Каб народных журналістаў пачулі прафесійныя СМІ

24 студзеня ў Мінску адбыўся круглы стол — семінар «Народная журналістыка: як зрабіць, каб Вас пачулі прафесійныя мас-медыя».



Удзельнікі круглага стала


На круглы стол для ўдзельнікаў конкурсу «Народны журналіст-2014», які чацвёрты год запар ладзіць адукацыйны «Цэнтар Супольнасьць», завіталі грамадскія актывісты — народныя карэспандэнты з Мінска, Маладэчна, Салігорска і Оршы, а таксама прафесійныя журналісты.
 
 
На думку першага амбасадара Беларусі ў Нямеччыне, кандыдата філалагічных навук Пётры Садоўскага, поспех народнага журналіста ў прафесійных СМІ абумоўлены, у першую чаргу, актуальнасцю — сацыяльнай значнасцю тэматыкі, а не памерам і стылёвымі асаблівасцямі тэксту. Сярод такіх важных для людзей тэмаў, якія часцяком абыходзяць прафесійныя карэспандэнты, спадар Садоўскі назваў аналіз спраў з выкарыстаннем сродкаў, што паступаюць ад аплаты камунальных паслуг на капітальны рамонт жылога фонду, з будаўніцтвам арэнднага жылля ў краіне, з прыватызацыяй кватэр, выдаткі на што для жыхароў часам перавышаюць рыначны кошт гэтага жылля, з сабекоштам гарадскіх перавозак на грамадскім транспарце, з выкарыстаннем талонаў на праезд у грамадскім транспарце з абмежаваннем тэрміну іх рэалізацыі пры падвышэнні кошту гэтых квіткоў, з высяленнем людзей з цэнтру гарадоў з будынкаў, якія нібыта знаходзяцца ў аварыйным стане, а таксама з сістэмным эканамічным наступам на ўласнікаў лецішчаў у 20-кіламетровай зоне вакол сталіцы.
 
 
Паводле словаў Пётры Садоўскага, найбольшы поспех маюць кароткія артыкулы на адну сацыяльна значную праблему, вылушчаную з ўсіх бакоў.
 
 
Затым адказны за новыя медыя ў рэдацыі Беларускай службы Радыё «Свабода» Франак Вячорка правёў семінар-практыкум па новым медыя, якія дазваляюць іх карыстальніку сціпла, змястоўна і вельмі хутка інфармаваць грамадства аб цікавых і важных падзеях у розных галінах жыцця.

Каментаваць