Каўбасны кошт свабоды

Тэатр аднаго акцёра ў Дзень Незалежнасці — так празвалі інтэрнэт-карыстальнікі парад і паказальнае шоў — скончыўся збіццём, затрыманнямі соцень людзей і святочным салютам.



Тэатр аднаго акцёра ў Дзень Незалежнасці — так празвалі інтэрнэт-карыстальнікі парад і паказальнае шоў — скончыўся збіццём, затрыманнямі соцень людзей і святочным салютам.

Хаця ў Міністэрстве ўнутраных спраў і заявілі, што на парад прыйшлі ажно 150 тысяч чалавек, у рэальнасці колькасць гледачоў была ў разы меншая — вольныя месцы на трыбунах, рэдзенькія групы людзей уздоўж праспекта сведчылі хіба што пра тысяч дзесяць гледачоў. Дажджы ці агульны невясёлы настрой не спрыялі жаданню народа паглядзець на ваенную моц Беларусі і галоўнакамандуючага ў кампаніі яго малодшага сына, апранутага ў вайсковую форму.

На гэты ж дзень, 3 ліпеня, мадэратары суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» планавалі «марш мільёнаў» — вулічную акцыю мірнага пратэсту. Але заклікі «захлопаць» апладысментамі прамову Лукашэнкі поспеху не мелі — прыхільнікаў негвалтоўнага супраціву на гэтую дзею прыйшло, відавочна, мінімум, ды і людзі ў цывільным пільна сачылі за аматарамі пляскаць у далоні. У выніку нават сябры праўладнага БРСМу не рызыкнулі ацаніць урачыстае дзеянне бурнымі авацыямі. Маўклівы парад крызіснага часу. Да слова, на прэтэнзіі, што не час цяпер траціць грошы на масавае забаўлялава, у Мінабароны супакоілі: кошт параду — сто тон самай таннай каўбасы.

У сваёй прамове галоўнакамандуючы Аляксандр Лукашэнка гаварыў пра бессэнсоўнасць «аранжавых рэвалюцый». «Мы разумеем, што мэта гэтых нападаў — пасеяць няўпэўненасць і трывогу, разбурыць грамадскую згоду. У канчатковым выніку, паставіць нас на калені і звесці да нуля ўсе заваёвы незалежнасці. Гэтаму не бываць! — грымеў лідар дзяржавы. — Мы выстаім і сёння! Пераадолеем любыя цяжкасці і годна вытрымаем навязаныя нам выпрабаванні. Таму што чэрпаем сілы з невычэрпнай крыніцы традыцый нашага народа — смелага воіна і сумленнага працаўніка».

Самае цікавае адбывалася не ў час, калі паказвалі «танец трактара-дзяўчынкі і трактара-хлопчыка», а вечарам, каля прывакзальнай плошчы. Сотні людзей сабраліся там, каб маўчаннем і апладысментамі выказаць сваю нязгоду з дзеяннямі ўладаў. Аналагічныя акцыі адбываліся ў абласных, раённых гарадах. У Магілёве, па словах відавочцаў, на маўклівы пратэст выйшлі больш за тысячу чалавек — самая буйная за апошнія гады акцыя. Але скончылася ўсё даволі хутка: праваабаронцы гавораць, што ў Дзень Незалежнасці ў Беларусі затрымана не менш за 390 чалавек — прыкладна 210 чалавек у Мінску, каля 180 — у рэгіёнах. Затрыманых па адміністрацыйных пратаколах каралі вялікімі штрафамі і «суткамі» — ад трох да пятнаццаці.

У сталіцы разгон і затрыманні мірных грамадзян суправаджаліся не толькі прымяненнем грубай фізічнай сілы брытагаловымі людзьмі ў цывільным, але і распыленнем слезацечнага газу. Асабліва пастараліся крэпкія хлопцы без апазнавальных знакаў з журналістамі — ім газ з балончыкаў пырскалі наўпрост у твар (ёсць шэраг фотаздымкаў з доказамі гэтага «доблеснага» ўчынку), білі, ламалі тэхніку.

У негвалтоўных акцыях пратэсту, «акцыях апладысментаў» ёсць новая рыса, прынамсі так было ў Мінску. Мінакі з крыкамі «Міліцыя, дапамажыце!» спрабавалі адбіць людзей у невядомых у цывільным, якія валаклі, цягнулі, вялі да аўтазакаў і аўтобуса без нумарных знакаў людзей. Жанчына, якая была на акцыі з мужам і дзіцём, істэрычна крычала пра падаражанне дзіцячых тавараў, памперсаў, пра тое, што цяпер яна не можа з дзіцём на вуліцы гуляць «у ладушкі».

На заўтра карыстальнікі сацыяльных сетак пачалі вывешваць фотаздымкі невядомых, якія найбольш адзначыліся ў брутальных затрыманнях. Распаўсюд такой інфармацыі дазваляе хутка апазнаць ананімных ахоўнікаў парадку, у выніку галоснымі становяцца імя, прозвішча, хатнія адрасы, кантактныя тэлефоны, месца вучобы ці працы. Трэба сказаць, што рэакцыя на ўжо апазнаных «герояў» была надзвычай негатыўнай.



Адміністратар групы «ВКонтакте» «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» Вячаслаў Дыянаў у цэлым станоўча ацаніў акцыю мірнага супраціву 3 ліпеня: «Мы не чулі апладысментаў Лукашэнку. Калі гаварыць пра вячэрнюю акцыю, то бачна, што ўлады нас баяцца, з кожным разам міліцыя ўсё больш жорстка разганяе людзей. Улады разумеюць, што змагаюцца з нечым новым, гэта не знікне. Мы напраўду будзем працягваць нашыя акцыі надалей. У сеткавай рэвалюцыі складана знайсці арганізатара. І калі на вуліцы б’юць мірных грамадзян, гэта ўплывае на свядомасць». Вячаслаў Дыянаў падкрэслівае, што хаця падчас вулічных праменадаў і не агучваюцца лозунгі аб змене ўлады, менавіта гэта і ёсць асноўнай ідэяй. «Гэта заўсёды намі агучвалася», — падкрэслівае адміністратар інтэрнэт-суполкі, які цяпер жыве ў Варшаве. Дыянаў не супраць, калі лідарства падхопіць нехта з народу ці з прафесійных палітыкаў. «Калі з’явяцца лідары, будзе новы ўзровень арганізацыі, то можна будзе прамаўляць ідэі на вуліцы. Каму даверыцца народ, той у выніку і будзе лідарам», — перакананы Вячаслаў Дыянаў.

На беларускі Дзень Незалежнасці прыйшла хуткая міжнародная рэакцыя. Напрыклад, старшыня Еўрапарламента Ежы Бузэк, адкрываючы сесію парламента ў Страсбургу, заявіў, што беларускія ўлады «мусяць неадкладна і безумоўна выпусціць усіх дэманстрантаў, затрыманых у выніку мірнай акцыі пратэсту, якая прайшла ў Мінску ў нядзелю». «Мы пільна сочым за развіццём падзей у Беларусі. Еўрапарламент падтрымлівае грамадзян краіны ў іх імкненні да свабоды слова і сходаў», — перадае ІТАР-ТАСС словы Ежы Бузэка.
 

Каментаваць