Еш, пі, весяліся!

Пакуль Чэмпіянат свету па хакеі яшчэ не скончыўся, але нашыя гандлёвыя кропкі ды іншыя зацікаўленыя асобы падводзяць папярэднія вынікі. І гэтыя вынікі надаюць аптымізму. Такі аптымізм іншым разам даходзіць нават да фанатызму, але тым не менш…



Як паведамілі ў Галоўным упраўленні спажывецкага рынку (ГУСР) Мінгарвыканкама, замежныя госцейкі актыўна трацяць свае грошы ў беларускіх гандлёвых кропках. Таваразварот за 10 дзён працы гандлёвых пунктаў на дзвюх спартыўных арэнах, у фан-зонах і ў трох зонах гасціннасці чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску склаў 28,1 мільярда рублёў.

З 9 па 18 мая рэалізавана больш за 244,3 тысяч літраў піва, прададзена 16,5 тон шашлыку, больш за 34 тоны каўбасак і курыных крыльцаў. Такое ўражанне, што нашы госці на Чэмпіянат свету прыехалі з галоднага краю. За 10 дзён рэалізавана прадукцыі: у «Мінск-Арэне» — на 8,9 мільярда рублёў, прададзена піва 1 686 кегаў, ці 84,3 тысячы літраў; у «Чыжоўка-Арэне» — на 4,2 мільярда рублёў, прададзена піва 770 кегаў, ці 38,5 тысячы літраў; каля Палаца спорту — на 10,3 мільярда рублёў, прададзена піва больш чым 42,6 тысячы літараў, 11,9 тон шашлыку, сувеніраў рэалізавана на 437 мільёнаў рублёў; у «Студэнцкай вёсцы» — на 4,2 мільярда рублёў, прададзена піва каля 76,8 тысячы літраў, наведалі зону гасціннасці больш чым 68 тысяч чалавек; у раёне Мінскага лядовага палаца спорту — 0,5 мільярда рублёў, 2,1 тысячы літраў піва, сувеніраў на 19 мільёнаў рублёў.

Самай вялікай пляцоўкай, якая наведваецца найчасцей, стала зона гасціннасці каля Палаца спорту. Яе плошча складае 13 тысяч квадратных метраў, працуюць буйныя гандлёвыя прадпрыемствы з магутнай вытворчай базай, забяспечана больш чым 2 тысячы пасадачных месцаў, у абслугоўванні задзейнічана прыкладна 400 чалавек гандлёвага персаналу. Зона гасціннасці працуе да апошняга пакупніка, фактычна з 10 раніцы да 3–4 гадзін ночы. Рэалізацыя шырокага асартыменту прадукцыі ўласнай вытворчасці забяспечваецца ў пастаянным рэжыме: аладкі бульбяныя з мясам, дранікі, шашлык, каўбаскі і крыльцы грыль, сасіскі, блінчыкі, смажанка і інш. Завоз прадукцыі ажыццяўляецца ў начны час да 8 раніцы і пры неабходнасці — на працягу дня.

На памяць аб Мінску і чэмпіянаце свету госці набываюць у якасці сувеніраў часцей за ўсё матрошкі, магніты, вырабы з лёну, а таксама вырабы традыцыйных беларускіх мастацкіх рамёстваў: пляценне з лазы і саломы, каванне металу, ткацтва, вышыўка, бондарства, разьба па дрэве, апрацоўка каменя, скуры, выраб паштовак, лялек і інш.

У зоне гасціннасці «Студэнцкая вёска» ў сярэднім штодзённа рэалізуецца больш чым 300 кг дранікаў са смятанай, якія сталі хітом продаж. Акрамя таго, карыстаюцца попытам вушы свіныя марынаваныя, крыльцы і каўбаскі грыль, шашлык, бульба фры, морква і капуста марынаваныя. Да 12 гадзін дня ўсім ахвотным тут бясплатна прапаноўваецца кубак гарачага булёну (што вельмі карысна «пасля ўчорашняга»).

Пасля такіх лічбаў разумееш — беларусы сапраўды самая гасцінная нацыя. Мы здольныя ў выпадку чаго накарміць і напаіць увесь сусвет. Калі гэты сусвет, зразумела, да нас звернецца — толькі прыязджайце.

Але крыху больш сумна гэта выглядае, калі паглядзець на выдаткі. Бо стварэнне толькі адной фан-зоны, размешчанай побач з комплексам Мінск-Арэна, абышлося беларускім падаткаплацельшчыкам у 12 мільярдаў рублёў, паведаміў менеджар дырэкцыі чэмпіянату свету Пётр Рабухін. А такіх зонаў у нас — пяць штук.

Да таго ж лічба ў 28,1 мільярда рублёў, як казалася вышэй, — гэта лічба «таваразвароту», а не прыбытку. Так што, як бы нам ад гэткай радасці не надарвацца. Калі па выдатках і прыбытках «у нуль» выйдзем, ужо добра будзе, а калі і грошы нейкія заробім, ужо выдатна.

Але такія папярэднія вынікі чэмпіянату натхнілі нашае кіраўніцтва на даволі смелыя заявы. Напрыклад, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў пасля заканчэння хакейнага чэмпіянату пакінуць у некалькі скарочаным выглядзе працу фан-зон. «Думаю, і арганізацыі будуць зацікаўленыя ў падобным гандлі. Трэба стварыць такія ўмовы і захаваць гэта. Больш за тое, досвед Мінска павінен быць перанесены на іншыя буйныя гарады — вось вам і ўнутраны рынак», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Так што, магчыма, ва ўсіх буйных гарадах Беларусі з’явяцца афіцыйныя «зоны п’янства». Вось толькі прадавацца ў іх будзе выключна беларускае. Таму што ў той жа прамове Лукашэнка падтрымаў ідэю забароны на продаж імпартнага піва на час ЧС па хакеі, даручыўшы ў поўнай меры выкарыстаць гэта мерапрыемства для папулярызацыі беларускай прадукцыі. «Выкарыстоўвайце гэты момант з півам, каб людзі прывыкалі да беларускага», — заявіў ён.

У той жа час беларускае кіраўніцтва разбіраецца з дакладам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, якая прызнала Беларусь самай пітушчай нацыяй у свеце. Міністэрства аховы здароўя заявіла, што мы — не першыя ў свеце па спажыванні алкаголю, а толькі ўваходзім у «дваццатку» «краінаў-алкаголікаў».

Мінздароўя спасылаецца на афіцыйную статыстыку, паводле якой спажыванне алкаголю ў нас — 11,14 літра на душу насельніцтва, а ў параўнанні з 2012 годам ідзе зніжэнне спажывання на 11,2%, заявіў галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя Іван Канаразаў.

Добрая спроба, Мінздароўя, але непераканаўчая. Па-першае, чыноўнік прыводзіць лічбы Белстату за 2012–2013 гады, а СААЗ апрылюднела аналіз дадзеных па 194 краінах свету за 2008–2010 год. Па-другое, у дадзеных СААЗ гаворка ідзе пра ўжыванне алкаголю асобамі, старэйшымі за 15 год, Канаразаў жа гаворыць пра «душу насельніцтва». То бок, улічвае нават немаўлятаў у люльках, што значна памяншае канчатковы «літровы» вынік. Калі адкінуць тых, каму ў Беларусі да 15 гадоў, то, падаецца, нацыянальная лічба спажывання алкаголю і дадзеныя СААЗ у 17,5 літраў будуць блізкія адно да аднаго.

У любым выпадку, нават лічба ў 11,14 літра на душу насельніцтва значна перавышае вызначаны той жа СААЗ «парог дэградацыі нацыі» ў 8 літраў алкаголю «на рыла». А мы пры гэтым плануем развіваць і пашыраць «п’яныя зоны»!

Карацей, да ўсяго трэба падыходзіць без фанатызму і ідыятызму. А тое, вырашаць, па прыкладзе піва, забараніць у нас мабільныя тэлефоны альбо замежныя аўто… Толькі і застанецца, што піць.

Каментаваць