Каб Хрыстус нарадзіўся ў сэрцах

Падчас візіту беларускіх біскупаў у Ватыкан, які адбыўся 11–17 снежня, Папа Рымскі Бенедыкт XVI звярнуў увагу, што Касцёл у сённяшнім свеце мусіць надаваць увагу такім праблемам, як трываласць сям’і, маральны стан грамадства, а таксама хрысціянскай фармацыі веруючых, асабліва моладзі.



Падчас візіту беларускіх біскупаў у Ватыкан, які адбыўся 11–17 снежня, Папа Рымскі Бенедыкт XVI звярнуў увагу, што Касцёл у сённяшнім свеце мусіць надаваць увагу такім праблемам, як трываласць сям’і, маральны стан грамадства, а таксама хрысціянскай фармацыі веруючых, асабліва моладзі.

Як расказаў арцыбіскуп мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, Папа заклікаў Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі да больш цеснага супрацоўніцтва прыходаў і дыяцэзій, супрацоўніцтва з Беларускай праваслаўнай царквой, каб разам адказваць на выклікі часу. Бенедыкт XVI выказаўся за падпісанне дамовы Ватыкана з Беларуссю і засведчыў Рымска-каталіцкаму касцёлу ў Беларусі штодзённую падтрымку.

Па словах Кандрусевіча, сустрэча з пантыфікам была вельмі важная для яго асабіста — гэта магчымасць лепш азнаёміцца з жыццём дыяцэзій і апостальскай сталіцы. Справаздачы, якія рабілі беларускія біскупы, яго эселенцыя лічыць своеасаблівым рахункам сумлення святароў. Пасланне пантыфіка да біскупаў мусіць стаць падмуркам дзейнасці Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі на бліжэйшыя пяць гадоў.

Сярод важных падзей года ў Касцёле ў Беларусі мітрапаліт назваў перыгрынацыю абразу Ісуса Міласэрнага, будслаўскі фэст, II малітоўную сустрэчу моладзі, а таксама каранаванні цудатворных абразаў Маці Божага Тракельскай і Маці Божай Уладаркі Азёр. Таксама Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў важнасць пілігрымак, якія з’яўляюцца сведчаннем веры для іншых людзей, ды свае візіты ў прыходы, што дазволіла лепш спазнаць жыццё Касцёлу ў Беларусі.

Напярэдадні свята Божага Нараджэння мітрапаліт звярнуўся да вернікаў, заклікаўшы іх канцэнтраваць сваю ўвагу не толькі на набыванні падарункаў родным і блізкім, але і не забывацца на сутнасць самой падзеі. «Хачу пажадаць, каб Езус Хрыстус нарадзіўся ў сэрцах людзей, адарыў нас сапраўдным супакоем, а святы былі святамі Божай ласкі, жыцця, і каб Бог вёў нас сваім шляхам у новым годзе», — сказаў Тадэвуш Кандрусевіч.

Каментаваць