Ён бы з’еў, ды хто ж яму дасць…

На фоне расійска-ўкраінскага канфлікту наша паўднёвая суседка насцярожана ставіцца да Беларусі. Канешне, Лукашэнка заверыў кіраўніцтва Украіны, што з нашага боку ёй нішто не пагражае. Але галасы недаверу ўсё ж гучаць.



Напрыклад, былы кіраўнік краіны Станіслаў Шушкевіч заклікаў украінскае кіраўніцтва Аляксандру Рыгоравічу не верыць, і «порах трымаць сухім».

«Калі Расія пойдзе на адкрытае ўзброенае супрацьстаянне з Украінай, Беларусь дакладна будзе на баку Крамля, таму што Лукашэнка — раб Пуціна і самастойна нічога не вырашае. Мне вельмі шкада, што Турчынаў паверыў Лукашэнку. Дарма ён гэта зрабіў. Лукашэнка хлусіў ад нараджэння і па гэты дзень», — заявіў Станіслаў Шушкевіч у інтэрв’ю ўкраінскаму інтэрнэт-рэсурсу Gordonua.com.

Канешне, тое, што «Беларусь будзе на баку Крамля», наўрад ці выклікае нейкія сумневы. Усё ж нашая краіна ўваходзіць у вайсковы блок АДКБ разам з Расіяй, і мае ў ім пэўныя абавязальніцтвы. Але «быць на баку Крамля» таксама можна па-рознаму: ад актыўнага ўдзелу ў баявых дзеяннях з прымяненнем войска, да ціхага сабатажу прынятых у Крамлі рашэнняў пры вонкавай іх «падтрымцы».

Ці можа пагражаць альбо пагражае беларускае войска Украіне? Наўрад ці.

Найперш, што тычыцца нашых абавязацельстваў па ваенным блоку АДКБ. Ваенны эксперт Аляксандр Алесін лічыць, што АДКБ да Украіны, і, адпаведна, да нашых нейкіх абавязальніцтваў не мае дачынення. «Справа ў тым, што мэты і задачы АДКБ датычныя выключна краінаў, якія гэтае пагадненне падпісалі. Тэрыторый тых краін, якія падпісалі пагадненне. Што тычыцца аперацый у трэціх краінах, кшталту Украіны, то мы не абавязаны ў гэтым выпадку дапамагаць Расіі чымсьці. Зона адказнасці гэтай арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспекі распаўсюджваецца толькі на тэрыторыю яе чалцоў. Калі нейкая краіна праводзіць аперацыю па-за межамі АДКБ, то яна сама нясе адказнасць», — мяркуе Алесін.

Тое ж самае тычыцца і створаных у 2009 годзе Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ. Згодна з падпісаным дакументам, Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання будуць выкарыстоўвацца для адбіцця ваеннай агрэсіі, правядзення спецыяльных аперацый па барацьбе з міжнародным тэрарызмам і экстрэмізмам, транснацыянальнай арганізаванай злачыннасцю, наркатрафікам, а таксама для ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый. То бок, гэта не наступальныя сілы.

І таму дзейнасць АДКБ зараз заключаецца, збольшага, у барацьбе з наркатрафікам з неспакойнага Афганістану. Цікавы факт яшчэ і ў тым, што да гэтага часу АДКБ як адзіны ваенна-палітычны саюз ніводнага разу не ўдзельнічаў у рэальных вайсковых аперацыях.

Такім чынам, Расія не здолее скарыстаць АДКБ у выніку нейкага «даху», пад якім бы быў мажлівы ўвод расійскіх войскаў на тэрыторыю Украіны з Беларусі.

Галоўная небяспека — у тым, што Расія можа скарыстаць тэрыторыю Беларусі для «транзіту» сваіх войскаў ва Украіну. Але і гэты варыянт Алесін лічыць малаверагодным. Наяўныя ваенныя базы Расіі ў Беларусі для гэтых мэтаў не падыходзяць. Найперш расійскія ваенныя аб’екты ў «сінявокай» — гэта станцыя радыёлакацыі пад Ганцавічамі і пункт сувязі флоту ў Вілейцы. Яшчэ ствараемая расійская авіябаза таксама наўрад ці падыходзіць для раскватаравання нейкіх буйных сухапутных падраздзяленняў расійскай арміі. А ўдар з паветра з боку Беларусі расійскімі ўдарнымі самалётамі па Украіне магчымы хіба толькі ў выпадку паўнавартаснага ваеннага канфлікту. Іначай кажучы — натуральнай вайны паміж Расіяй і Украінай. У гэтым выпадку Беларусь можа дазволіць выкарыстоўваць свае аэрадромы транзітам для перакідвання расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыю Украіны. «Я такой магчымасці не выключаю, але лічу, што на 99% гэта немагчыма», — лічыць Алесін.

Што ж тычыцца беларускага войска, то, яно «не пад тое заточанае». Сама канцэпцыя беларускага войска амаль выключае дзейнасць у рэчышчы нейкіх наступальных аперацый (а гіпатэтычны сцэнар падтрымкі Расіі беларускім войскам — гэта наступальная аперацыя на тэрыторыю Украіны). Як казаў пра гэта Аляксандр Лукашэнка свайму цёзцы Турчынаву, у выпадку ўварвання пачынаюць дзейнічаць сілы неадкладнага рэагавання, потым — сілы хуткага рэагавання, потым — войска і мабілізацыя. Гэтая канцэпцыя скіраваная на стрымліванне верагоднага праціўніка і нанясенне яму «несумяшчальнага ўрону», каб ён, распрацоўваючы планы анексіі Беларусі, тройчы бы падумаў, чаго яму гэта будзе каштаваць і ці вартая вычынкі аўчынка.

Амаль адзіная частка, якая здольная весці аперацыі на тэрыторыі праціўніка — гэта мар’інагорскі спецназ, які ствараўся на базе спецназу ГРУ СССР. Менавіта ў ягоныя задачы ўваходзілі дзеянні на тэрыторыі ворага. У астатнім жа беларускае войска — не наступальнае па сваёй сутнасці.

Стваральнік праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў увогуле скептычна ставіцца да баяздольнасці беларускага войска. Найперш таму, што, па ягоных словах, войска для сённяшніх уладаў — гэта атрыбут, а не прылада. «Ёсць у суседзяў армія? Ну і мы ж не з лесу выйшлі — таксама будзем з арміяй. І грошай дамо нават. Колькі не шкада. Вось гэта «не шкада» ўжо доўжыцца трэці дзясятак гадоў — фінансаванне па рэшткавым прынцыпе. Прычым справа нават не ў эканамічных магчымасцях дзяржавы — справа ў стаўленні. У нас і грамадства, і ўлада дзіўна аднадушныя ў дачыненні да ваенных, у прыватнасці, і да людзей у пагонах наогул: іх успрымаюць выключна як утрыманцаў. Пры гэтым словы гаворацца прыгожыя. Такое крывадушнае стаўленне падрывае галоўны абаронны рэсурс — маральны дух ваенных», — лічыць Паротнікаў.

Да таго ж, вельмі складана будзе прымусіць салдатаў адразу паверыць, што ўкраінцы ім — ворагі, у якіх трэба страляць. Яны ж заўсёды былі братамі. І патлумачыць, чаму былыя браты раптам сталі ворагамі, у адзін момант не атрымаецца.

Так што ў беларускага войска і вайскоўцаў для нейкіх дзеянняў у дачыненні да Украіны не існуе ні магчымасцяў, ні, галоўнае, жадання штосьці рабіць. А без такога жадання, як бы Масква не «націскала» на Беларусь, яна наўрад ці нешта выцісне. Хутчэй, адбудзецца сабатаж, чым падтрымка Крамля справаю.

Каментаваць