Яраслаў Грышчэня: нельга змагацца з сістэмай лозунгамі

Прыняты напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 года артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса (дзейнасць незарэгістраванага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі альбо фонду) хутка быў задзейнічаны на практыцы для барацьбы з актывістамі няўрадавых арганізацый. На 1 чэрвеня 2009 года праваабаронцы зафіксавалі 17 выпадкаў, калі грамадзяне Беларусі былі асуджаныя паводле артыкула 193.1.



Прыняты напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 года артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса (дзейнасць незарэгістраванага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі альбо фонду) хутка быў задзейнічаны на практыцы для барацьбы з актывістамі няўрадавых арганізацый. На 1 чэрвеня 2009 года праваабаронцы зафіксавалі 17 выпадкаў, калі грамадзяне Беларусі былі асуджаныя паводле артыкула 193.1.

Лёс фігурантаў гэтых спраў склаўся па-рознаму. Некалькі чалавек з’ехалі за мяжу: нехта на працу, нехта на вучобу. Большасць жа з іх засталіся ў Беларусі і працягваюць сваю дзейнасць у НДА розных накірункаў.

Напрыклад, лідэр “Маладога Фронту Зміцер Дашкевіч пасля адбывання тэрміну ў калоніі працягвае сваю дзейнасць у палітычным рэчышчы. Эніра Браніцкая працуе ў камітэце “Салідарнасць, дапамагае тым, хто пацярпеў за сваю нязгоду з цяперашняй дзяржаўнай сістэмай. Аднак не варта забывацца пра тое, што ўсе фігуранты спраў па артыкулу 1931 — поўныя імпэту маладыя людзі. Рынуўшыся з галавой у адстойванне сваіх ідэалаў і перакананняў, яны сутыкнуліся з рэпрэсіямі, што не магло не паўплываць на іх светапогляды. 

Моладзевы актывіст з гораду Баранавічы Яраслаў Грышчэня быў асуджаны за парушэнне артыкулу 193.1 Крымінальнага кодэксу ў верасні 2007 года. Падчас судовага разбіральніцтва пракурор прапанаваў пакараць актывіста адным годам пазбаўлення волі ўмоўна. Суддзя Васіль Петрыў прысудзіў Яраславу штраф у 30 базавых велічынь.

Яраслаў з’ехаў вучыцца ў Польшчу па праграме Каліноўскага — у Познанскі універсітэт, калегіум еўрапейскі ў Гнезна. Аптымістычны па жыцці Яраслаў прыйшоў да прыкрых высноў, ацаніўшы сваю сітуацыю на адлегласці двух гадоў.

— Гэтыя прысуды далі мне зразумець, што шараговыя людзі ў апазіцыі — прабачце — толькі «мяса». Пасля майго суду недзе два тыдні журналісты тэлефанавалі, цікавіліся, а пасля ўсё. І так не толькі са мною, з усімі. Я разумею, што журналісты працуюць на падзею і навіны, але размова больш пра кіруючыя вярхі. Лідэры пэўных палітычных структур, калі ім трэба, пачынаюць шукаць падтрымку маладых. А без уласных матываў — маўчок. Мне падаецца, што апазіцыя сама па сабе перспектыў не мае, іх маюць людзі, якія трымаюцца на ідэі.

На ўсе нашы справы была замова «зверху». Я ішоў на суд і сам сабе рабіў стаўкі: ці штраф, ці тэрмін. Гэта было шоу, паказальнае шоу. У 2006 годзе пасадзілі Цімафея Дранчука. Чым скончылася? Пагаварылі некаторы час і забыліся, але высноў для сябе ніхто не зрабіў. Напрыклад, што з сістэмай крыкам і лозунгамі немагчыма змагацца. Бо асноўная маса людзей мае свае каштоўнасці і патрэбы, адрозныя ад дэкларуемых апазіцыяй. Сістэму можна перамагчы такой жа самай сістэмай. Мы нічога не зрабілі для развіцця мыслення людзей. Падчас усіх кампаній трацяцца грошы на нейкую атрыбутыку, мёртвыя праекты. А добрыя кнігі выдаюць невялікім накладам. Дарэчы, мне падаецца, што вельмі добрай ідэяй быў выпуск серыі музычных дыскаў «За свабоду».

— Ты атрымаеш еўрапейскі дыплом, і што далей?

— Прыеду ў Беларусь і буду самарэалізоўвацца. Мне цікавая сфера музыкі. У Беларусі ёсць шоу-бізнес і ёсць музыка. У першым поўнае фуфло, хаця там многа грошай, ёсць яшчэ канцэрты «За Беларусь». Гэта ўвогуле супер! Чалавек спіць дома, а заўтра выходзіць і пяе, бо яго паклікалі. Дык вось гэта мне не цікава. Я хачу займацца менавіта музыкай. У нас ёсць добрыя выканаўцы і кантынгент пад іх. Толькі што гэтым мала хто займаецца. Але ў цэлым, каб нешта рабіць, трэба прыкрыць пасаду ідэолага. Напрыклад, мы хацелі правесці ў Баранавічах «Ноч пажыральнікаў рэкламы», дык кіраўніца мясцовага аддзела ідэалогіі адмовіла. Хаця ўсе ўстановы пагадзіліся.

— На Захад і ў Расію з’язджае шмат моладзі, якая шукае сваё месца пад сонцам. А ты не хочаш застацца за мяжой?

— На Захад дакладна з’язджаюць касякамі, прычым рознымі спосабамі. Я асабіста ведаю тых, хто з’ехаў па псеўдапалітычнай лініі. Я вельмі паважаю працу камітэта «Салідарнасць» і Іны Кулей, але адбор тых жа навучэнцаў на праграму Каліноўскага мусіць быць больш жорсткім.

Што тычыцца эміграцыі, дык тут, у Еўропе, усім усё роўна.  Гавораць: «Мы б хацелі нешта зрабіць для падтрымкі беларусаў». Але як даходзіць да справы, то звычайна на словах усё і заканчваецца. Ва ўсіх свае справы і сваё жыццё. Ніхто не будзе вас тут чакаць з шырокімі абдымкамі.

— Цяпер тваё жыццё паміж дзвюма краінамі. Нейкімі назіраннямі падзелішся?

— У Беларусі за гэтыя два гады нічога не змянілася, акрамя коштаў і заробкаў. Першыя растуць, другія — падаюць.

Каментаваць