Якая будучыня чакае беларускія гарады?

У Мінcку 31 мая пад эгідай Лятучага ўніверсітэту і Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі эксперты ў публічнай дыскусіі паразважалі на тэму «Горад будучыні: лепшы сцэнар».

У імпрэзе ў якасці выступоўцаў прынялі ўдзел прадзюсер шоу «Горад» Надзея Ількевіч, дырэктар фонду «Інтэракцыя» Іван Шчадранок, галоўны рэдактар Сitydog.by Сяргей Сахараў, а таксама Іван Краўцоў (Бюро 35) і Дзмітрый Бібікаў (Мінская ўрбаністычная платформа). Ініцыятарам і вядоўцай дыскусіі выступіла сацыёлаг, урбаніст Ганна Пазняк.


На думку Надзеі Ількевіч, трэба ў сабе выхоўваць адказнасць за прастору, дзе мы жывем, ладзіць у межах лакальных супольнасцяў сумесныя мерапрыемствы па добраўпарадкаванню асяродка. Ініцыятыва павінна ўзнікаць «знізу». Думаць глабальна, дзейнічаць лакальна. Важным пры гэтым з’яўляецца давер паміж суседзямі.

 

Паводле Дмітрыя Бібікава, узровень экалагічнай пісьменнасці і адказнасці жыхароў беларускага горада пакідае жадаць лепшага. Здаровы сэнс жыхароў мікрараёна і здаровы сэнс прафесійных архітэктараў часта можа адрознівацца. Вельмі важна праводзіць адпаведныя асветніцкія мерапрыемствы сярод насельнікаў горада.

 

Сяргей Сахараў адзначыў, што даволі сур’ёзная стаіць праблема саўковага мыслення ў катэгорыях «сталіца-правінцыя», якая вельмі замаруджвае развіццё рэгіёнаў. З іншага боку малыя гарады маюць добры патэнцыял для развіцця, паколькі там лепш сфармаваныя мясцовыя супольнасці – асноўны рухавік для развіцця сучаснага еўрапейскага горада.

 

Іван Шчадранок пагадзіўся з тым, што рэгіянальныя гарады больш успрымальныя для новых прапаноў і прывёў у прыклад полацкі праект «Гарсвет» (замена лампаў вулічнага асвятлення на энэргаэфектыўныя), а таксама стварэнне ў Полацку сеткі веладарожак.

 

Іван Краўцоў на пытанне «Што можна змяніць у горадзе тут і цяпер?» прызнаўся, што пасля прагляду інтэрнэт-форумаў зразумеў, што людзі ў сваёй масе не гатовыя да дыскусіі на тэму горада, бо пакуль не сфарміраваная сістэма каштоўнасцяў. Другі бок праблемы – надзвычай моцная зарэгуляванасць будаўніцтва, новы аб’ект трэба ўзгадняць з шэрагам ведамстваў, усё завязана на «вертыкаль» улады. У асяродку чыноўнікаў пануе атмасфера страху. Таму прасоўванне і рэалізацыя нейкіх цікавых архітэктурных рашэнняў часта сапраўдны подзвіг.

 

Сяргей Сахараў адзначыў важную ролю прэцэдэнту. Калі, прыкладам, у сталіцы з’яўляецца нейкі цікавы аб’ект (Нацыянальная бібліятэка, офіс Беларускай калійнай кампаніі), потым прасцей прасоўваць прыгожыя нестандартныя рашэнні ў іншых гарадах. Важнасць так званых пілотных праектаў, якія надаюць імпульс развіццю горада адзначыў таксама Дмітрый Бібікаў.

 

Удзельнікі дыскусіі прызналі, што сёння сцэнар развіцця горада пішуць выканаўчыя улады сумесна са спецыялізаванымі інстытутамі. Часта на характар забудовы ўплываюць бізнэс-групоўкі, якія праціскаюць выгадныя ім рашэнні. Але ў ідэале вырашаць, якім будзе горад, мусяць ягоныя жыхары.

 

Дзе ж усё-такі патэнцыял для паляпшэння беларускіх гарадоў? Эксперты лічаць, што шукаць яго трэба ў супольнасцях, які арганізуюцца па тэрытарыяльных альбо каштоўнасных прыкметах. Для нашых гарадоў характэрная наяўнасць занядбаных участкаў, якія ўяўляюць сабой поле для творчасці. Таксама важная адукацыйная праца сярод жыхароў гораду, каб павялічыць маштабнасць мыслення людзей, каб яны глядзелі болей не на вырашэнне кароткатэрміновых асабістых задачаў, а на перспектыву развіцця свайго асяродку.

 

Трэба шчыра любіць свой горад, арыентавацца на ўласную спецыфіку, выкарыстоўваць па максімуму свае перавагі, абапірацца на ўласныя культурныя асаблівасці. Гэта зробіць горад адметным і прывабным.


Каментаваць