Юрысты абмеркавалі праблему адвольных затрыманняў

Днямі ў Беларускім доме правоў чалавека імя Барыса Звозскага ў Вільні адбыўся семінар «Міжнародна-прававыя стандарты свабоды асобы ў кантэксце адвольных затрыманняў» для юрыстаў у межах адукацыйнай праграмы Сеткі дамоў правоў чалавека «Міжнароднае права для абароны грамадскіх інтарэсаў».



Праваабаронца Валянцін Стэфановіч зазначыў, што праблема адвольных затрыманняў актывістаў апазіцыі, асацыяльных элементаў і футбольных фанатаў не новая для Беларусі.
 
 
Упершыню масавыя адвольныя затрыманні грамадзянаў  актывістаў выбарчых штабоў кандыдата аб’яднаных дэмакратычных сіл на пасаду кіраўніка дзяржавы Аляксандра Мілінкевіча мелі месца ў 2006 годзе напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, калі 236 чалавек былі абвінавачаныя ў дробным хуліганстве (нецэнзурнай лаянцы ці адпраўленні натуральных патрэбаў у грамадскіх месцах) і арыштаваныя. Прычым, некаторыя актывісты затрымліваліся па некалькі разоў. Затым масавыя адвольныя затрыманні па падобных абвінавачваннях мелі месца ў 2012 годзе напярэдадні афіцыйных візітаў у Беларусь Уладзіміра Пуціна і Дзмітрыя Мядведзева і ў 2014 годзе  напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі. У апошнім выпадку 37 актывістаў былі арыштаваныя па некалькіх артыкулах адміністрацыйнага кодэксу на тэрмін да 25 сутак. Прычым, на гэты раз таксама адвольна затрымліваліся і асацыяльныя элементы (бамжы, алкаголікі і больш за 350 прастытутак).
 
 
Валянцін Стэфановіч адзначыў, што ўсе гэтыя адвольныя затрыманні можна аднесці да прэвентыўных, калі грамадзянаў затрымліваюць без прававых абгрунтаванняў напярэдадні важных палітычных і грамадскіх падзей, электаральных кампаній, афіцыйных візітаў кіраўнікоў замежных дзяржаў, запланаваных масавых акцый апазіцыі і афіцыйных масавых мерапрыемстваў, што арганізуюць улады. Прычым, прэвентыўныя затрыманні праводзяцца дзеля таго, каб ізаляваць актывістаў ад удзелу ў арганізацыі і правядзенні публічных вулічных акцый, ад зносінаў з міжнароднымі дэлегацыямі і прэсай, а таксама ад іншых відаў палітычнай і грамадзянскай актыўнасці.
 
 
Праваабаронца Раман Кісляк звярнуў увагу на важнасць выканання супрацоўнікамі праваабарончых структураў абавязку тэрмінова дастаўляць затрыманага суддзе ці іншай службовай асобе, якой па закону належыць права ажыццяўлаць судовую ўладу. Паводле ягоных словаў, гэтае патрабаванне павінна штораз выконвацца нават і без просьбы затрыманага. Калі ж гэтая юрыдычная норма стане абавязковай у Беларусі, дык прывядзе да скарачэння колькасці затрыманых, лічыць Раман Кісляк.
 
 
Былы віцэ-старшыня Камітэта ААН па правах чалавека, доктар юрыдычных навук Раман Верушэўскі (Польшча) звярнуў увагу на тое, што КПЧ разглядае тыя абгрунтаваныя паведамленні з розных краінаў свету, у якіх прыведзены факты парушэння правоў, прадугледжаных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Прычым, гаворка ідзе пра сітуацыі, калі гэтыя парушэнні выкліканыя няправільным прымяненнем нацыянальнага заканадаўства, ці пры яго неадпаведнасці Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Апроч таго, да скаргі ў КПЧ трэба прыкласці ўсе тыя дакументы (судовыя пастановы і артыкулы законадаўства, на выснове якіх прынятая тая ці іншая судовая пастанова), а таксама інфармацыю з СМІ, што дазволіць сябрам камітэту як мага паўней уявіць характар парушэння правоў чалавека, зазначыў спадар Верушэўскі.
 
 
На ягонае меркаванне, неабходна звяртацца ў КПЧ і тады, калі палітычных актывістаў напярэдадні масавых акцый у сувязі з важнымі нацыянальнымі падзеямі кшталту прэзідэнцкіх ці парламенцкіх выбараў сістэмна адвольна затрымліваюць, абвінавачваюць у тым, чаго яны не рабілі, асуджаюць і ізалююць.

Каментаваць