Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Яшчэ адзін выпадак суіцыду ў войску?

Стала вядома яшчэ аб адным факце суіцыду ў вайсковай частцы ў Печы. Трагедыя адбылася з маладым хлопцам з Калінкавіч Міхаілам Бевзюком у 2015 годзе.
Міхаіл Бевзюк, фота з сацыяльных сетак

Міхаіл Бевзюк, фота з сацыяльных сетак

Родны брат загінулага Юрый Бевзюк на прыёме ў праваабаронцы Леаніда Судаленкі распавёў падрабязнасці трагедыі, якая адбылася з яго братам Міхаілам вясной 2015 года, піша gomelspring.org. З дапамогай юрыста ў СК па Мінскай вобласці накіравана заява на ўзбуджэнне крымінальнай справы ўжо па факце давядзення маладога салдата да самагубства.

19 сакавіка 2015 года радавы Міхаіл Бевзюк, які навучаўся ў Печах на наводчыка БМП патэлефанаваў брату Юрыю і папрасіў прыехаць да яго ў бліжэйшыя выходныя. Салдат прадыктаваў неабходныя рэчы, якія трэба прывезці. 20 сакавіка Міхаіл патэлефанаваў яшчэ раз і ўдакладніў, ці не забыўся брат на што-небудзь са спісу запытаных рэчаў. А раніцай 21 сакавіка Юрыю патэлефанавалі з часткі і спыталі нумар маці, бо адбылася "невялікая надзвычайная сітуацыя — Міхаіл павесіўся".

«22 сакавіка яго прывезлі, была даволі халоднае надвор'е. У хату мы яго не заносілі, не пераапраналі, бо яго прывезлі пазней, чым дамаўляліся, і трэба было ўжо хаваць. На ім было так шмат пудры, што калі да яго дакраналіся, усе рукі былі ў ёй. Ваенныя, якія яго прывезлі, вельмі спяшаліся, спасылаючыся на тое, што ім трэба вяртацца ў частку. Але ў гэты дзень ішоў снег. У пэўны момант з'явілася сонца, растапіла снег на яго твары і вада змыла частку пудры каля вачэй — там быў вельмі вялікі сіняк. І зноў ваенныя пачалі прыспешваць. Калі брата закопвалі, яны далі маці ў рукі канверт, там было каля 10 млн. руб. і хутка з'ехалі», — з мокрымі вачыма распавёў пра трагедыю сваёй сям'і Юры Бевзюк.

Юрый Бевзюк, фота Леаніда Судаленкі

Юрый Бевзюк, фота Леаніда Судаленкі

Праваабаронца Леанід Судаленка кажа, што за апошнія два гады гэта ўжо трэці выпадак суіцыдаў у вучэбке ў Печах. «Ніхто ж не аспрэчвае таго факту, што ў беларускае войска заклікаюць выключна здаровых хлопцаў. І калі на пятым месяцы службы малады здаровы салдат губляе, як пра гэта нас пераконвае следства, розум і добраахвотна сыходзіць з жыцця, што адбываецца з яго псіхікай за такі кароткі прамежак часу?», — задаецца пытаннем юрыст.

Сям'я Бевзюкоў шматдзетная. Галава сям'і памёр у 2000 годзе, выхаваннем пяцярых дзяцей займалася маці, якая працуе даяркай. У сувязі з апошнімі фактамі вакол гібелі ў Печах радавога Коржица сям'я лічыць, што іх салдата таксама маглі давесці да самагубства.

Каментаваць