Якая рэформа сістэмы вышэйшай адукацыі патрэбная беларускім студэнтам?

1 верасня 2011 уступіў у сілу Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, які паставіў кропку, на думку прэзідэнта РБ, у рэфармаванні сістэмы адукацыі. Пры гэтым Міністэрства адукацыі заяўляе, што неабходна на працягу года праверыць, як Кодэкс прыжывецца, а потым рабіць высновы, ці варта яшчэ што-небудзь мяняць. З іншага боку, чыноўнікі з Міністэрства адукацыі заяўляюць, што ў выніку «будаўніцтва ўнікальнай беларускай мадэлі вышэйшай адукацыі», атрымалася практычна Балонская сістэма.



1 верасня 2011 уступіў у сілу Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, які паставіў кропку, на думку прэзідэнта РБ, у рэфармаванні сістэмы адукацыі. Пры гэтым Міністэрства адукацыі заяўляе, што неабходна на працягу года праверыць, як Кодэкс прыжывецца, а потым рабіць высновы, ці варта яшчэ што-небудзь мяняць. З іншага боку, чыноўнікі з Міністэрства адукацыі заяўляюць, што ў выніку «будаўніцтва ўнікальнай беларускай мадэлі вышэйшай адукацыі», атрымалася практычна Балонская сістэма. І калі ўжо так выйшла, то чаму б не інтэграваць беларускую сістэму ў еўрапейскую, далучыўшыся да Балонскага пагаднення.


                                                                                                                        Дзмітрый Гаменюк

Такое меркаванне дзяржаўных органаў. Некаторыя эксперты з недзяржаўнага асяроддзя адзначаюць: Кодэкс аб адукацыі замацоўвае ў сістэме адукацыі адміністрацыйна-камандны стыль і прынцып вертыкальнага кіравання, чым яшчэ больш аддаляецца беларускую мадэль вышэйшай адукацыі ад еўрапейскай. Пры гэтым ні пра якія акадэмічныя свабоды і ўніверсітэцкую аўтаномію — асноватворныя прынцыпы Балонскага пагаднення — у Кодэксе аб адукацыі не згадваецца.


Беларуская мадэль адукацыі на шляху да Балонскай дамовы

У цэлым, заяўка на ўступленне ў Балонскі працэс Беларусі спараджае вялікую колькасць пытанняў. Тое, што Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, якая не падпісала Балонскай дэкларацыі, не кажа аб тым, што трэба гэты пралом тэрмінова запоўніць. З той сістэмай вышэйшай адукацыі, якая існуе ў Беларусі, яшчэ не час штурмаваць Балонскі працэс.

Асноўным довадам чыноўнікаў з Міністэрства адукацыі на карысць уступлення Беларусі ў Балонскі працэс з'яўляецца гатоўнасць дзяржавы перайсці на двухузроўневую сістэму навучання, наладзіць выпуск дадаткаў да дыплома еўрапейскага ўзору і ўвесці крэдытную сістэму. Укараненне крэдытнай сістэмы і дадатку да дыплома з'яўляецца хутчэй тэхнічным пытаннем, які Беларусь магла б вырашыць ужо даўно. Вылучэнне магістратуры ў асобную прыступку адукацыі (раней яна ўключалася ў аспірантуру) з'яўляецца пазітыўным новаўвядзеннем, якое так і не было якасна завершанае. Колькасць студэнтаў, якія паступаюць у магістратуру, не перавышае 5%, што кажа пра пэўныя праблемы ў гэтай галіне.

Самымі слабымі бакамі беларускай сістэмы вышэйшай адукацыі пры далучэнні да Балонскай сістэмы з'яўляюцца студэнцкая і выкладчыцкая мабільнасць, кантроль якасці адукацыі, уцягванне студэнтаў у кіраванне ВНУ, акадэмічныя свабоды і універсітэцкая аўтаномія. Па кожнаму з гэтых аспектаў можна доўга распавядаць, але зараз варта зразумець, што яны з'яўляюцца найменш адпавядаюць еўрапейскай мадэлі вышэйшай адукацыі. Калі казаць пра нашыя краіны-суседкі (Украіну і Расею), якіх ужо прынялі ў Балонскую сям'ю, то там сітуацыя ў агульным не моцна адрозніваецца ад беларускай, аднак па многіх паказчыках яны значна прасунуліся да Балонскай мадэлі. Балонскі працэс — гэта як начны клуб, куды цяжка патрапіць, але калі атрымаецца, то выйсці адтуль будзе больш складана. Менавіта таму разлічваць на якія-небудзь змены ў сістэме вышэйшай адукацыі можна напярэдадані  ўступлення ў Балонскі працэс, а не пасля.

Што і як рэфармаваць?

На мой погляд, сістэма вышэйшай адукацыі Беларусі мае патрэбу ў фундаментальным рэфармаванні. Але тут узнікаюць два асноўныя пытанні: “што рэфармаваць? і “як рэфармаваць?. Іх варта разглядаць з улікам усіх знешніх і ўнутраных фактараў. Зразумела, першасным з'яўляецца пытанне “што рэфармаваць?. Пад “фундаментальнымі рэформамі я маю на ўвазе тыя змены, што датычацца асноў сістэмы адукацыі. Гэта адносіны паміж суб'ектамі адукацыйнай палітыкі (у тым ліку стварэнне адукацыйнай палітыкі і яе незалежных суб'ектаў), забеспячэнне рэалізацыі прынцыпаў акадэмічных свабод і універсітэцкай аўтаноміі, сістэма падрыхтоўкі педагагічных кадраў, адпаведнае нарматыўнае рэгуляванне адукацыйных адносін. Усе гэтыя аспекты маюць патрэбу ў дадатковых тлумачэннях і канкрэтызацыі, аднак немагчыма ў адным артыкуле выкласці ўсю канцэпцыю рэфармавання.
Адказваць на пытанне “як рэфармаваць? значна больш складана. Неабходна альбо выклікаць бульдозер, руйнаваць усю сістэму і будаваць новую, альбо планамерна і сістэмна ажыццяўляць змены сваімі сіламі. Развіццё першага варыянту магчыма толькі пасля дэмакратызацыі краіны і займання вызначаных пазіцый ва ўладзе. Дадзены сцэнар па аб'ектыўных прычынах цяпер не можа быць рэалізаваны. Развіццё другога варыянту патрабуе наяўнасць у першую чаргу істотных людскіх і інтэлектуальных рэсурсаў. Гэта магчыма ў форме кааліцыі арганізацый і людзей, якая б ажыццяўляла загадзя спланаваную дзейнасць па ажыццяўленню зменаў у сістэме вышэйшай адукацыі. Падача заяўкі Беларуссю на ўступленне ў Балонскі працэс з'яўляецца добрай магчымасцю стымуляваць ўнутраныя змены праз выкананне пэўных умоў, выстаўленых Міністрамі адукацыі краін, якія ўваходзяць у Балонскі працэс, перад прыняццем Беларусі.

Дзмітрый Гаменюк
www.prahrama.by

 

Каментаваць