Юрась Губарэвіч і Юрась Меляшкевіч зрабілі абследаванне на онкамаркеры

Катастрофа на Чарнобыльскай атамнай станцыі стала прычынай значнага росту анкалагічных захворванняў, але іх ранняя дыягностыка ў Беларусі — недасканалая.


Каб прыцягнуць увагу грамадскасці да гэтага факту, сябры Рады Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч і Юрась Меляшкевіч прайшлі напярэдадні 30-й гадавіны аварыі абследаванне на онкамаркеры.




«У Беларусі вялікая колькасць смярцей ад анкалагічных захворванняў, якія ў тым ліку звязаныя з наступствам аварыі на ЧАЭС», — сказаў сайту Pyx.by першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.


Па ягоных словах, нягледзячы на гэта, беларускія ўлады не забяспечваюць сёння для беларусаў усе магчымасці дыягностыкі раку, таму трэба рабіць гэта самастойна.



«Сёння дзяржава дэкларуе зацікаўленасць у падвышэнні колькасці працаздольнага насельніцтва, таму ідзе на непапулярныя крокі і падвышае узрост выхаду на пенсію. Але ёсць больш эфектыўныя меры, дзе інтарэсы людзей і дзяржавы супадаюць. Ранняя дыягностыка анкалагічных захворванняў дазволіць захаваць здароўе і засцерагчы ад пазачаснай смерці дзясяткі тысячаў нашых грамадзян. Менавіта таму мы патрабуем якаснай і арыентаванай на чалавека медыцыны», — падкрэсліў Губарэвіч.


Ён распавёў, што сам аналіз на онкамеркеры — даволі просты і хуткі, вынікі, гатовыя ў залежнасці ад месца здачы і графіку працы лабараторыі часам і ў той ж самы дзень.


«Анкалагічныя хваробы зараз сталіся сапраўднай трагедыяй для беларусаў. Увесь час чую, што нехта захварэў ці памер ад анкалогіі. Часта гэта зусім маладыя людзі, якім крыху за 40. Такая сітуацыя выклікае заклапочанасць і я лічу, што ў Беларусі павінна быць створаная сістэма ранняй дыягностыцы анкалагічных захворванняў. Таксама павінна быць створаная асобная сістэма маніторынгу для груп рызыкі, куды абавязкова павінны патрапіць ліквідатары, асобы, якія жылі на забруджаных тэрыторыях ці пацярпелі ад Чарнобылю», — адзначыў кіраўнік мінскага аддзялення Руху «За Свабоду» Юры Меляшкевіч.



Ён лічыць, што «толькі такая сістэма можа стацца надзейнай гарантыяй паступовага пераадолення трагічных наступстваў катастрофы на ЧАЭС».


«Пакуль дзяржава абыякава ставіцца да праблем людзей, мы самі павінны клапаціцца пра сваё здароўе і патрабаваць ад уладаў рэалізацыі нашага канстытуцыйнага права на належнае медычнае забеспячэнне. Таму я заклікаю ўсіх грамадзян Беларусі прыйсці 26 красавіка на Чарнобыльскі шлях, каб разам сказаць пра нашае жаданне ведаць праўду пра наступствы Чарнобыля, а таксама патрабаваць стварэння дзяржаўных праграм па ранняй дыягностыцы анкалагічных хвароб», — заключыў Меляшкевіч.


Рух «За Свабоду» патрабуе ад дзяржавы забяспечыць штогадовае бясплатнае абследаванне для беларусаў і для групаў рызыкі ўключыць у яго праверку на онкамаркеры. Нашая арганізацыя распачала збор подпісаў за гэта, яны будуць накіраваныя ў Міністэрства аховы здароўя, Палату прадстаўнікоў і Савет міністраў.


pyx.by

Фота pyx.by

Каментаваць