Кахаць, усміхацца ды жыць: да Дня святога Валянціна ў Гомелі адкрылася адмысловая фотавыстава

Першы антыкінатэатр абласнога цэнтра выступіў 12 лютага ў новай для сябе ролі грамадскай прасторы адкрыўшы ў сваіх сценах выставу фотапрац галоўных гомельскіх фатографаў.



Аўтары прадстаўленых на выставе “Кахаць. Усміхацца. Жыць” — фотакарэспандэнты газет “Гомельскія ведамасці” Ганна Пашчанка і Аляксей Герасіменка з “Гомельскай праўды”. На 20 здымках яны раскрываюць тэму кахання і любові ў самым шырокім сэнсе слова.

Фатографы паспрабавалі выйсці за межы выключна рамантычных узаемаадносінаў мужчыны і жанчыны. На партрэтах — сябры, сваякі ды знаёмыя фатографаў, зафіксаваныя ў моманты шчасця, радасці і духоўнай блізасці. Усе здымкі адмыслова не падпісаныя, бо Ганна і Аляксей не падзяляюць сваю творчасць і лічаць галоўным адлюстраваных на іх герояў.

Па меркаванні аўтараў Дзень святога Валянціна, да якога была прымеркаваная выстава — толькі яшчэ адзін повад зрабіць прыемнае сваёй другой палове, але кахаць адзін аднога і ставіцца да іншых людзей з любоўю трэба кожны дзень.

Ганна Пашчанка ужо прэзентавала ў 2015 годзе ў Гомелі сваю выставу мабілаграфіі #instamir. У яе межах у цэнтральнай гарадской бібліятэцы Герцэна былі размешчаны фатаздымкі, створаныя з дапамогай смартфона, а не прафесійнага здымача. У сваю чаргу Аляксей Герасемінка прымаў удзел у шэрагу калектыўных выстаў.

Выстава “Кахаць. Усміхацца. Жыць” будзе адкрытая да агляду гомельцаў да 5 сакавіка, уваход вольны.

Каментаваць