Юбілейныя “Дзяды”

Каля тысячы чалавек узялі ўдзел у акцыі памінавення продкаў “Дзяды, якая прайшла ў беларускай сталіцы 1 лістапада. Арганізатарам дазволеных Мінгарвыканкамам шэсця і мітынгу ва ўрочышчы “Курапаты выступіла Кансерватыўна-хрысціянская партыя – БНФ, але адрозна ад мінулых гадоў, калі КХП адзначала “Дзяды асобна ад іншых структур, сёлета да мерапрыемства далучыліся і многія іншыя дэмакратычныя суб’екты.



Каля тысячы чалавек узялі ўдзел у акцыі памінавення продкаў “Дзяды, якая прайшла ў беларускай сталіцы 1 лістапада. Арганізатарам дазволеных Мінгарвыканкамам шэсця і мітынгу ва ўрочышчы “Курапаты выступіла Кансерватыўна-хрысціянская партыя – БНФ, але адрозна ад мінулых гадоў, калі КХП адзначала “Дзяды асобна ад іншых структур, сёлета да мерапрыемства далучыліся і многія іншыя дэмакратычныя суб’екты.

Сёлетнія “Дзяды сталіся юбілейнай, дваццатай акцыяй. У 11.00 каля прахадной Мінскага гадзіннікавага завода “Прамень сабраліся каля 700 чалавек. Апроч актывістаў КХП-БНФ, тут прысутнічалі сябры Партыі БНФ, Руху “За свабоду на чале з Аляксандрам Мілінкевічам, кіраўніцтва і актывісты пакуль незарэгістраванай Партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя (устаноўчы з’езд якой адбыўся акурат напярэдадні), а таксама зарэгістраванага ў Чэхіі Міжнароднага моладзевага аб’яднання “Малады фронт, грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь, ініцыятывы “Маладая Беларусь, іншых дэмакратычных арганізацый.

Прысутныя трымалі дзесяткі бел-чырвона-белых сцягоў і сцягоў Еўрапейскага Саюза, партыйных штандараў, а таксама расцяжкі з адпаведным мерапрыемству зместам. Шэсце да ўрочышча Курапаты доўжылася больш за тры гадзіны. Увесь гэты час калону суправаджалі супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным, якія пастаянна вялі фота- і відэаздымкі, а гэтым часам ДАІшнікі старанна забяспечвалі парадак пад час руху людзей, не перашкаджаючы ім ісці і не заганяючы іх у падземныя пераходы, як гэта было ўсе мінулыя гады. Праз пэўны інтэрвал над калонай гучаў памінальны звон, а многія ўдзельнікі мерапрыемства на сваіх руках неслі шмат драўляных крыжоў, якія пазней былі ўсталяваны ў курапацкім лесе.

Каля “Крыжа пакуты (“Пакутнікам Беларусі) у Курапатах, дзе, паводле розных ацэнак, з 1937 па 1941 год супрацоўнікі сталінскага НКВД забілі і закапалі да 250 тысяч мірных грамадзян, удзельнікі акцыі, якіх да таго часу ўжо было каля тысячы, праспявалі неафіцыйны нацыянальны гімн “Магутны Божа на верш Наталлі Арсенневай. Адказны сакратар Управы КХП-БНФ Валеры Буйвал зачытаў зварот да ўдзельнікаў “Дзядоў старшыні партыі Зянона Пазьняка (менавіта гэтага палітыка па праву называюць першаадкрывальнікам Курапат: апублікаваны 3-га чэрвеня 1988 года ў газеце “Літаратура і мастацтва артыкул Зянона Пазняка і Васіля Шмыгалёва “Курапаты – дарога смерці стаўся сапраўдным “выбухам не толькі на постсавецкай прасторы, але і данес усяму свету праўду пра адну з самых цёмных і страшных старонак найноўшай беларускай гісторыі).

“З 1937 года да 23 чэрвеня 1941 года энкавэдысцкія каты – сталінскія камуністы з дня ў дзень, з ночы ў ноч стралялі тут людзям у патыліцу і скідвалі ў глыбокія ямы. У гэтых ямах закапаны цвет беларускай інтэлігенцыі, пісьменнікі і паэты, артысты, вучоныя і даследчыкі, інжынеры і рабочыя, сяляне і беларускія настаўнікі… Толькі ў Курапатах савецкія акупатны забілі ля чвэрці мільёна людзей. А такіх Курапатаў шмат па ўсёй Беларусі… Гэта нельга забыць ніколі, пакуль будзе стаяць белы свет і будзе жыць Беларусь… Шануйма ж нашых Дзядоў, нашую славутую мінуласць, нашу культуру і веліч, кожнага простага чалавека, верма ў светлыя дні, у нашу прышласць, у вольную будучыню Беларусі!..., - напісаў у сваім звароце Зянон Пазьняк.

Пасля гэтага ўся вялікая калона накіравалася да так званай курапацкай “Галгофы – на гарышча, дзе таксама ўсталяваны вялікія крыжы, а таксама стаіць валун, на якім напісана абяцанне яшчэ таго, БССРаўскага ўраду ўсталяваць тут помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсій… Тут жа адбыўся непрацяглы мітынг. Пад час свайго выступу намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі паведаміў, што па немаведама чыім загадзе ў Курапаты не пусцілі замоўленую гукаўзмацняльную тэхніку, з гэтай прычыны выступоўцам давялося карыстацца звычайным мегафонам.

Па заканчэнні мітынгу людзі ўсталявалі на месцах пахаванняў бязвінна забітых суайчыннікаў (і не толькі) памятныя драўляныя крыжы, запалілі лампадкі і свечкі, усклалі да магіл жывыя кветкі, пасля чаго мірна разышліся.

P.S.: Цяжка сказаць, хто так зрабіў, але з Мінскай кальцавой дарогі вадасток скіроўвае водныя патокі акурат на пляцоўку перад “Крыжом пакуты. Уваход у Курапаты нагадвае сапраўднае балота, каля некалькіх крыжоў утварылася самрэчная запруда, і з гэтай прычыны крыжы падгніваюць прама на вачах. Тыя людзі сталага веку, якія прыходзяць у Курапаты, мусяць рабіць немалыя высілкі, каб пераадолець гэтую брудную перашкоду на шляху, абысці якую фактычна немагчыма. Валанцёры КХП-БНФ, якія рэгулярна ладзяць ва ўрочышчы талаку, прыглядаюць за Народным мемарыялам, не могуць даць рады, таму што вада пастаянна прыбывае. А тым дарожна-будаўнічым ці іншым службам, якія б маглі вырашыць гэтую чыста тэхнічную праблему, ніякіх спраў да гэтага няма…      

      

----------------------------------------------------------

Фота Юрыя Дзядзінкіна
 

Каментаваць