Каго не бяруць у аніматары

Яшчэ летам падчас «Цукеркавага фэсту» ў Івянцы маю ўвагу прыцягнулі маладыя людзі ў тэатральных строях, што паспяхова ладзілі інтэрактыўныя забаўкі для гасцей мерапрыемства. Пад Новы год гэтых жа актораў я ўбачыла на адным з карпаратыўных святаў. Уразіла, што беларускамоўная праграма з гістарычнымі персанажамі знаходзіла цёплы водгук у людзей, насуперак стэрэатыпу, што беларускае непатрэбнае і незразумелае. Адшукаць арганізатараў «Майстэрні ўражанняў» («Мастерской впечатлений») было няцяжка.



Яшчэ летам падчас «Цукеркавага фэсту» ў Івянцы маю ўвагу прыцягнулі маладыя людзі ў тэатральных строях, што паспяхова ладзілі інтэрактыўныя забаўкі для гасцей мерапрыемства. Пад Новы год гэтых жа актораў я ўбачыла на адным з карпаратыўных святаў. Уразіла, што беларускамоўная праграма з гістарычнымі персанажамі знаходзіла цёплы водгук у людзей, насуперак стэрэатыпу, што беларускае непатрэбнае і незразумелае. Адшукаць арганізатараў «Майстэрні ўражанняў» («Мастерской впечатлений») было няцяжка. І пасля размовы з кіраўніком калектыву Віктарам Караваем стала зразумела: анімацыя — гэта не толькі тэрмін з курортаў Егіпту і Турцыі. Яна ёсць і ў Беларусі: яркая, цікавая, вясёлая.

(На здымку: Віктар Каравай)


Віктар Каравай кіруе «Майстэрняй уражанняў», хаця ён інжынер па адукацыі. Тэхнар у абліччы рэжысёра! Першыя навыкі акцёрскага майстэрства і рэжысуры Віктар атрымаў у народным тэатры «Звон» пры Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, як і большасць удзельнікаў калектыву. Тэатр, музыка, танцы, вогненнае шоў — усё гэта можна пабачыць у выкананні маладога калектыву.

— Анімацыйнымі праграмамі для турыстаў у Беларусі займаюцца нямногія, а пачынаў гэтую справу Алесь Варыкіш (дырэктар фонду «Краіна замкаў», гаспадар аграсядзібы «Шляхецкі хутар Радзевічы» — аўт.). Мой сын працаваў у Варыкіша, ён ведаў, што я займаўся акцёрскім майстэрствам, і, калі ў іх былі праблемы з акторамі, запрасіў мяне падмяніць. Мне спадабалася сама ідэя, але акторскае выкананне, рэжысура, на маю думку, мелі хібы. Праз некаторы час я вырашыў сам стварыць калектыў, які б мог займацца анімацыйнымі праграмамі. І наша першая праграма была па-беларуску, мы ад пачатку арыентаваліся на беларускую мову. Так, у нас ёсць камерцыйныя праграмы па-руску, але ўсе турыстычныя — па-беларуску. Распавядаць гісторыю Беларусі па-руску — нонсенс. Шкада, што экскурсіі ў нас у асноўным ладзяцца на рускай мове. На пачатку ніхто не задумваўся, ці будзе гэты праект камерцыйна паспяховы, нам была цікавая творчасць. Касцяк акторскага складу — гэта былыя студэнты Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Там, да слова, адзін з самых лепшых самадзейных тэатраў Беларусі. Увогуле, у нашым калектыве ад пачатку быў своеасаблівы ролевы падзел: байцы і акторы. Першыя валодалі зброяй, паказвалі візуальныя эфекты, а тэатральны складнік быў за акторамі. Цяпер ролі змешваюцца.

— На падмостках анімацыйнага тэатру вы тры гады, але выглядае на тое, што справа ваша паспяхова развіваецца...


— Я б не пагадзіўся з вамі. Мы развіваемся павольна, паступова. Запатрабаванасць у гэтых праграмах насамрэч не такая і вялікая. Я бываю на розных семінарах, што ладзяцца ў турыстычнай галіне, і рэакцыя на паказальныя выступленні пазітыўная. Але калі даходзіць да справы, то ўсё мяняецца: гэты занятак патрабуе многа выдаткаў. Мае калегі жартуюць: «Спачатку мы працавалі за ідэю, потым за ежу, цяпер працуем за маленькі ганарар». Касцюмы, паездкі, арэнда абсталявання — усё патрабуе сродкаў. У нас публіка не гатовая плаціць грошы за выступленне невядомага напаўнення. Калі людзі ідуць у тэатр, то яны ведаюць, што прыблізна іх чакае, з анімацыяй жа малазнаёмыя. Апошнія гады ў краіне з’явілася нямала калектываў, якія займаюцца анімацыйнымі праграмамі, і, варта прызнаць, робяць гэта на нізкім узроўні. Што ў выніку адваджвае людзей.



— У такім выпадку распавядзіце пра асноўныя складнікі якаснай анімацыйнай праграмы.

— Зноў жа ўсё ўпіраецца ў фінансавы складнік. Калі людзі хочуць зарабіць, то калектыў набіраюць ледзьве не з вуліцы, усё робіцца без рэпетыцый, без сцэнарыяў, без рэжысуры... Ідэі часта добрыя, а выкананне не надта. Яшчэ адна рыса беларускага бізнэсу — у нас не думаюць пра кліента, як людзі ўспрымуць выступ. Аднаму з музыкаў я аднойчы зрабіў заўвагу, што ён халтурыў падчас выступу. Ён мне кажа: «Ды ладна, гэта ж турысты». Але гэта не падыход, людзі прыехалі, заплацілі грошы, і трэба зрабіць сваю працу для іх якасна, а не адмахвацца, маўляў, п’яныя, ім і так сыдзе! А ў некаторых санаторыях афіцыянткі ды качагары робяць самадзейную анімацыйную праграму для курортнікаў. Разумееце, што ў выніку атрымліваецца!

Перад новым годам я бачыў падобны выступ, то нават сорамна было. З прафесійных арганізацый у нас ёсць «Краіна замкаў» і «Святавід», апошнія працуюць у Лідскім замку, заняліся сваім прафесійным удасканальваннем. Ёсць яшчэ Дзед Мароз у Белавежскай пушчы і Зюзя Паазёрскі ў Паставах. Да слова: усе лясніцтвы атрымлівалі загад мець сваю анімацыйную праграму. Я тры гады займаюся гэтай справай і думаю, што мне яшчэ вельмі далёка да прафесіяналізму, а калі за гэта бяруцца далёкія ад тэатральных навыкаў людзі, то ўвогуле атрымліваецца абы-што.

Падзялюся цікавымі назіраннямі: аніматары — гэта не зусім акторы. У нас ёсць хлопец, які пачынаў працаваць з намі, потым паступіў на тэатральны факультэт, і ўжо яго заканчвае. Дык вось, як аніматар ён стаў горш працаваць, баіцца публікі. Не ведаю, што там робяць з акторамі ў часе прафесійнай падрыхтоўкі, але выбіваецца з людзей некі складнік. У выніку прафесійныя акторы цягнуць толькі на вядучага — чалавека, які працуе строга па тэксту. На адзін з фестываляў у Івянцы Антаніна Хатэнка запрашала вядомага актора Алега Манаева, яму прапаноўвалі пэўны вобраз прадставіць у натоўпе людзей. І Манаеў адмовіўся! Сказаў: «На сцэне — калі ласка, а так — не»…



— Вашы акторы выступаюць у цікавых касцюмах, ці дорага абыходзіцца гэты рэквізіт?


— У прафесіяналізме аніматара ёсць маральны і матэрыяльны складнік. Добрыя касцюмы — гэта вельмі важна, і яны дарагія. Мы робім замовы прафесійным швачкам, рэканструктарам. Простая сукенка ў сярэднявечным стылі каштуе блізу ста долараў, гусарскі касцюм — каля пяцісот, просценькі шляхецкі — дзвесце-трыста долараў. Поўныя латы ўвогуле каштуюць блізу дзвюх тысяч долараў. Спачатку мы вельмі трапятліва ставіліся да касцюмнага пытання. Але потым зразумелі, што гледачу абсалютна не патрэбная дасканалая гістарычная адпаведнасць. У некаторых дзеях у нас увогуле могуць прысутнічаць касцюмы розных эпох. Затое ў гістарычных рэканструкцыях мы імкнёмся не выступаць — там нас засмяюць, бо рэканструктары дбаюць пра кожную дэталь.

— Ці былі канфлікты з кліентамі?


  — У нас былі выпадкі, калі людзі на карпаратыве крычалі, што не хочуць праграму па-беларуску. Потым яны разыграліся, і прэтэнзіі былі знятыя. Яшчэ быў выпадак, што дырэктар кампаніі, якая звярталася да нашых паслуг, запатрабаваў зняць з праграмы дуду, матываваў ён гэта тым, што дуда не беларускі, а шатландскі інструмент. Мы знялі дудара і рабілі праграму пад флейту. Калі мы пачыналі працаваць з рускімі турыстамі, то рабілі для іх праграму па-руску. Пачыналі па-беларуску і потым пераходзілі на рускую мову. Але нам крычалі, каб мы працавалі па-беларуску, што яны гатовыя да мовы. І на наступны год мы ўжо рабілі для рускіх беларускамоўную праграму, канешне, з перакладам незнаёмых слоў. Напрыклад, «Станавіцеся ўсе ў кола! За Смоленском это круг». І яны ўсе смяяліся, ім падабалася. Цяпер мы рыхтуем спектакль пра Пане Каханку, і нам хацелася б паказаць яго вельмі неадназначна. І патрыётам, і самадурам, і дзяржаўным дзеячом. У цэлым у нас цяпер шырокія магчымасці для гледачоў. Можам зрабіць фактычна любую праграму па замове, тое ж «Чыкага», «Назад у СССР», але ўсё абавязкова са сцэнарным планам.

— Адкуль бяруцца сюжэты для праграм?

— Сюжэты мы ствараем самі, але многія ідэі запазычваем з гісторыі. Мы імкнёмся, каб не было нічога негістарычнага. Калі персанаж нешта гаворыць, то гэтыя словы не мусяць супярэчыць версіям гісторыкаў. Перш чым зрабіць праграму, я месяцы паўтара чытаю літаратуру, рыхтуюся. У нас ёсць праграма «Экзамен кавалера рэспектовага». Я чытаў кнігу Адама Мальдзіса і там наткнуўся на гэтых кавалераў рэспектовых, а да гэтага пра іх нічога не чуў. І ў выніку мы зрабіць цэлую праграму на гэтую тэму.

— Вы не баіцеся ператварыць гістарычных персанажаў, гістарычныя падзеі ў лубок?

— Я думаю, хай людзі ведаюць хоць нешта, чым увогуле нічога. Ёсць абрад «Цары», які нават уключаны ў спадчыну Юнэска. Прыехалі гісторыкі-культуролагі, і яны выказвалі прэтэнзіі, што гэты абрад ладзяць для турыстаў. Але калі нічога не рабіць, то ніхто і не будзе ведаць, што такое ёсць. Мы імкнёмся не рабіць з персанажаў поўных прыдуркаў. Калі ў нас князь Вітаўт, то ён не будзе піць з гасцямі. З міфалагічнымі персанажамі можна прыдумляць усё што заўгодна, але касцюмы імкнёмся рабіць згодна з апісаннем у літаратуры, надзяляем адпаведным характарам. Я не думаю, што нельга дакранацца да культурнай спадчыны, бо яна разаб’ецца.

— Які адсотак інтэрактыўнасці мусіць быць у анімацыйных праграмах?


— Недзе 70 адсоткаў, а ў карпаратыўных праграмах яшчэ больш. Мы метадам спробаў і памылак вызначылі аптымальны перыяд, калі можна трымаць публіку: гэта гадзіна, потым што б ні паказваў, гэта ўжо не цікава. Якая б колькасць гледачоў ні была, адсоткаў дваццаць не хочуць ні ў чым удзельнічаць. Таму мы і імкнёмся праводзіць конкурсы, гульні, у якіх публіка глядзіць на сваіх жа знаёмых, на тое, як яны паводзяцца ў забаўных, смешных сітуацыях.

— Ці можна да вас прыйсці працаваць? Напрыклад, чалавек паглядзеў вашу дзею ды і загарэўся стаць аніматарам-акторам.

— У нас няма свайго памяшкання для рэпетыцый, і я ўладкаваўся весці тэатральны гурток у дзіцячы дом творчасці, каб мець хоць нейкую пляцоўку. Там рэпетуюць нашы акторы, займаюцца тыя, хто прыходзіць непасрэдна ў сам гурток. Пасля многіх выступаў падыходзяць людзі з падобнымі пытаннямі, пішуць да нас на старонку «ВКонтакте». Але ў выніку фактычна ніколі не прыходзяць. Адзін аніматар можа ўтрымаць увагу ад пяці да сарака чалавек, часам у нас бываюць замовы на вялікія групы людзей, і таму нашых пастаянных актораў не хапае.

 

Каментаваць