Яўген Васьковіч правёў у ШЫЗА 247 сутак

Адзін з сябраў аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Яўген Васьковіч, які з кастрычніка 2011 года адбывае пакаранне ў турме №4 у Магілёве, за час зняволення правёў у штрафным ізалятары (ШЫЗА) 247 сутак.



Пра гэта паведаміла прэс-служба БХД. У сярэднім за месяц маладзён праводзіць у ШЫЗА 18–20 дзён.

Паводле інфармацыі адказнага сакратара БХД Дзяніса Садоўскага, Васьковіч і гэты Новы год сустрэў у штрафным ізалятары. Турэмная адміністрацыя абгрунтоўвае накіраванні палітвязня ў ізалятар пераважна «адмоваю выконваць законныя патрабаванні супрацоўнікаў турмы».

Цяпер пры росце 186 сантыметраў маладзён важыць толькі 65 кілаграмаў. Паводле прэс-службы БХД, Васьковіч нерэгулярна атрымлівае лісты і бандэролі.

Як адзначыў у каментары НЧ намеснік старшыні незарэгістраванага Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч, адміністрацыі турмаў і калоніяў часта спецыяльна аддаюць распараджэнні, загадзя ведаючы, што вязень не будзе іх выконваць. Такім чынам пры пэўнай патрэбе чалавека могуць «падвесці» пад артыкул 411 Крымінальнага кодэкса Беларусі (сістэматычнае невыкананне патрабаванняў адміністрацыі пенітэнцыярных установаў), што можа пацягнуць за сабою судовае разбіральніцтва, а вязень — атрымаць дадатковы тэрмін пазбаўлення волі. Валянцін Стэфановіч нагадаў, што такім чынам улады абышліся з лідарам «Маладога фронту» Змітром Дашкевічам.

«Відаць, такім чынам абыходзяцца і з Васьковічам, ведаючы, што ён не будзе выконваць патрабаванняў, якія могуць змяніць ягоны статус у месцах пазбаўлення волі. Змяшчэнне яго ў ШЫЗА трэба адназначна разглядаць як форму ўціску на вязня. Да таго ж, умовы знаходжання ў ШЫЗА выклікаюць у нас вялікую крытыку, мы лічым знаходжанне там бесчалавечным абыходжаннем і катаваннямі. У штрафным ізалятары людзі не могуць нармальна спаць, удзень яны нават не могуць сядзець на шконках, бо яны на дзень прыкручваюцца да сценкі, вязні зведваюць недахоп свежага паветра. І тое, што Васьковіч важыць так мала пры такім росце, сведчыць, што ён відавочна мае недахоп і ў харчаванні. Так што ўсё адбіваецца на вязнях самым адмоўным чынам», — падкрэсліў юрыст і праваабаронца.

Нагадайма, што за спробу падпалу ў ноч на 17 кастрычніка 2010 года будынку мясцовага КДБ у Бабруйску былі асуджаныя Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Павел Сырамалотаў. Ім інкрымінавалі парушэнне часткі 2 артыкула 339 (злоснае хуліганства) і часткі 3 артыкула 218 (наўмыснае пашкоджанне маёмасці ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Вырак — па сем гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 

Каментаваць