«Яны прададуць і дзяржаву, і Лукашэнку»

Святлана Коржыч настойвае: яе сына забілі. Паводле версіі маці, ён адмовіўся плаціць «даніну» сяржантам, тыя паставілі яго «на лічыльнік». Пра ўласную версію смерці сына, хаду следства і пра свой намер змяніць беларускую армію жанчына расказала «Радыё Свабода» .


Абвінавачаныя ў справе смерці салдата Аляксандра Коржыча завяршаюць азнаямленне з яе матэрыяламі. Справу могуць перадаць у суд пасля 4 чэрвеня.

Аляксандр Коржыч пайшоў у войска 18 траўня 2017 году. Роўна праз год ягоная маці Святлана ў тым самым пакоі, дзе адзначалі праводзіны, расказвае “Радыё Свабодзе” пра ўласную версію смерці сына, хаду следства і пра свой намер змяніць беларускую армію.

 

Версія маці: «Яго забілі»

У сярэдзіне красавіка Следчы камітэт афіцыйна паведаміў, што асноўная версія прычыны смерці Аляксандра Коржыча — давядзенне да самагубства.

Абвінавачаныя (сярод іх застаўся адзін афіцэр, другога вызвалілі праз тыдзень пасля затрымання) пачалі знаёміцца з матэрыяламі справы. У якасці вынятку гэта дазволілі і Святлане Коржыч. Яна штотыдзень на 2-3 дні прыяжджае ў Менск з Пінску, ідзе ў цэнтральны апарат і гартае сабраныя следчай групай дакумэнты. У справе больш за 30 тамоў, паспець трэба да 4 чэрвеня. З агучанай СК вэрсіяй аб давядзенні да самагубства Святлана Коржыч катэгарычна не згодная.

 

 

«Як я разумею, яго трымалі ў закладніках пасля таго, як пачаў плаціць менш, — расказвае маці загінулага салдата. — Вынікі судова-мэдычнай экспертызы рэзка адрозніваюцца ад тых рэаліяў, якія мы пабачылі, калі нам у Пінск „груз 200“ даставілі. Вайскоўцы вельмі спяшаліся пахаваць сына. Яны не думалі, што мы Сашу пачнем пераадзяваць. Тое, што мы там пабачылі, было страшна. Я асабіста агледзела яго. Сястра мая доктар, наш родзіч быў, хірург-траўматоляг... Дзіркі-праколы на галаве. Я ў Следчым камітэце пытаю пра гэта, мне ніхто нічога сказаць не можа. Навошта шматлікія праколы на галаве рабіліся? На шыі тры дзіркі. Навошта яны? Калі б гэта было самагубства, то ніхто сабе перад павешаннем дзірак не робіць».

Святлана Коржыч настойвае: яе сына забілі. Паводле версіі маці, ён адмовіўся плаціць «даніну» сяржантам, тыя паставілі яго «на лічыльнік», а калі Коржыч не паддаўся, то яго зачынілі ў падвальным памяшканні медпункту, дзе здзекаваліся і фактычна трымалі ў закладніках. Калі зразумелі, што перагнулі палку, некалькі дзён вырашалі, што рабіць далей. Менавіта таму, лічыць маці, месца знаходжання яе сына амаль тыдзень заставалася невядомым.

 

 

«Праблемы пачаліся пасля таго, як сын адмовіўся плаціць, — дадае Святлана Коржыч. — Ён мне сказаў, што надакучыла аддаваць грошы, што разбярэцца сам. І вось пасля гэтага пачаліся ўсе прыгоды. Я лічу, што афіцэр, якому паскардзіўся Саша, пераклаў справу на сяржантаў... Так там і было: салдат пачынаў абурацца, пераставаў плаціць грошы — і яго, як гавораць, пускалі ў расход. У мяне склалася такое ўражанне».


«Калі пабачыла Сашу, плакаць ужо не хацелася»

Пасля падзеяў кастрычніка 2017 году СК пачаў пераглядаць справы аб гібелі і траўмаванні салдатаў у войску за апошнія шэсць гадоў. Некаторыя з іх былі паўторна закрытыя (як справа аб гібелі Арцёма Басцюка), расследаванне іншых працягваецца. Святлана Коржыч гаворыць, што калі б не справа ейнага сына, то ані перагляду справаў, ані судоў «за дзедаўшчыну» не было б.

«Год таму я не магла падумаць, што ў беларускай арміі такое адбываецца, — кажа Святлана Коржыч. — У нас у сям’і неяк не было людзей, звязаных з войскам. У мяне няма братоў, якія б служылі. Аднакласнікі толькі... Але ўжо падчас прысягі сам камандзір сказаў, што трэба салдатам завесці пластыкавыя карткі. Ніякіх прадуктаў не трэба перадаваць, а толькі пералічваць грошы... Там склалася сапраўдная сістэма рэкету... Вы думаеце, кіраўніцтва часткі не ведала? Усе ўсё ведалі».

 

 

Адносіны з вайскоўцамі — для Святланы Коржыч асаблівая тэма. Расказвае, што падчас аднаго з візітаў у вайсковы камісарыят ёй там выказалі незадаволенасць. Маўляў, трэба менш раздаваць інтэрв’ю. І лепш не пісаць у адміністрацыю кіраўніка краіны.

«Мяне асабліва раззлавалі словы міністра абароны пра тое, што ва ўсім вінаватыя школа і выхаванне ў сям’і, — гаворыць Святлана. — Маўляў, ідуць салдаты ў армію непадрыхтаваныя, псіхалагічна не гатовыя. Прабачце, мне хочацца задаць пытанне — у іх саміх ёсць дзеці альбо не? Давайце сустрэнемся. Міністр абароны і генералы з аднаго боку, маці загінулых салдатаў з іншага. І мы ўсе факты раскажам, агучым усе свае прэтэнзіі».

Сустрэча кіраўніцтва беларускага войска з маці загінулых у арміі салдатаў — адна з мэтаў Святланы Коржыч. Яна расказвае, што пасля смерці сына атрымала дзясяткі званкоў ад родных загінулых салдатаў. Некаторыя выпадкі здарыліся яшчэ ў сярэдзіне 90-х, але родныя ўсё ж спадзяюцца дамагчыся справядлівасці. Калі не справядлівасці, то прынамсі пераменаў у войску.

«Чаму ў нас маладыя хлопцы ідуць у армію і там становяцца самагубцамі? Ніхто пра гэта не задумваўся раней, — гаворыць Святлана Коржыч. — Чаму так адбываецца? Суіцыд — і ўсё. Ніхто не будзе суіцыд расследаваць, ніхто не будзе прычынаў высвятляць... Ім было б выгадней, каб я маўчала і плакала. А я вам шчыра скажу: калі пабачыла Сашу, то мне плакаць ужо не хацелася».

 

 

Некалькі месяцаў таму да маці Аляксандра Коржыча проста на рынак, дзе яна гандлюе, прыйшла цэлая дэлегацыя пінскіх жанчын. Выказвалі падзяку за тое, што цяпер стала не так страшна аддаваць дзяцей у армію. Прапаноўвалі абвясціць збор сродкаў на помнік яе сыну. Святлана адмовілася. Сказала, што не будзе хадзіць па горадзе з працягнутай рукой.

«Цяпер у Печах новы камандзір. Уначы ходзіць, правярае, ці ўсё добра, — гаворыць Святлана Коржыч. — Калыханкі салдатам спявае. Глядзіць, як яны ядуць, чым хто займаецца. Ці не чысцяць раптам унітазы зубной шчоткай».

Ці будуць у арміі новыя падазроныя выпадкі суіцыдаў, Святлана Коржыч не ведае. Пасля гэтага пытання адразу згадвае нядаўняе паведамленне аб гібелі салдата пад Менскам. Ён служыў разам з яе сынам, і нават праходзіў сведкам у справе. Паводле афіцыйнай версіі, загінуў ад выпадковых стрэлаў з танкавага кулямёта.

 

 

«У мяне забралі будучыню — у мяне не будзе ні дзяцей, ні ўнукаў»

«Гавораць, што я ўсё выдумала. Пра хамуты з шыпамі, пра здзекі, — абураецца Святлана Коржыч. — У СМІ пішуць, што гэта мае фантазіі. Маўляў, не знайшлі рэчавых доказаў, не знайшлі гэтых хамутоў. Але яны былі. І іншыя метады запалохвання салдатаў былі. Усё было аддадзена ў рукі сяржантаў».

Як кажа Святлана Коржыч, у матэрыялах справы няма некалькіх ключавых, на яе думку, момантаў. Па-першае, вынікі медычнай экспертызы адмаўляюць наяўнасць слядоў гвалтоўнай смерці на целе загінулага салдата. Па-другое, сярод абвінавачаных толькі адзін афіцэр. У справе аб смерці Коржыча былы кіраўнік часткі разам з падначаленымі праходзіць толькі ў якасці сведкі. Святлана Коржыч гаворыць, што неаднаразова звяртала на гэта ўвагу следчых, спрабавала нават асабіста сустрэцца з былымі камандзірамі сына, аднак атрымала папярэджанне ад супрацоўнікаў СК. Маўляў, гэта недапушчальна, і можа быць расцэнена як ціск на сведак.

«Мне цяпер гавораць (у Следчым камітэце. — РС), што Саша мог сам сабе нацягнуць мяшок на галаву і задушыцца, — расказвае Святлана Коржыч. — Сам сабе ногі звязаць перад гэтым. Пра сляды вяровак на запясцях у матэрыялах справы няма ні слова. Няма там фатаздымкаў цела, якія мы рабілі перад пахаваннем (фота ёсць у рэдакцыі Свабоды. — РС). Як так — слядоў пабояў няма? Гавораць, што гэта ўсё трупныя плямы».

 

 

Святлана Коржыч разам з сынавымі сябрамі спрабавала дамагчыся эксгумацыі цела, паўторнай медычнай экспертызы. У СК адмовілі. Фатаздымкі, амаль выпадкова зробленыя падчас пераадзявання цела з вайсковай формы ў цывільнае, — цяпер галоўныя аргументы блізкіх загінулага салдата. Частку з іх Святлана дазволіла выкласці ў агульны доступ у сацыяльных сетках пасля словаў старшыні Следчага камітэту пра адсутнасць слядоў гвалту на целе Аляксандра. Іншыя збіраецца паказаць на судзе.

«Чаму пасля смерці Сашы пачалі расследаваць іншыя выпадкі, атрымаўся такі рэзананс? Прычына і ў сродках масавай інфармацыі, якія пра нас напісалі, — гаворыць Святлана Коржыч. — І дзякуючы грамадскаму водгуку. Цяпер людзі сталі больш актыўныя, не такія песімістычныя, як раней. „Мая хата з краю“. Выступілі за адстаўку міністра абароны. Міністэрства абароны сайт гэты заблакавала. Чаму, чаго яны баяцца?»

Святлана Коржыч гаворыць, што за гэтыя пытанні ўжо некалькі разоў атрымлівала адкрытыя і прыхаваныя пагрозы на свой адрас. Апошні раз у Генеральнай пракуратуры, дзе пасля чарговай размовы з журналістамі яе папярэдзілі пра крымінальную адказнасць за разгалошванне акалічнасцяў расследавання справы. Прасілі маўчаць і ў пінскім СК, і нават невядомыя людзі, якія падыходзілі да яе на рынку.

«Я лічу, што трэба адкрыта аб усім гаварыць. І пытанні задаваць... Я нічога не баюся, — гаворыць Святлана Коржыч. — У мяне забралі будучыню. У мяне не будзе ні дзяцей, ні ўнукаў... Я хачу, каб мы жылі ў праўнай дзяржаве ў цэнтры Еўропы і не баяліся аддаваць сваіх дзяцей у армію. Каб нашы дзеці ішлі ў армію так, як ішоў мой Саша. „Адслужу і буду спаць спакойна“, — як ён гаварыў».

 

 

«Тое, што адбылося з маім сынам, ужо не дзедаўшчына»

«Пасля ўмяшання Лукашэнкі Следчы камітэт заварушыўся, — расказвае Святлана Коржыч. — Датуль праца вялася вельмі пасіўна. Яны нават фатаздымкі з банкаматаў не прагледзелі, хто грошы здымаў з сынавай карткі. Называюць цікавую лічбу — 400 рублёў (такую суму нібыта забралі ў Коржыча сяржанты. — РС). Я толькі на Дзень незалежнасці Сашу адвезла 300 рублёў... Чаму кіраўніцтва часткі праходзіць у справе ў якасці сведак? Чаму Чарнецкі (палкоўнік Канстанцін Чарнецкі — на момант смерці Аляксандра Коржыча камандзір яго часткі. — РС) толькі сведка, чаму маёр-псыхоляг толькі сведка?».

Маці Аляксандра Коржыча таксама расказвае, што пасля гучных заяваў кіраўніка дзяржавы мела сустрэчу з кіраўніцай адміністрацыі Лукашэнкі Наталляй Качанавай. Паводле Святланы Коржыч, у адміністрацыі яе шматкроць запэўнівалі, што справа аб смерці сына будзе расследаваная аб’ектыўна, а Лукашэнка працягвае асабіста за ёй сачыць. Нават у якасці яшчэ аднаго вынятку паабяцалі надаць бясплатнага адваката (дзяржава надае бясплатнага абаронцу толькі абвінавачаным. — РС).

«Я ў адміністрацыі прапанавала сабраць вайскоўцаў з Міністэрства абароны на сустрэчу з маці, чые дзеці загінулі падчас службы ў арміі, — працягвае Святлана Коржыч. — Сабрацца ўсім і задаць ім пытанні. Чамусьці наш міністр абароны ўхіляецца ад адказаў... Магчыма, у прысутнасці Лукашэнкі пачне гаварыць».

Арганізаваць сустрэчу маці загінулых салдатаў з Лукашэнкам яна хоча незалежна ад канчатковых вынікаў расследавання справы аб гібелі сына.

«Тое, што адбылося ў Печах з маім сынам, — гэта ўжо не дзедаўшчына, — гаворыць Святлана Коржыч. — Уявіце: гэтым усім займаюцца нашы кадравыя вайскоўцы... Такія людзі самі падрываюць аўтарытэт нашай арміі. Суды над прапаршчыкамі і сяржантамі, якія цяпер пачаліся па ўсёй краіне, — гэта ўсё дзякуючы майму сыну... Мы цяпер бачым, што робіцца ў арміі. Гэтыя людзі за грошы прададуць каго заўгодна. І нас з вамі прададуць, і дзяржаву, і Лукашэнку таксама».

Знаёмства абвінавачаных ды іхных адвакатаў з матэрыяламі справы аб смерці Аляксандра Коржыча павінна скончыцца да 4 чэрвеня. Паводле працэдуры, пасля гэтага яе перададуць у суд. Працэс можа пачацца ўжо ў ліпені. На ім збіраюцца пастаянна прысутнічаць не толькі родныя і сябры Аляксандра Коржыча, але і блізкія іншых загінулых у беларускім войску салдатаў.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Владимир
  • 2018-05-21 15:18:55
Что-что, а прятать концы в воду эта армия за времена социализма научилась. Дело представили таким образом, чтобы хоть как-то скрыть тот позор, что творится в современной армии. И больше всех в этом заинтересовано высшее командование этой...(не поворачивается язык называть это армией). Министр обороны повел себя непорядочно по отношению к матери солдата, оборонял прежде всего свою должность.

Каментаваць