Яшчэ адзін маладафронтавец за кратамі

Яшчэ дванаццаць сутак правядзе ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў Мінску актывіст зарэгістраванай у Чэхіі Міжнароднай моладзевай арганізацыі “Малады фронт Раман Васільеў. Рашэнне аб чарговым адміністратыўным арышце юнака 28 мая прыняла суддзя суда Маскоўскага раёна сталіцы Таццяна Мотыль.



Яшчэ дванаццаць сутак правядзе ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў Мінску актывіст зарэгістраванай у Чэхіі Міжнароднай моладзевай арганізацыі “Малады фронт Раман Васільеў. Рашэнне аб чарговым адміністратыўным арышце юнака 28 мая прыняла суддзя суда Маскоўскага раёна сталіцы Таццяна Мотыль.

Раман Васільеў 26 мая павінен быў выйсці на волю пасля адбыцця дванаццацісуткавага адміністратыўнага арышту, да якога яго асудзілі за вывешванне бел-чырвона-белага сцягу ў дзень сямнаццатай гадавіны рэферэндуму (14 мая 1995 года), у выніку чаго была зменена дзяржаўная сімволіка, а руская мова набыла статус другой дзяржаўнай. Тым не менш, актывіста на свабоду не адпусцілі, але склалі новы пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні. Як паведаміла “Новаму часу намеснік старшыні “Маладога фронту Наста Палажанка, новая адміністратыўная справа была ўзбуджаная паводле артыкула 17.1 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях (дробнае хуліганства).

Справа Рамана Васільева — далёка не першая ў шэрагу аналагічных спраў супраць актывістаў, і перш за ўсё – маладафронтаўцаў. Як адзначае Наста Палажанка, “бачна, што ўсе гэтыя арышты напачатку былі звязаныя з тым, што, магчыма, пасля змены кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных справаў перад ім была пастаўленая задача знішчыць “Малады фронт, а па-другое, як нам стала вядома, улады рыхтуюцца да прыезду Пуціна і “чысцяць тэрыторыю.

Наста Палажанка лічыць, што невыпадкова менавіта моладзь трапляе ў жорны праваахоўнай сістэмы Беларусі. “Сапраўды, улады выкарыстоўваюць адміністратыўныя арышты дзеля знішчэння арганізацыяў, знішчэння людзей як асобаў. Бо грамадства звыклася з адміністратыўнымі арыштамі, гэта не падаецца яму праблемаю, таму няма рэакцыі ні з боку беларускай, ні з боку міжнароднай супольнасці на тое, што адбываецца. І гэта развязвае ўладзе рукі, каб без завядзення крымінальных справаў, з дапамогаю пятнаццацісуткавых арыштаў ізаляваць людзей. Некаторыя актывісты за паўгода правялі ў такіх арыштах больш за сто сутак, — падкрэсліла намеснік старшыні “МФ.

Сталася ўжо прыкрай нормай, што актывістаў дэмакратычнага руху абвінавачваюць у тым, што яны лаяліся матам у грамадскім месцы нават тады, калі яны знаходзяцца за кратамі ці ва ўласных кватэрах. І яшчэ больш прыкра, што на гэтую бязглуздзіцу ніяк не рэагуюць суды, якія наадварот без усялякіх сумненняў пасля непрыхаваных ілжэсведчанняў так званых праваахоўнікаў адпраўляюць людзей за краты. Дык пра якую прававую дзяржаву можа ісці гаворка?
 

Каментаваць