Як вызначыць палітвязня?

У Вільні праходзіць маштабная сустрэча праваабаронцаў пад назвай “Трэці беларускі праваабарончы форум”. Але зараз сустрэчу можна лічыць інтэрнацыянальнай. На форум з’ехаліся праваабаронцы не толькі з Беларусі, але і з іншых краінаў.



Прэзідэнт Беларускага дому правоў чалавека Таццяна Рэвяка адзначыла, што беларускі праваабарончы рух мацнее і пашыраецца. Калі ў мінулым форуме прысутнічалі прадстаўнікі 17 праваабарончых арганізацый, то зараз такіх арганізацый, маючых праваабарончы характар альбо праваабарончы складнік у сваіх дзеяннях, на форуме ўжо 25. Увогуле на форум прыехалі 111 дэлегатаў і больш за 50 гасцей.

З аднаго боку, канешне, радуе, што праваабарончы рух Беларусі расце і пашыраецца. Але насамрэч пашырэнне кола арганізацый, якія раптам заняліся абаронай правоў чалавека, сведчыць пра тое, што з самімі правамі чалавека ў нас стала горай. Бо, калі б сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі паляпшалася б, колькасць праваабарончых арганізацый, наадварот, скарачалася б.

Рост колькасці праваабарончых арганізацый сведчыць пра небяспечную тэндэнцыю. Гэта значыць, што правы беларусаў парушаюцца ўсё больш, і ў больш розных сферах. Бо кожная новая арганізацыя займаецца парушэннем правоў новага пласта грамадства. Паўсталі такія арганізацыі, якія займаюцца правамі не толькі “палітычных”, але і тыя, хто займаецца правамі чалавека ў турмах, правамі меншасцяў (нацыянальных і сэксуальных), парушэннем правоў працоўных (гэта дадатковыя арганізацыі за выняткам прафсаюзаў) і інш. То бок, улада зараз цісне не толькі палітычных апанентаў, але на ўвогуле нязгодных.

У прынцыпе, беларускія праваабаронцы гэта ўсведамляюць. Як адзначыла тая ж Рэвяка, час з мінулага форума — тры гады — быў цяжкім і выпрабавальным для беларускай праваабарончай супольнасці. Шмат хто зазнаў ціск аж да ператрусаў і канфіскацыі маёмасці, а старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі ўвогуле сядзіць дагэтуль. Але беларускія праваабаронцы выжылі, і плануюць выжываць надалей. Выжыць імі дапамагла, па словах Рэвякі, “неверагодная салідарнасць і ўзаемная падтрымка”.

У гэтых варунках беларускія праваабаронцы вырашалі, як ім жыць і выжыць надалей. І не толькі ім самім. Прысутнасць на форуме ў якасці дэлегатаў і актыўных удзельнікаў (а не толькі выступаючых з “вітальным словам”) расійскіх і ўкраінскіх праваабаронцаў перавяла беларускую праваабарону і ў міжнародны кантэкст. Зараз у Беларусі агульныя праблемы з Расіяй, Украінай, і ўвогуле, падаецца, ва ўсім СНД. Напрыклад, палітвязні ёсць паўсюль.

І Юрый Джыбладзэ з Цэнтра развіцця дэмакратый і правоў чалавека зазначыў: гэтыя праблемы таксама павінны вырашацца ў комплексе: разам і ў адной звязцы. Бо праваабаронцы пакуль што не дасягнулі той ступені каардынацыі, каб пра іх казалі, як пра рэгіянальную сілу. У адрозненне ад іх, улады, па словах Джыбдладзэ, згуртаваліся ў своеасаблівы “дыктатарскі інтэрнацыянал”, і скаардынавана дзейнічаюць, напрыклад, у ААН, абараняючы адзін аднаго.

Адным з тэматычных пытанняў, якія абмяркоўвалі праваабаронцы, было тое, пра што было шмат спрэчак. Як і каго вызнаваць палітвязнем? Гэтая праблема ўзнікае перыядычна: ці тое ў выпадку са справамі анархістаў, ці то ў справе Андрэя Гайдукова. Яго не вызнавалі палітвязнем аж да сканчэння суду.

Зараз праваабаронцы нават распрацавалі памятку па вызначэнні тэрміна “палітычны зняволены”. Палітычным зняволеным можа лічыцца асоба, якая пазбаўленая волі выключна з-за ягоных палітычных, рэлігійных, альбо іншых перакананняў, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды думкі, сумлення і рэлігіі, свабоды выказвання меркаванняў і інфармацыі, свабоды мірных сходаў і асацыяцый, іншых правоў і свабодаў, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадскіх і палітычных правах альбо Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод.

Альбо пазбаўленне волі было прымененае выключна з-за негвалтоўнай дзейнасці, скіраванай на абарону правоў чалавека і асноўных свабод.

Альбо пазбаўленне волі было прымененае выключна па прыкмеце пола, расы, колеру скуры, мовы, рэлігіі, нацыянальнага, этнічнага, сацыяльнага альбо родавага паходжання, нараджэння, грамадзянства. Сацыяльнай арыентацыі, гендэрнай ідэнтычнасці, маёмаснага становішча альбо іншым прыкметам, альбо зыходзячы з наяўнасці ўстойлівай сувязі з супольнасцямі, якія аб’яднаныя такімі прыкметамі.

Для такіх катэгорый вязняў праваабаронцы маюць намер патрабаваць неадкладнага і безумоўнага вызвалення, і поўнай рэабілітацыі з кампенсацыяй шкоды.

Гэта “базавая камплектацыя” палітвязняў. Але ёсць яшчэ і пашыраная група. Палітвязнямі можна вызнаваць таксама тых, у дачыненні да каго па палітычных матывах ягонага пераследу  пазбаўленне волі было прымененае ў парушэнне права на справядлівы судовы разбор, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадскіх і палітычных правах альбо Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод.

Альбо пазбаўленне волі было заснавана на фальсіфікацыі доказаў правапарушэння, альбо пры адсутнасці падзеі альбо складу правапарушэння, альбо ягонага звяршэння іншай асобай.

Альбо працягласць і ўмовы пазбаўлення волі яўна непрапарцыйны (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім асоба абвінавачваецца, падазраецца, альбо было прызнанае вінаватым.

Альбо асоба пазбаўленая волі выбарачна ў параўнанні з іншымі асобамі.

Але і па ўсіх гэтых прыкметах палітвязнем не можа быць прызнаны чалавек, які здзейсніў гвалт супраць асобы за неабходнасцю выпадкаў неабходнай абароны альбо скрайняй неабходнасці, альбо здзейсніў злачынства супраць асобы альбо маёмасці на глебе нянавісці. Альбо заклікаў да гвалтоўных дзеянняў па нацыянальнай, этнічнай, расавай, рэлігійнай альбо іншым прыкметам.

Што цікавае ў тлумачэннях да гэтага дакумента? Цікава тое, што палітвязнем вызнаецца асоба, якая знаходзіцца ў зняволенні. Прычым, не важна, гэта адбыццё пакарання альбо дасудовы арышт. Да таго ж, гэта любое зняволенне, улічваючы ЛТП, прымусовую псіхіятрыю і хатні арышт.

З апошнім — праблема. Гэта “праблема Гайдукова”. Шмат праваабарончых арганізацый вызналі Гайдукова палітвязнем яшчэ да суда, але некаторыя чакалі працэсу, што выклікала непаразуменне ў праваабарончых колах.

Насамрэч, тлумачылі намеснік старшыні праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч, праваабаронцы чакалі не суда, а інфармацыі. Інфармацыю пра справу. На якой падставе затрымалі Гайдукова, што яму інкрымінуецца, якія факты пакладзеныя ў аснову абвінавачвання. Да суда такой інфармацыі, прынамсі, пэўнай, не было. А як яны атрымалі такую інфармацыю, то адразу вызналі Гайдукова палітвязнем.

І, падаецца, гэтая сітуацыя будзе працягвацца надалей. Напрыклад, няма зараз ніякай інфармацыі па справе ксяндза Лазара. І, зноў жа, праваабаронцы не могуць вызнаць яго палітвязнем, нават нягледзячы на тое, што некаторыя, прынамсі, БХД, заклікаюць лічыць яго палітзняволенным. Таццяна Рэвяка, дырэктар Беларускага дому правоў чалавека ў Вільні, адзначыла, што былі ўжо такія выпадкі: дзеяч апазіцыі заяўляў пра палітычны пераслед, а насамрэч ён сапраўды здзейсніў злачынства.

“Ксяндзы таксама розныя бываюць”, — адзначыў Стэфановіч.

Тое ж самае з Васілём Парфянковым. Зразумела, што ён былы палітвязень. Зразумела, што яго забралі ў ЛТП з Акрэсціна. Але тое, што ён быў палітвязнем, не значыць, што ён і надалей несправядліва асуджваецца. Чалавек здзейсніў чатыры правапарушэнні ў нецвярозым стане і накіраваны ў ЛТП па прысуду па грамадзянскай справе. Падставы меркаваць, што ён палітвязень — вельмі сумніўныя.

Мадэратар працоўнай групы Уладзімір Яворскі з Украінскага Хельсінкскага саюза правоў чалавека паспрабаваў прымірыць бакі, заявіўшы, што такіх людзей можна лічыць тымі, правы якіх істотна парушаныя. Але, падаецца, такое “палавінчатае” рашэнне нікога не задаволіла.

З чым праваабаронцы канчаткова вызначыліся — дык гэта з прызнаннем палітвязнямі беларускіх анархістаў. З-за непрапарцыйнасці іх прысуду здзейсненаму ўчынку. А каб ім правільна кваліфікавалі абвінавачванне, то, пэўна, іх і не прызналі б такімі вязнямі.

Карацей, нягледзячы на маштабны падрыхтаваны дакумент, праблемы ў вызначэнні палітвязняў застаюцца. Адзінае, што зараз ёсць больш грунтоўны дакумент па гэтай справе.

Але і сам дакумент — вялікае дасягненне. Той жа Уладзімір Яворскі падкрэсліў: усе ўлады робяць выгляд, што ў іх няма палітвязняў. Міжнародныя арганізацыі кожны раз запытваюцца пра палітвязняў, але ў адказ чуюць: “Якія палітвязні? У нас усе сядзяць па канкрэтных крымінальных злачынствах! У нас увогуле няма ў Крымінальным кодэксе палітычных артыкулаў!”. А адказаць міжнароднай супольнасці проста няма чаго, бо дагэтуль толькі ПАСЕ для сябе вырашыла, па якіх крытэрах чалавек можа лічыцца палітвязнем, а па якіх — не можа. Адпаведнага і агульнапрынятага вызначэння тэрміна “палітвязень”, нягледзячы на тое, што гэтым паняццем аперуюць усе, дагэтуль не было.

Таму працоўная група, якая складалася са спецыялістаў з краінаў СНД, і распрацавала такія крытэры. І будзе прапаноўваць іх для прыняцця ўсім міжнародным арганізацыям, аж да ААН. Каб людзі, кажучы “палітвязень”, проста ведалі, пра што кажуць.

Каментаваць