Яшчэ 11 “палітычных” вярнуліся да сваіх сем’яў

Кіруючыся прынцыпамі гуманнасьці Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ аб памілаванні 11 асоб, асуджаных за ўдзел у вулічных беспарадках у Менску 19 снежня 2010 года. Раней была агучаная інфармацыя, што Лукашэнка падчас перамоў з міністрам замежных спраў Балгарыі Нікалаем Младэнавым паабяцаў да сярэдзіны кастрычніка вызваліць усіх палітвязняў.



Кіруючыся прынцыпамі гуманнасьці Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ аб памілаванні 11 асоб, асуджаных за ўдзел у вулічных беспарадках у Менску 19 снежня 2010 года. Раней была агучаная інфармацыя, што Лукашэнка падчас перамоў з міністрам замежных спраў Балгарыі Нікалаем Младэнавым паабяцаў да сярэдзіны кастрычніка вызваліць усіх палітвязняў.

Польская газета Rzeczpospolita са спасылкай на крыніцу ў МЗС Польшчы паведаміла, што на сустрэчы з Лукашэнкам Младзенаў павінен быў прапанаваць беларускаму лідару аднаўленне адносінаў з Еўрасаюзам і 2 млрд еўра ў абмен на вызваленне ўсіх палітзняволеных да канца 2011 года. Аднак МЗС Балгарыі катэгарычна абверг гэтыя звесткі.

Памілавання Аляксандар Атрошчанкаў, Дзьмітрый Буланаў, Ільля Васілевіч, Павал Вінаградаў, Аляксандар Класкоўскі, Мікіта Ліхавід, Уладзімер Лобан, Аляксандар Малчанаў, Фёдар Мірзаянаў, Дзмітрый Новік, Алег Федаркевіч не прасілі.

“Пачынаючы з пятніцы настойліва прасілі напісаць прашэнне аб памілаванні. Не тое, каб настойліва, хутчэй надакучліва. Але я сказаў, што не буду гэта пісаць, бо расцэньваю як здраду маіх таварышаў са свайго боку, -- сказаў Аляксандр Атрошчанкаў, які быў прэс-сакратаром экс-каныдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.

Мікіта Ліхавід актывіст руху “За свабоду быў асуджаны на 3,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён адмаўляўся прызнаваць законным свой прысуд, не ішоў на супрацу з адміністрацыяй калоніі. За што і правёў у штрафным ізалятары 81 суткі.

-- У мяне звычайная біяграфія, такіх мільёны Дзіцячы садок насупраць, школа за вуглом. Проста кожны сам для сябе выбірае свой шлях, -- дзяліўся перажываннямі пасля вызвалення схуднелы і бледны, але не зломлены Мікіта Ліхавід. -- Проста трэба жыць і думаць іншымі катэгорыямі, не сваім страўнікам. Там ламаюць людзей менавіта гэтым: у іх забіраюць магчымасць добра харчавацца, займацца нейкімі фізічнымі практыкаваннямі, атрымліваць перадачы, званіць родным. Абсалютна бытаыя дробязі, людзі на свабодзе гэтага не разумеюць. Там гэтага ўсяго пазбаўляюць. Але пры гэтым людзі, якія дабраахвотна адмаўляюцца ад гэтага, становяцца больш моцнымі. Я пабачыў людзей, якіх не зламаць, мне гэта спадабалася. Я правёў 81 суткі ў штрафным ізалятары. Але я паказаў, што сядзець можна не так, як яны хочуць, а сядзець можна прыстойна.

Усяго па справе аб масавых беспарадках 19 снежня асуджана 43 чалавекі. Першыя дзевяць асуджаных былі памілаваны Лукашэнкам 11 жніўня: Дзмітрый Дрозд, Арцём Грыбкоў, Сяргей Казакоў, Васіль Парфянкоў, Яўген Сакрэт, Уладзімір Яроменак, Аляксандр Квяткевіч, Віталь Мацукевіч і Уладзімір Хамічэнка. 1 верасня ён памілаваў яшчэ чацвярых — Алеся Кіркевіча, Андрэя Пратасеню, Алега Гнедчыка і Дзмітрыя Дароніна.
 

Каментаваць