Яўка коштам сумлення, ці Навошта «карусельшчыцы»

Выглядае на тое, што на трэці дзень датэрміновага галасавання перад выбарчымі камісіямі паставілі новую звышзадачу: забяспечыць прыстойны адсотак прагаласаваўшых. Пры тым, што дабраахвотна на выбары мала хто збіраецца.


У хаду ідуць усе сродкі. Назіральнікі адзначаюць масавыя выпадкі арганізаванага галасавання групамі людзей сярэдняга веку (пераважна жанчын). Групкі асобаў, як мяркуецца, перамяшчаюцца ад участка да ўчастка і галасуюць па некалькі разоў. Часцей за ўсё гэта бяспраўныя супрацоўніцы бюджэтных устаноў, якія моцна залежаць ад настрояў мясцовага начальства. Адзіная мэта гэтага прадстаўлення ў тым, каб увесці ў зман назіральнікаў, што дзяжураць на участках, і ажыццяўляюць пагалоўны падлік выбаршчыкаў.



Мне самому не да канца верылася, што ўсё настолькі кепска, пакуль я ў якасці эксперыменту не паўдзельнічаў у назіранні пры датэрміновым галасаванні на выбарчым участку № 607 Каліноўскай акругі 108.

Вось некаторыя лічбы.

У першы дзень датэрміновага галасавання на ўчастку з колькасцю выбаршчыкаў 2192 прагаласавала 18 выбаршчыкаў, у другі дзень — 17 выбаршчыкаў. Яўка, як бачым, невысокая (менш за 1% за дзень) і для свабоднага датэрміновага галасавання цалкам рэалістычная. Выніковыя лічбы за першы і другі дзень у назіральнікаў і ў сябраў камісіі супадалі.

Але на трэці дзень здарылася нешта незвычайнае. Таму варта прасачыць дынаміку галасавання больш пільна. 1-я гадзіна — 4 чалавекі, 2-я гадзіна — 2 чалавекі, 3-я гадзіна — 4 чалавекі, 4-я гадзіна — 9 чалавек.

У другой палове дня 1-я гадзіна — 29 чалавек(!), 2-я гадзіна — 27 чалавек(!!), 3-я гадзіна — ніводнага чалавека. Прычым з 16 да 17.30 людзі ішлі да скрыні так шчыльна, што датэрмінова паспела прагаласаваць 52 чалавекі (!). У калідоры у гэты прамежак часу стаялі маўклівыя жанчыны ў пакорлівым чаканні. Цікава, што старшыня выбаркаму рашуча спыняла спробы назіральніка паразмаўляць з гэтымі жанчынамі па-за межамі участка.


Тым не менш, жанчыны паспелі прызнацца, што чакаюць чаргі на галасаванне. Адна з іх дадала, што шукае нейкую Аксану Іосіфаўну, і працягнула паперку для яе. Старшыня камісіі Аксана Іосіфаўна тут жа аказалася побач, але, праігнараваўшы жанчыну, зашыпела на назіральніка — ён яўна быў лішні ў такой далікатнай справе.


Старшыня з жанчынай схаваліся ў службовым памяшканні вырашаць нейкія свае патаемныя пытанні. Назіральнік, які знаходзіўся ў гэты час па-за выбарчым участкам, зрабіў некалькі здымкаў дзіўнай дэлегацыі разам са старшынёй камісіі, якая выйшла пасля патаемных перамоў. Што тут пачалося! Ад назіральніка запатрабавалі выдаліць здымак. Ён культурна адмовіўся гэта рабіць. Тады дзве жанчыны ўхапіліся за парэнчы дзвярэй параднага ўваходу Белтэлекама, каб не выпусціць назіральніка на вуліцу, далібог нібыта спрабавалі ўзяць у закладнікі. Назіральніку давялося звярнуць на гэткае бязмежжа ўвагу дзяжурнага міліцыянта, але куды яму супраць такіх жанчын. Урэшце, назіральнік усё-такі асцярожна адсунуўшы “тэрарыстак”, адкрыў дзверы і паехаў па пільных справах.

Загадкавыя жанчыны-выбаршчыцы таксама зніклі, зніклі і чэргі да стала з бюлетэнямі. Як паведаміў назіральнік, што застаўся на участку, за паўгадзіны прыйшло 4 чалавекі, за апошнюю гадзіну — 0.


Але і гэта яшчэ не ўсё. За сталом з выбарчымі бюлетэнямі з 18 гадзін пачалося, са слоў назіральніка, нездаровае ажыўленне. Камісія актыўна працавала над спісамі выбаршчыкаў і адкладала частку бюлетэняў. Усе дыялогі вяліся паўшэптам, альбо праз паведамленні на паперках. Лічбы ў пратаколе за трэці дзень галасаванне былі больш чым нечаканымі для тых, хто лічыў усіх прагаласаваўшых цягам дня і налічыў 75 чалавек, бо паводле дадзеных камісіі, за дзень прагаласавала 236(!!!) выбаршчыкаў.

Не варта забывацца таксама пра выкарыстанне старых правераных тэхналогій падвышэння яўкі, асабліва ў студэнцкім асяродку, калі выбарцаў угаворваюць ці ім настойліва рэкамендуюць прагаласаваць датэрмінова, абяцаючы наўзамен уяўныя альбо рэальныя перавагі. Пакуль народ дазваляе, маштабнае датэрміновае галасаванне (і нават яго імітацыя), вынікі якога дужа цяжка абараніць ад магчымых маніпуляцый, дасць патрэбны ўладам вынік.


Каментаваць