Як захаваць дакументы найноўшай гісторыі Беларусі?

Пра гэта ішла гаворка 30 лістапада ў Мінску на круглым стале «Захаванне памяці, прымеркаваным да 95-годдзя бальшавіцкага перавароту ў Расіі ў кастрычніку 1917 года.



Як адзначыў культуролаг Вацлаў Арэшка, шматлікія дакументы найноўшай гісторыі Беларусі, якія маюць дачыненне да грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі, амаль не захоўваюцца ў дзяржаўных архівах і звычайна не даступныя для даследчыкаў. “Вось чаму грамадскасць сама павінна рупіцца гэтымі дакументамі, каб захаваць для нашчадкаў жывую і праўдзівую гісторыю, - падкрэсліў культуролаг. Сярод тэхнічных праблем збору і захавання дакументальнай спадчыны апошніх 20 гадоў ён назваў устанаўленне сувязі з уладальнікамі асабістых збораў і калектыўных архіваў, папулярызацыю гэтай тэмы ў грамадстве, а таксама каардынацыю дзеянняў і супрацоўніцтва з роднаснымі грамадскім аб’яднаннямі і краязнаўцамі. “Ускладняюць сітуацыю прававыя нарматывы, якія патрабуюць ліцэнзаванне архіўнай дзейнасці ў краіне. Так што перайсці на прафесійную працу ў гэтай галіне грамадства пакуль не мае мажлівасці. Акрамя таго, архіўная справа патрабуе вялікіх выдаткаў, у першую чаргу для набыцця апаратуры і пераводу дакументаў ў лічбавы фармат, -- зазначыў Арэшка. Паводле ягоных слоў, разглядаюцца пытанні стварэння асацыяцыі грамадскіх архіваў і падрыхтоўкі канферэнцыі па праблемах захавання дакументаў найноўшай гісторыі Беларусі, якая запланавана на першую палову наступнага года.

Вацлаў Арэшка


Каардынатар кампаніі “Пакаяннеаргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя Валерыя Чарнаморцава распавяла пра стварэнне віртуальнага музея савецкіх рэпрэсій на Беларусі. Паводле яе слоў, існуе вялікая цікаўнасць да гэтай тэмы, асабліва сярод моладзі, а таксама патрэба грамадскага пакаяння  ў сітуацыі, калі ў краіне няма аніводнага рэальнага музея гісторыі таталітарызму. Сумесна з сябрамі міжнароднага гісторыка-асветнага, дабрачыннага і праваабарончага таварыства “Мемарыял, Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій і грамадскага  аб’яднання “Дыярыуш ствараецца архіў дакументаў, лістоў, малюнкаў, дзённікаў, фотаздымкаў, рэчаў з ГУЛАГу, а таксама аўдыя- і відэазапісаў сведчанняў былых ахвяраў сталінізму, сказала Чарнаморцава. Яна запрасіла да супрацоўніцтва ў гэтым накірунку праз кантакты: 307-27-13 (Вэлком), 571-26-11 (МТС) і repressii@gmail.com Для нас важна зберагчы, апісаць і адсканаваць усё тое, што ёсць на руках у людзей, -- падкрэсліла каардынатар кампаніі. Паводле яе слоў, распачаўся падбор экспанатаў для будучага музею і распрацоўка яго электронных рубрык на сайце repressii.by.info (рубрыка “Архіў для музея). “Прычым. мы нічога не забіраем, а толькі скануем матэрыялы і вяртаем іх уладальніку,  -- зазначыла Чарнаморцава. 

Валерыя Чарнаморцава

     
Паводле слоў музыказнаўцы Вітаўта Мартыненкі, актывіст “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Віталь Супрановіч і створаная ім культурніцкая ініцыятыва “Беларуская музычная альтэрнатыва заснавалі серыю “Беларускі музычны архіў, з якога беларусы даведаліся шмат чаго пра сваіх выбітных паэтаў, кампазітараў і музыкаў -- геніяў музычнай культуры сусветнага маштабу, многія з каторых апынуліся ў эміграцыі. “Менавіта з выпускаў гэтай серыі мы даведаліся, чаму ў далёкім Харбіне ў кітайскай правінцыі Маньчжурыя апынуўся наш оперны спявак, яскравы тэнар Міхась Забэйда-Суміцкі, які спяваў нават у міланскай Ла Скала, а ў Бельгіі – кампазітар Мікола Равенскі, каторы на словы Наталлі Арсенневай стварыў беларускі духоўны гімн “Магутны Божа, -- сказаў музыказнаўца. Ён паведаміў, што БМА запланавала ўнікальны дыск “Песні героям, у які ўвойдуць музычныя творы, прысвечаныя нацыянальным героям Беларусі, у тым ліку асветніцы Еўфрасінні Полацкай, кіраўніку нацыянальна-вызвольнага паўстання супраць расійскага царызму 1863-1864 гадоў Кастусю Каліноўскаму, а таксама сучаснаму герою, віцебскаму  актывісту КХП-БНФ, былому палітвязню Сяргею Каваленка. На думку Мартыненкі, толькі масавая культура дазваляе асэнсаваць унікальнасць беларускай нацыі і айчыннай гісторыі. 

Вітаўт Мартыненка        

На пасяджэнні таксама прэзентаваўся “Беларускі архіў вуснай гісторыі на сайце nashapamiac.org, створаны маладым беларускім гісторыкам Ірынай Кашталян. Сярод яго праектаў – збор успамінаў людзей сталага веку, жыхароў вёсак, у тым ліку тых, каторыя месціліся па абодва бакі беларуска-польскай мяжы 1921-1939 гадоў, а таксама перавод на электронныя носьбіты аўдыя- і відэазапісаў на бабінах і касетах.   

Па выніках круглага стала быў прыняты зварот да дэмакратычнай грамадскасці Беларусі з заклікам збіраць і захоўваць дакументальную спадчыну найноўшай айчыннай гісторыі. У бліжэйшы час гэты зварот будзе апублікаваны з улікам змяненняў і дапаўненняў.
 

Каментаваць