Каб курсанты не завальвалі іспыты ў ДАІ…

Каб атрымаць правы кіроўцы аўтамабіля трэба не толькі дасканала вывучыць правілы дарожнага руху, але і вытрымаць іспыт па практычнаму кіраванню. Што часам — нялёгкая справа, асабліва ў нашай краіне.



Па сведчанні знаёмых беларусаў, якія пражываюць у Аўстраліі, ЗША, Швецыі, атрымаць правы кіроўцы ў гэтых краінах таксама складана, — але без залішніх эмацыяльных узрушэнняў. Там больш ўвагі надаецца практычным уменням прэтэндэнтаў, падчас іспыту можна запісацца на дакладны час здачы іспытаў і не страціціь цэлы дзень, стоячы ля будынка ДАІ. Суразмоўцы адзначаюць ветлівыя адносіны з боку аўтаінструктараў, паліцэйскіх інспектараў на ўсіх этапах навучання.

А што у нас? Мае суразмоўцы — случчане, выпускнікі школы кіроўцаў пры ДТСААФ. Некаторыя з іх ўжо атрымалі пасведчанні, а некаторыя ўжо ў каторы раз не могуць здаць экзамены.

Валянціна (сапраўднае імя жанчына папрасіла не называць) прыехала на іспыт у Слуцк з Капыля: «Я таксама скончыла аўташколу пры ДТСААФ, але ў Капылі. Шчыра кажучы, да гэтага часу ў шоку ад хамства свайго аўтаінструктара. Падобна, што ён не вучыўся ў звычайнай школе, бо ў кожным сказе былі адны «маты-пераматы» і зняважныя словы ў мой адрас Да гэтага часу не магу адысці ад маральнай аплявухі, якую атрымала ў аўташколе», — распавядае яна.

«Тут, у Слуцку, праблемы ўзніклі пад час здачы практычнай часткі. Вельмі дрэнная пляцоўка аўтадрома: яміны, разломы. Дзяжурны аўтамабіль маркі «Жыгулі» 2007 года засядае на гэтых ямінах, пры ўключэнні задняга ходу глушыцца. Адна жанчына з Капыля казала, што пад час іспыту ў момант выезду ў горад пры павароце руль ўвогуле адваліўся. Дык ці можна выпускаць такія аўтамабілі для здачы іспытаў непрафесйных новаспечаных аўтамабілістаў?», — працягвае яна.

Не падабаецца жанчыне і адсутнасць магчымасці запісацца на дакладную гадзіну для іспыту: «Вось мы прыязджаем з Капыля з самага ранку, бо патрэбна зарэгістравацца. Мне трэба здаць толькі «горад», мерзнем на вуліцы, чакаем выезду аўтамабіляў з аўтадрому, дзе здаюць экзамен па паркоўках. Магчыма, там скончыцца экзамен толькі ў абед. Марнуем цэлы дзень. Ды і наўрад ці здасі з першага разу».

Зінаіда Цімошак, грамадская актывістка са Слуцку, толькі што атрымала пасведчанне кіроўцы. На яе думку, патрэбны сістэмны падыход да рэфармавання самога працэсу навучання і здачы іспытаў.

«На мой погляд, не лішнім было б скараціць колькасць правіл і самую тэарэтычную частку. Вывучэнне тэорыі павінна ажыццяўляцца ў цеснай сувязі з практыкай. Трэба больш заняткаў для набыцця практычных навыкаў кіроўцы. Да гэтага часу на практычныя заняткі выдзяляліся 40 гадзін. У бліжэйшай будучыні колькасць практычных урокаў павялічыцца да 50. Я скараціла б у два разы час на вывучэнне тэорыі і падвоіла б колькасць практычных урокаў да 100. Тэорыю можна папрактыкаваць і дома пад час выканання тэстаў на кампутары, а вось недахоп навыкаў практычнага кіравання аўтамабілем дорага абыходзіцца на дарогах», — адзначае яна.

«Што тычыцца практыкі здачы іспытаў на правы ў Слуцку, — прадоўжыла жанчына, — гора тым курсантам аўташкол, якія ні разу не пабывалі на гэтых пляцоўках. У Слуцку мясцовае ДАІ ажыццяўляе прыём іспытаў «дыяганальная паркоўка» і «гараж» на аўтадроме УА «Слуцкі дзяржаўны сельскагаспадарчы ліцэй», які знаходзіцца побач з ДАІ. Можна сказаць, што гэтая пляцоўка патрабуе ад навічкоў навыкаў сапраўдных прафесіяналаў: не кожны курсант можа даехаць да парковачных месцаў».

Яе таксама ўразіў дзяжурны аўтамабіль маркі «Жыгулі» 2007 года выпуску. «Заехаўшы ў яміну, ён упарта не хацеў з яе выязджаць і там, у гэтай яміне, скончылася мая другая бясслаўная спроба даехаць да парковачнага месца. 14 кастрычніка такі лёс спасціг шмат якіх курсантаў», — адзначыла яна.

«Прыйшлося пасварыцца з інспектарам ДАІ, патэлефанаваць у арганізацыю, якая выдае па чацвяргах такі аўтамабіль, каб спыніць гэтыя здзекі над нявопытнымі навічкамі. Да таго ж, калі пераздача практычнай часткі іспыту ў ДАІ каштуе толькі 15 тысяч рублёў, аплата за карыстанне дзяжурным аўтамабілем каштуе больш за 80 тысячаў. Наплывае немалая сума», —кажа яна.

Асобна яна ўзгадвае пра некаторыя абставіны, што дапаўняюць маральнае прыніжэнне годнасці людзей, якія прыходзяць здаваць іспыты. Памяшканне слуцкага ДАІ знешне і ўнутры выглядзіць цывілізавана. Ёсць і цёплыя прыбіральні ўнутры будынка. На жаль, для наведвальнікаў ДАІ яны зачыненыя. Людзі павінны спраўляць свае фізіялагічныя патрэбы ў нязручных і нецывілізаваных прыбіральнях на вуліцы. Асабліва непрыемна гэта рабіць у халодную пару года. Здавалася б, з такой колькасцю наведвальнікаў можна было б адчыніць і цёплыя прыбіральні, а пры адсутнасці грошай на аплату тэхнічнага работніка, пры неабходнасці можна было б устанавіць кошты за такія паслугі. Вельмі непрыемная дробязь.Случчане ўжо даўно адвыклі ад такіх «вулічных выгод», паколькі на двары ўсё ж 21-е стагоддзе.

Інспектару ДАІ таксама не пазайздросціш: круціцца, як вавёрка ў коле, з раніцы да вечара. З 8 гадзін прымаў паперы на іспыты, пасля — тэарэтычны іспыт па правілах дарожнага руху, затым паркоўку і горад, ён жа выпісваў і правы. Калі ён еў і піў — невядома.

«Пажадана, каб была павялічана колькасць інспектараў, якія прымаюць іспыты, адпаведна наплыву людзей. А наплыў людзей з кожным годам становіцца ўсё большым. Для моладзі мець аўтамабіль — гэта ўжо мода, для многіх пажылых людзей — цяжкая неабходнасць з прычыны скарачэння прыгарадных дзяржаўных аўтобусных маршрутаў, дарэчы, як і для мяне», — скончыла свой расказ Цімошак.

Абмеркаванне:

  • polzh
  • 2014-11-11 16:04:46
Бедны Iнспектар...калі ж ён еў і піў ...:)

Каментаваць