Ён загінуў больш 12 гадоў таму, але следства па гэтай справе яшчэ не распачатае...

Ён загінуў больш 12 гадоў таму, але следства па гэтай справе яшчэ не распачатае...



Ён загінуў больш 12 гадоў таму, але следства па гэтай справе яшчэ не распачатае...

Здавалася, нічога не прарочыла бяду, калі раніцай 24 снежня 1999 года 32-гадовы мінчук Кірыла Сіняўскі збіраўся на працу. У яго, як заўсёды, быў добры настрой, тым больш, што набліжаўся дзень нараджэння яго адзінай пяцігадовай дачкі, і ён ужо спланаваў, дзе адбудзецца гэтае свята. Апроч таго, набліжаліся светлыя святы Калядаў і Новага года, Кірыла атрымаў паведамленне, што можна забіраць адрамантаваны аўтамабіль, а ўвечары збіраўся з сябрамі ў лазню. Аднак ўсе гэтыя планы засталіся няздзейсненымі, бо 25 снежня малады мужчына быў знойдзены роднымі ў непрытомным стане ў 9-й Мінскай гарадской клінічнай бальніцы, куды яго як невядомага даставіла брыгада хуткай медыцынскай дапамогі.

Праз тры дні Кірыла Сіняўскі пайшоў з жыцця, але крымінальная справа па факту ягонай смерці так і не была распачатая, паколькі, паводле адказу з пракуратуры горада Мінска, малады чалавек пакончыў жыццё самагубствам — “скочыў з вакна. Праз 10 гадоў пракуратура Савецкага раёна сталіцы змяніла гэтую фармулёўку на “выпаў з вакна. Падчас знаёмства з матэрыяламі праверкі па факту смерці свайго сына яго маці Ларыса Сіняўская даведалася пра наступнае.

У гэты дзень, 24 снежня 1999 года, Кірыла атрымаў заробак у сваёй фірме. Потым ён купіў для дачкі падарунак — домік для лялькі Барбі, зайшоў на працу да свайго сябры, пасля чаго накіраваўся ў краму за прадуктамі, каб потым ехаць да хаты. У краме Кірыла пазнаёміўся з двума не вядомымі яму людзьмі: Раманам Шаўчэнкам з Краснадарскага краю Расіі і Віктарам Кузьменкам з Мінска. За грошы Кірылы яны купілі дзве пляшкі гарэлкі і запрасілі яго на арандаваную імі аднапакаёвую кватэру па вуліцы Някрасава, дзе знаходзіўся яшчэ адзін незнаёмы, якога звалі Сяргей. Паводле інфармацыі Ларысы Сіняўскай, Раман, Віктар і Сяргей — былыя афіцэры Савецкай Арміі, якія разам служылі і ваявалі ў Афганістане. Праз некаторы час Кірыла патэлефанаваў на працу сябру і паведаміў знаёмай супрацоўніцы, што калі з ім нешта здарыцца, ён знаходзіцца на вуліцы Някрасава ў кватэры, з вакна якой бачны дзіцячы садок.Пры гэтым супрацоўніца чула ў кватэры гучныя мужчынскія галасы, а Кірыла гаварыў хутка, прыглушаным голасам і было адчуванне, што ён не жадае, каб яго пачулі тыя, хто знаходзіўся побач ў памяшканні. Да гэтага часу не вядома, калі дакладна пакінулі арандаваную кватэру былыя афганцы. На падлозе ў прыхожай была выяўлена пляма крыві, якая, па дадзеным экспертызы, належала Кірыле. Пры аглядзе кватэры была ўстаноўлена, што ў пустым і брудным памяшканні знаходзілася раскладушка з падранымі коўдрамі і матрацам, вокны з цэлымі шыбамі аказаліся зачыненымі, тэлефонны провад — абарваны, адсутнічалі рэчы Кірылы — ягоная верхняя вопратка, шапка, дакументы, грошы, гадзіннік, пэйджар і сумка з падарункамі. Гаспадар кватэры паказаў, што Раман і Сяргей павінны былі з’ехаць з Беларусі яшчэ некалькі дзён таму, але ў іх не было грошай на дарогу. Аднак мужчыны адразу зніклі яшчэ да таго, як суседка выклікала пацярпеламу хуткую медычную дапамогу.

Кірыла Сіняўскі быў знойдзены ў непрытомным стане каля дома па вуліцы Някрасава. Мужчына ляжаў на спіне галавою да дому і памёр ў бальніцы 27 снежня ад цяжкіх траўм галавы, не прыходзячы ў прытомнасць. Пры гэтым, як сведчыць экспертыза, у Кірылы былі цэлыя косткі канечнасцяў і шкілета, адсутнічалі сінякі на шыі, грудзях і жываце, а ў крыві не быў выяўлены этылавы спірт.

На меркаванне маці Кірылы, калі сын увайшоў у кватэру, якую арандавалі былыя афганцы, ён захацеў як мага хутчэй пакінуць гэтае памяшканне, аднак яго не выпусцілі, пра што сведчыць пляма крыві ў калідоры. “Але нават гэты факт не стаў доказам злачынства для супрацоўнікаў міліцыі, якія наогул не сталі даследаваць вокны і выяўляць на іх адбіткі пальцаў. Яны выслухалі паказанні Кузьменкі, паверылі яму, каб перад святамі не мець клопату, і спісалі злачынства на самагубства. Хаця ў Кірылы не было аніякіх падстаў для суіцыду і ўсе сведкі гаварылі пра майго сына, як жыццярадаснага і аптымістычнага чалавека, — адзначыла Сіняўская.

За 12 гадоў пасля пагібелі сына яна так і не змагла атрымаць ад следчых адказы на шэраг пытанняў, у тым ліку і па выніках медычнай экспертызы цела Кірылы, а таксама не змагла дабіцца ад пракуратуры распачацця крымінальнай справы па факце яго пагібелі.

Следчыя лічаць, што ў смерці Кірылы адсутнічае склад злачынства. Але маці мяркуе, што следчыя не толькі не выканалі свае прафесійныя абавязкі, але і здзейснілі амаральны ўчынак у адносінах да яе сям’і, бо кінулі цень на сына. У гэтых варунках Ларыса Сіняўская звярнулася ў Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь з заявай і надзеяй, што будуць расстаўлены ўсе кропкі ў гэтай сумнай гісторыі.

Паводле слоў маці, Кірыла быў клапатлівым сынам, любячым бацькам, добрым сябрам, даверлівым і кампанейскім чалавекам, таму і апынуўся ў трагічнай сітуацыі. Яе бацька — савецкі афіцэр-памежнік, які з сям’ёй прыехаў на Беларусь ў 1935 годзе. У 1938 годзе яго як латыша звольнілі з арміі. Але ён паехаў ў Маскву шукаць праўду і… знік. Сама Ларыса Міхаўлаўна пасля заканчэння фізіка-матэматычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта працавала ў Міністэрстве энергетыкі, а яе муж, які закончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках, быў начальнікам цэха на Мінскім трактарным заводзе. Кірыла вельмі любіў спорт, з сямі гадоў займаўся скачкамі ў ваду з 10-мятровай вышкі, затым — ветразем спортам і горнымі лыжамі. Любіў вандраваць. Быў майстрам на ўсе рукі — мог зрабіць і рамонт у кватэры, і пашыць адзенне для дачкі, і прыгатаваць абед. Вось чаму знаёмыя маці хацелі мець Кірылу сваім зяцем. Ён закончыў два курсы факультэта “цеплавая энергетыка Беларускага політэхнічнага інстытута і наперадзе ў яго было ўсё жыццё, у якім Кірыла Сіняўскі яшчэ мог зрабіць людзям так многа добрага…

На здымку: Кірыла Сіняўскі з маці (пачатак 1990-х гадоў)
 

Каментаваць