Яшчэ адно папярэджанне і яшчэ адзін выклік у КДБ

27 лютага карэспандэнтцы Радыё “Рацыя Гражыне Шалкевіч уручылі ў Гродзенскай абласной пракуратуры афіцыйнае папярэджанне за супрацоўніцтва з замежным сродкам масавай інфармацыі без акрэдытацыі.



27 лютага карэспандэнтцы Радыё “Рацыя Гражыне Шалкевіч уручылі ў Гродзенскай абласной пракуратуры афіцыйнае папярэджанне за супрацоўніцтва з замежным сродкам масавай інфармацыі без акрэдытацыі.

“Мне паказалі раздрукоўкі з інтэрнэт-старонкі “Рацыі. Гэта былі матэрыялы пра ўгодкі паўстання Каліноўскага, якія адзначаліся ў Свіслачы, таксама пра бэтлеемскі агонь і яшчэ адзін матэрыял. На маё пытанне, чаму менавіта гэтыя матэрыялы былі абраныя, каб мне іх паказаць, пракурор сказаў, што не хацелі ўсіх друкаваць, проста якія патрапіліся, тыя і выдрукавалі..., — распавяла журналістка калегам з “Рацыі. 

Намеснік начальніка аддзелу пракуратуры Гродзенскай вобласці В.І.Паведайка нагадаў, што ў красавіку павялічваецца памер базавай велічыні, і пры выкрыцці новых фактаў супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі ёй пагражае ад 20 да 50 базавых велічынь згодна з Адміністратыўным кодэксам.

27 лютага з’явілася таксама інфармацыя пра тэлефонны выклік на “размову ў Гродзенскае ўпраўленне КДБ сябра ГА “БАЖ Андрэя Мялешкі. Журналіст адмовіўся на такую сустрэчу без пісьмовай позвы. Па тэлефоне яму не сказалі, чаго канкрэтна мае тычыцца размова.

Нагадаем, што 30 студзеня Гражыну Шалкевіч вусна папярэдзілі ў КДБ аб недапушчальнасці супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. Ад гэтай жа структуры атрымаў 22 лютага вуснае папярэджанне стваральнік сайта “Свабодны рэгіён з Полацку Яўген Парчынскі.

21 лютага у Гродзенскай абласной пракуратуры ўручылі пісьмовыя папярэджанні карэспандэнту Радыё “Рацыя Віктару Парфёненку і незалежнаму тэлежурналісту Алесю Дзянісаву, а 16 лютага  — незалежнаму тэлежурналісту Міколу Дзятчэню.

Такім чынам, на сёння незалежныя журналісты і сябры ГА “БАЖ маюць ужо 6 вусных і пісьмовых папярэджанняў ад органаў пракуратуры і КДБ.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Каментаваць