ігара Аліневіча Валянціна Аліневіч адзначыла, што ўсе размовы пра тое, калі могуць адпусціць палітвязняў і ці адпусцяць іх напярэдадні ЧМ — гэта балючая тэма для родных. Самі ж “сядзельцы”, з яе словаў, лічаць, што іх не выпусцяць ані напярэдадні, ані пад час ЧМ па хакеі.

Сапраўды, калі выпускаць палітвязняў, то толькі зараз. Бо напярэдадні і ў час ЧМ свету па хакеі можа здарыцца так, што да іх выхаду будзе больш увагі, чым да спартыўных мерапрыемстваў. Ды й выпускаць іх, калі ў краіне будзе тысяча замежных карэспандэнтаў — на гэта ніто не пойдзе.

Тым не менш, гэта не значыць, што рабіць нічога не трэба. Па меркаванні Валянціны Аліневіч, трэба больш папрацаваць з краінамі — удзельніцамі ЧМ па хакеі, каб яны выказаліся з патрабаваннем вызваліць палітвязняў. Акрамя таго можна паказаць заўзятарам, якія паедуць на ЧМ па хакеі, фільмы пра беларускіх палітвязняў і ўвогуле праінфармаваць іх, якая сітуацыя ў краіне.

Увогуле, замежныя заўзятары і хакеісты — асобная тэма. Праваабарончы цэнтар “Вясна” у свой час запісваў міні-ролікі супраць смяротнага пакарання з вядомымі людзьмі — музыкамі, акцёрамі і гэтак далей. Тое ж самае прапануецца зрабіць і пад час альбо напярждадні ЧМ з вядомымі хакеістамі альбо спартоўцамі ўвогуле. Напрыклад, Уэйн Грэцкі — этнічны беларус, хіба не скажа ён пару словаў пра сваю радзіму?

Але для гэтага трэба знайсці тых, хто з тым самым Грэцкім п’е піва, і за келіхам можа пераканаць яго выказацца. Валянціна Аліневіч паведаміла, што Ігар Аліневіч, напрыклад, асабіста знаёмы з Міхаілам Грабоўскім, які грае зараз за “Вашынгтон Кэпіталз”, Грабоўскі выдатна ведае пра сітуацыю з Ігарам, але на кантакт не ідзе.

Лябедзька прапанаваў зрабіць “каляхакейныя” майкі, дзе быў бы пазначаны палітвязень х тэрмінам, які яму далі беларускія ўлады. Можна хадзіць у майцы “Бяляцкі, 45”, бо яму вызначылі чатыры з паловай гады зняволення, альбо “Аліневіч, 8”, альбо “Статкевіч, 6”. Фармальна “хакейная” майука такім чынам будзе і “палітычнай”.

Увогуле, магчымасцяў шмат. Па словах некатрых прысутных, пад час абмеркавання ЧМ па хакеі ў Беларусі актывізавалася і беларуская дыяспара ў замежжы, якая б радая была чымсці дапамагчы, але не ведае як і вельмі крыўдзіцца на тое, што беларускія палітычныя партыі не ідуць з ею на супрацоўніцтва. “Нашыя за мяжой” якраз і могуць стаць той сілай, якая патлумачыць замежным заўзятарам, як правільна весці сабе пад час Чэмпіянату свету, і ў якія колеры апранацца. Для іх не будзе вялікай складанасці, напрыклад, зрабіць колькі “правільных” турыстычных буклетаў па Беларусі і раздаць іх ў аэрапортах, каля месцаў рэгістрацыі на рэйсы ў Беларусь.

Заўзець госці ЧМ па хакеі, канешне, будуць не толькі на трыбунах, але і ў розных спорт-пабах і барах з вялікімі тэлеэкранамі. Гэта таксама можна скарыстаць для нейкіх акцый і прапаганды.

І зразумела, пра што павінныя паклапаціцца палітычныя партыі. Яны павінныя паклапаціцца пра тое, каб аніводная віп-персона, кшталту Радаслава Сікорскага, Далі Грыбаўскайтэ альбо Ангелы Меркель на Чэмпіянат свету па хакеі ў Беларусь не прыехала. Адначасова трэба паклапаціцца і пра тое, каб у краіну паспрабавалі патрапіць разнастайныя “неўяздныя ў Беларусь”. Калі іх не прапусцяць на ЧМ, то краіна яскрава прадэманструе свой “год гасціннасці”.

Увогуле, замежнымі журналістамі і заўзятарамі скарыстацца можна па-рознаму. Напрыклад, журналістаў можна запрасіць прыехаць у краіну ўжо зараз — каб яны паведамілі ўсім, якая сітуацыя ў Беларусі напярэдадні Чэмпіянату свету. Для заўзятараў можна распрацаваць альтэрнатыўныя турыстычныя маршруты, бо большасць з іх ведае Беларусь, як “апошнюю дыктатуру Еўропы”. Адпаведна, і маршрут павінен быць “СІЗА Валадарскага — СІЗА КДБ — Курапаты”. Некаторыя турысты прыедуць у Беларусь на працяглы час, а не толькі на асобныя матчы, і. напрыклад, “Зялёныя” могць звазіць іх у “чарнобыльскую зону” ды распавесці адначасова пра будаўніцтва АЭС у Беларусі.

А яшчэ можна ўцёмную скарыстаць шматлікіх расійскіх заўзятараў, якія не адрозніваюцца законапаслухмянасцю і вельмі любяць п’яныя дэбошы. Аднак як гэта зрабіць, пакуль думак не ўзнікла.

Карацей, папярэдніх мерапрыемстваў па ціску на ўлады дзеля вызвалення палітвязняў было напрацавана багата. Зараз арганізатары іх сістэматызуюць і на наступным тыдні ўжо вызначацца з планамі і адказнымі за нейкія кірункі дзейнасці.

Адзінае, чаго н будуць рабіць арганізатары акцыяў у падтрымку палітвязняў — гэта псаваць настрой заўзятарам. “Чэмпіянат свету па хакеі для шматлікіх заўзятараў — гэта свята. І, нягледзячы на ўсе нашыя праблемы і пытанні да ўлады, мы не збіраемся ствараць перашкоды заўзятарам, працаваць над зрывам мерапрыемстваў і гэтак далей. Нічога ў піку звычайным заўзятарам мы рабіць не будзем”, — падкрэсліў Лябедзька.

Каментаваць