«Каб палац адчуў, што ён не пакінуты» (фота)

Валанцёры правялі акцыю па добраўпарадкаванні Хальчанскага палаца на Гомельшчыне.


Аўтарам ініцыятывы выступіў Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, на чыім балансе знаходзіцца Хальчанскі палац, збудаваны ў пачатку ХІХ стагоддзя. 



Дзяржаўнае фінансаванне па рэстаўрацыі сядзібы скончылася яшчэ ў 2011 годзе. З тых часоў супрацоўнікі гомельскага палаца імкнуцца знайсці патэнцыйнага інвестара, але пакуль што безвынікова. Будынак сядзібы тым часам прыйшоў у яшчэ большы заняпад.



Уладзімір Літвінаў, намеснік дырэктара музея гомельскага палацава-паркавага ансамбля распавёў:

— Ідэя мерапрыемства ў нас узнікла даволі даўно. Паколькі на дадзены момант для паўнавартаснай рэканструкцыі бракуе сродкаў, а тэрыторыя палаца прыйшла ў занядбаны стан, мы вырашылі сумеснымі намаганнямі змяніць сітуацыю. Мы хацелі б, каб гэты будынак адчуў, што ён не пакінуты. Разам з валанцёрамі мы плануем прывесці тэрыторыю сядзібы ў прэзентабельны выгляд і прыцягнуць да яго ўвагу грамадскасці. Пазней будуць мы працягнем і навуковыя даследаванні гэтага ўнікальнага помніка архітэктуры ва ўсходняй Беларусі.

Змяніць сітуацыю было вырашана з дапамогай грамадскасці. Дапамогу ў арганізацыі і правядзенні акцыі аказалі прадстаўнікі гомельскай “Талакі”, студэнцкага навуковага таварыства гісторыі, архітэктуры і краязнаўства імя С. Шабунеўскага БелДУТ (Гомель) і іншыя актывісты рэгіёну, неабыякавыя да гістарычнай спадчыны роднага краю.




Яўген Меркіс, старшыня гомельскай “Талакі” адзначыў:

— Вельмі цешыць, што на гэтай валанцёрскай акцыі сабралася столькі неабыякавых да нашай гісторыі людзей. Асабліва цешыць, што для агульнай працы аб’ядналіся прадстаўнікі дзяржаўных устаноў і грамадскіх арганізацый. На добраўпарадкаванне завіталі нават людзі, што пачулі пра акцыю праз СМІ. Мне падаецца, што менавіта такімі сумеснымі высілкамі мы і можам адрадзіць наш край. Варта зразумець, што гэта — наша гісторыя, і мы ўсе разам за яе адказныя.



На тэрыторыі, дзе сёння месціцца палац, і ў яго ваколіцах археолагі знайшлі некалькі гарадзішчаў жалезнага веку і часоў Старажытнай Русі. Само мястэчка ўпершыню ўзгадваецца ў летапісах у XIV стагоддзі, а з сярэдзіны XV стагоддзя яно пераходзіць ва ўласнасць прадстаўнікоў славутага роду Халецкіх. У XVII стагоддзі яны збудавалі ў Хальчы касцёл і езуіцкі манастыр, які дзейнічаў з 1731 па 1829 год.



Яўген Малікаў, кіраўнік студэнцкага навуковага таварыства гісторыі, архітэктуры і краязнаўства імя С. Шабунеўскага БелДУТ, кажа:

— Гэтае месца асаблівае сваёй гісторыяй, якая звязана з моцным родам Халецкіх і Войніч-Сенажэцкіх. Халецкія на паўднёвым усходзе Вялікага княства Літоўскага былі хаўруснікамі Радзівілаў. Варта адзначыць, што само месца вельмі маляўнічае, і калі б атрымалася вярнуць палацу жыццё, то тут можа было б стварыць аграсядзібу. Тады ў нас з’явіўся б цудоўны турыстычны і гістарычны аб’ект, вернуты з небыцця.

Прадстаўнікі роду Халецкіх былі ўладальнікамі палаца да 1812 года, калі падтрымалі Напалеона ў яго вайне з Расійскай імперыі і ў выніку яго паразы былі вымушаныя пакінуць радавое гняздо. З 1812 па 1851 год палацам валодалі Войніч-Сенажэцкія, а з 1851 года і да кастрычніцкага перавароту — прадстаўнікі роду Сенажэнскіх.

Такім палац у Хальчы ўбачыў у 1877 годзе Напалеон Орда


У савецкія часы былая сядзіба стала прытулкам для беспрытульнікаў. Пазней у ёй размяшчалася турма НКВД, дзе ўтрымліваліся «ворагі народа». Яшчэ пазней сядзіба яна стала турмой для жанчын з дзецьмі. Пазней турма была пераўтворана ў клуб і была канторай мясцовага калгасу.



На першым валанцёрскім суботніку актывісты расчысцілі тэрыторыю палаца ад загадзя спілаваных адмыслоўцамі дрэваў і хмызнякоў. У жніўні і верасні запланаваны яшчэ шэраг падобных валанцёрскіх суботнікаў. На некаторых з іх, магчыма, выступяць музычныя гурты або аматарскія тэатральныя калектывы, каб у Хальчанскі палац вярталася не толькі чалавечая праца і клопат, але і культурны адпачынак.

— Раней тут наогул была цэлая сядзіба, якая мела яшчэ два флігелі, — адзначае Уладзімір Літвінаў, — таму ў нашыя планы ўваходзіць іх пошук і лакалізацыя. Таксама ад палаца да Сожа вяла лесвіца. Зараз яе трэба вызваліць ад дрэваў і расчысціць від на шыкоўны будынак палаца з ракі.

 

Каментаваць