Юбілей без Юбіляра

24 ліпеня споўнілася б 65 год Генадзю Грушавому — доктару філасофскіх навук, дэпутату Вярхоўнага Савета 12-га і 13-га скліканняў. Але сусветнае прызнанне ён спазнаў як бяззменны кіраўнік дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля».

 



Гэты фонді дапамог сотням тысяч чарнобыльцаў. Сёння добрым словам Генадзя Грушавога ўзгадваюць і дарослыя людзі, якія ў 1990-я гады, будучы дзецьмі і падлеткамі, атрымалі ўнікальныя магчымасці аздараўлення ў дзясятках краінаў свету, сотні дзяцей, якім Фонд Грушавога падарыў другое жыццё праз арганізацыю іх лекавання ад анкалогіяў у найлепшых клініках свету. Тут, у постсавецкай Беларусі, на гэтых маленькіх беларусах ставілі крыж, але многія з іх праз медычныя праграмы БДФ былі вырваныя з кіпцюроў чарнобыльскай навалы і жывуць дагэтуль, стварылі сем’і, расцяць сваіх дзетак.

Пра Генадзя Грушавога і ягоны фонд пісалася шмат. Галоўнае, каб і з цягам часу добрыя справы гэтага Чалавека і ягоных паплечнікаў не забыліся і працягваліся, — новымі арганізацыямі, новымі людзьмі, якія ведаюць, што такое Чарнобыль і што такое наступствы гэтай ядзернай трагедыі.

Генадзь Грушавы стварыў шмат праектаў. Гэта і моладзевыя фестывалі, і «Лайнс-клуб», сябрамі якога былі слынныя дзеячы беларускай культуры, навукі і журналістыкі, гэта і «SOS»-дзіцячая вёска, і будаўніцтва дамоў для перасяленцаў-чарнобыльцаў у экалагічна чыстых раёнах Беларусі, і вырошчванне экалагічна чыстага дзіцячага харчавання. Гэта і дапамога беларускім рок-музыкам, таленавітым падлеткам, людзям з абмежаванымі магчымасцямі, творчай перспектыўнай моладзі. Гэта барацьба за правы палітзняволеных, людзям у турмах, нарэшце, барацьбітам кіеўскага Майдану, гуманітарную дапамогу якім Генадзь Грушавы рыхтаваў нават за некалькі дзён да свайго сыходу з жыцця.

Ён спрабаваў ахапіць усё, і яго таленту і розуму хапала на гэта. Не хапіла толькі здароўя. Пяць гадоў ён ведаў, ад чаго памрэ, пра што і напісаў у сваім сімвалічным запавеце. Лейкемія — прадукт Чарнобыля. Прадукт, які стаў смяротным для самага галоўнага барацьбіта з ім у нашай краіне. Ды, бадай, у цэлым свеце. Але Грушавы сыходзіў у лепшы свет няскораным гэтаю бядою.

Нонканфарміст, сапраўдны мысляр, беларус-патрыёт, мужны грамадскі і палітычны дзяяч. Таленавіты арганізатар. Жорсткі і адходлівы кіраўнік сваёй шматтысячнай дабрачыннай структуры. І сапраўдны Чалавек. Добры, ласкавы, бацька, які вельмі любіў сваіх дзяцей.

Вельмі цяжка, амаль немажліва пісаць і казаць пра яго — «быў». Не быў. Ён ёсць, ёсць побач з намі, у сваіх справах, якія не забудуцца, у сваіх словах, якія чуюцца і дагэтуль, хоць Генадзя Грушавога фізічна няма на гэтай зямлі ўжо паўтары гады. Ёе пакінуў гэты свет 28 студзеня 2014 года. Але ён па-ранейшаму з намі.

24 ліпеня а 14-й гадзіне ў Садзе надзеі імя Генадзя Грушавога ў праваслаўным прыходзе Іконы Маці Божай Чарнобыльскай «Усіх тужлівых радасць» (вуліца Прытыцкага) ля грушы, якую пасадзіў сам Генадзь Грушавы, збяруцца яго сябры, родныя, палечнікі і проста людзі, якія цэняць і памятаюць гэтага Чалавека. Узгадаюь яго добрымі словамі, бо ў пятніцу ў яго юбілей. Хочацца верыць, што Генадзь Уладзіміравіч будзе адзначаць яго разам з прысутнымі, гледзячы на іх з Неба. І ўсміхаючыся. 

Каментаваць