Каб захавалася памяць

Гарадзенскія гісторыкі Эдвард Дмухоўскі і Андрэй Вашкевіч узяліся даследаваць, як нашыя продкі выкарыстоўвалі  Нёман у якасці  “транспартнай артэрыі”.  У нядзелю, 13 ліпеня, яны прэзентавалі  вынікі сваіх даследванняў у Наваградку і Бярозаўцы.



Насад, струга, віціна, каробка…  Хтосці з наведнікаў ведаў значэннне гэтых словаў, хтосці — пачуў іх упершыню. Але цікава было ўсім. Расповяд пра сродкі, якімі карысталіся ў мінулым жыхары Панямоння, суправаджаўся дэманстрацыяй выяваў з старажытных малюнкаў і гравюр, архіўнымі  фатазтымкаміі фатакопіямі старых дакументаў. Асобнымі раздзеламі прэзентацыі – параходы, што курсавалі па Нёмане з сярэдзіны 19-га да сярэдзіны 20-га стагоддзя, іх гісторыя і незайздросны лёс; сплаў беларускага лесу па Нёмне і нёманскія плытагоны, якія, належачы розным нацыянальнасцям (беларусы, летувісы, немцы ва Ўсходняй Прусіі) стварылі сваю субкультуру і сваю прафесійную мову.

Сустрэчы сталіся цікавымі і карыснымі не толькі наведнікам, але і аўтарам прэзентацыі: калі сама прэзентацыя займае крыху больш за гадзіну па часе, то абмеркаванні, абмен інфармацыяй і дыскусіі працягваліся яшчэ добрых дзве гадзіны. Гісторыкам была зробленая заўвага, што тая частка Нёмана, якая вышэй Мастоў, амаль не закранутая даследваннем, а мясцовыя краязнаўцы распавялі шмат цікавых фактаў па тэме, чым вельмі ўсцешылі даследчыкаў.  Таму прыйшлі да агульнай высновы, што тэму трэба даследваць далей і грунтоўней, і, па магчымасці, праз год-другі зладзіць рэгіянальную канферэнцыю па такой цікавай тэматыцы, як “Суднаходства на Нёмне”.

Каментаваць