Як знайсці праўду, ці Хто там ходзіць з крывымі нагамі?

Чацвёрты год мінчанка дамагаецца, каб медыкі прызначылі ёй эфектыўнае лячэнне, а праваахоўнікі знайшлі вінаватых. Зачапіўшыся за яміну і ўпаўшы на пероне, жанчына паламала нос, разбіла твар і моцна стукнула галаву.



Гэтую паездку ў Скідзель (Гродзенская вобласць) да маці ў сакавіку 2012 года настаўніца Вольга Ласіцкая будзе памятаць яшчэ доўга — зачапіўшыся за яміну і ўпаўшы на пероне, жанчына паламала нос, разбіла твар і моцна стукнула галаву.

Вольга Ласіцкая працягне змагацца за свае правы

«Быў вечар, цёмна, ліхтары свяцілі такім чынам, што цені ад двух цягнікоў абапал перакрывалі перон. Я нават не ўцяміла, што адбылося, — нечакана апынулася на зямлі, а вакол мяне згуртаваліся лю­дзі. Як зразумела пазней, нага саслізнула ў прамежак між зямлёю і перонам (на фота), з-пад якога ад старасці ўжо вымыўся цэмент. Акуляры, рэчы — усё разляцелася, сумку мужчыны дасталі ажно з-пад колаў цягніка», — расказвае Вольга Ласіцкая.

Жанчыну сустракаў брат, які адразу ж адвёз яе ў скідзельскі шпіталь. «Там мяне агледзеў лекар. Паводле медычных стандартаў (пра гэта я ўжо даведалася пазней), ён мусіў зрабіць рэнтген чэрапу і касцей носа, памераць ціск, узяць аналізы. Мне ж толькі зрэзалі скуру з рук, бо яна вісела ашмоццем, залілі раны перакісам вадароду і злёгку абматалі рукі бінтамі — і гэта пры тым, што я ўпала з вышыні ўласнага росту і стукнулася галавою!.. Праўда, лекар спытаўся, ці буду я класціся да іх у шпіталь, калі ж я адказала, што не збіралася, — адпусціў і сказаў звяртацца, калі будзе горш».

Наступныя дні, што жанчына правяла ў мамы, без слёз Вольга згадваць не можа: «Жахліва балела галава, твар ацёк, адну руку не магла разагнуць, раны сталі нагнойвацца, бо ў іх патрапіў пясок з друзам, — Вольга паказвае каменьчык, які застаўся ў яе на далоні пад нарослай скурай, а таксама дробныя шнары на твары. — На трэці дзень брат мяне адвёз у той жа шпіталь, мне нарэшце зрабілі рэнтген і ўбачылі пералом спінкі носа. Тады ж мяне агледзела неўролаг і скіравала на кампутарную тамаграфію галавы ў Гродна. З вынікамі абследавання я вярнулася ў Мінск, прасіла ўчастковага неўролага пакласці ў стацыянар — мне было так дрэнна, падавалася, вочы лопнуць ад болю, аднак мяне лячылі толькі амбулаторна».

Вольга Ласіцкая пасля падзення з перону

Каб легчы ў шпіталь, жанчыне давялося пісаць заяву ў Камітэт па ахове здароўя Мінгарвыканкама.

У Мінску жанчына падала заяву пра здарэнне ў міліцыю, пасля чаго была прызначана судмедэкспертыза. «Падчас гэтай экспертызы мне паставілі толькі дыягназ «пералом спінкі носа», у размове судмедэксперт прама сказаў, што страсенне мозгу ставіць не будзе, каб нікога не падставіць», — кажа Вольга Ласіцкая. Праўда, пасля абскарджвання вынікаў абследавання той судмедэксперт быў звольнены.

За тры гады перапіскі з лекарамі сям’я Ласіцкіх адэкватнага лячэння так і не дамаглася — давялося ехаць за мяжу. Вольга за свой кошт прайшла абследаванні ў Расіі і Польшчы, падчас якіх выявілася, што пасля падзення ў Скідзелі ў чэрапе жанчыны адбыліся незваротныя змены — утварылася кіста, гідрацэфалія (празмернасць вадкасці), атрафіравалася кара мозгу. Пасля заключэння замежных калегаў беларускія медыкі таксама пачалі апісваць гэтыя праблемы, аднак не прызнавалі, што яны звязаныя з ударам галавою аб перон.

«Спачатку мне наогул лячылі астэахандроз і атэрасклероз — маўляў, боль у галаве і мышцах выклікана менавіта гэтым. Але ніякіх падставаў для гэтых дыягназаў не было — халестэрын у норме, лішняй вагі няма, атэраскератычных бляшак таксама… Лячылі проста, каб нешта лячыць, замест дасканалага абследавання галавы», — лічыць Вольга.

Нягледзячы на апатыю і абыякавасць лекараў, Вольга з мужам праявілі незвычайную настойлівасць і прынцыповасць — сустрэліся з міністрам аховы здароўя Васілём Жарко, падалі іск да беларускай чыгункі, а таксама падалі ў суд заяву пра парушэнне арт. 45 Канстытуцыі, які забяспечвае кожнаму грамадзяніну Беларусі права на ахову здароўя. «Жарко прызначыў адмысловую медычную камісію, але прайшла яна халтурна — мне проста адгіналі пальцы на руках і глядзелі, ці вяртаюцца яны ў зыходную пазіцыю. Аднак радуе, што пасля нашай сустрэчы выйшлі новыя, больш дасканалыя стандарты датычна абследаванняў пры чэрапна-мазгавых траўмах», — распавядае Вольга. Суд не прызнаў, што права Ласіцкай на ахову здароўя было парушана, аднак за траўму Вольгі чыгунку прымусілі выплаціць дзесяць мільёнаў рублёў.

«Мы грошаў яшчэ не забіралі, будзем абскарджваць рашэнне: што гэта за сума, калі цяпер штомесяц я трачу каля мільёна рублёў на лекі, некаторыя з якіх, да таго ж, трэба набываць за мяжой? Тым больш, наступствы траўмы галавы — яны на ўсё жыццё. Я і цяпер практычна штораніцу прачынаюся ад галаўнога болю, значна пагоршыўся зрок, баляць вочы».

Аднак галоўная мэта доўгіх перапісак і судоў, кажуць Ласіцкія, не грошы: «Мы хочам дамагчыся, каб кожны чалавек мог своечасова атрымаць паўнавартасную медычную дапамогу. Каб любы ведаў, якія абследаванні павінен праводзіць лекар у тым ці іншым выпадку, і мог параўнаць практычнае лячэнне з тэарэтычнымі медычнымі стандартамі. Уся інфармацыя мусіць быць у свабодным доступе, а не як цяпер, калі даводзіцца ледзь не кляшчамі выцягваць з чыноўнікаў і лекараў звесткі пра дыягназ і ход лячэння. Напрыклад, атрымаць вынікі камісіі, што праводзілася па загадзе Жарко, я змагла толькі пасля суду», — абураная Вольга.

Вольга Ласіцкая звязвае падобную рэакцыю на яе траўму са 150-годдзем беларускай чыгункі, якое адзначалася ў 2012 годзе, — тады ж мянялася і кіраўніцтва: «Людзі з розных рэгіёнаў прэтэндавалі на пасаду кіраўніка беларускай чыгункі. Напэўна, я сапсавала ўсю карціну баранавіцкаму аддзяленню.

Той самы перон з якога звалілася Вольга Ласіцкая

Перад паездкай у Гродна я заходзіла да начальніка станцыі і спыталася, як жа так — я ж забіцца магла на тым пероне! А калі б ішоў нехта іншы і нёс дзіцёнка на руках?.. Начальнік станцыі патэлефанавала свайму кіраўніцтву — дык у яе спыталіся, хто там, маўляў, ходзіць п’яны з крывымі нагамі…»

Дарэчы, пасля здарэння перон адрамантавалі, аднак ці пакаралі кагосьці за здарэнне, жанчына дакладна не ведае — паводле яе інфармацыі, толькі аднаму дарожнаму рабочаму вынеслі вымову.

Былы следчы і цяперашні кіраўнік арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву», якая зараз дапамагае рыхтаваць наглядную скаргу ў гарадскі суд Ласіцкім, Алег Волчак лічыць, што праваахоўнікі і медыкі наўмысна змяншаюць траўмы Вольгі:

Гэтыя траўмы трэба адносіць да цяжкіх цялесных пашкоджанняў, аднак у такім выпадку неабходна заводзіць крымінальную справу. Мы сутыкаемся з праявай суцэльнай карумпаванасці і кланавасці дзяржаўных органаў — чыгуначнікі, лекары, суддзі пакрываюць адзін аднаго. Даўно наспела патрэба не толькі ў судовай рэформе, аднак і ў медычнай. Заканадаўства датычна медыцыны ў нас выдатнае, аднак як яно рэалізуецца на практыцы…

Адсутнічаюць механізмы абароны ад лекарскай безадказнасці, вельмі цяжка пакараць нядбалых лекараў. Калі мы гаворым пра некампетэнтнасць лекара, паўстаюць пытанні — хто яго вучыў, каму ён падпарадкоўваецца, хто пацвярджаў яго кваліфікацыю. Караюць шараговага лекара, а караецца ўся сістэма — аналагічна і з суддзямі. Такіх сем’яў, як Ласіцкія, тысячы, аднак далёка не ў кожнага хапае волі і магчымасцяў паслядоўна адстойваць свае правы і выкрываць заганнасць сістэмы.

Каментаваць