Каго беражэ беларуская міліцыя…

Сітуацыя вымушае канстатаваць, што неадэкватна жорсткія дзеянні міліцыі — гэта не выключэнне з правілаў і не нейкая рэгіянальная асаблівасць. Міліцыя збівае грамадзян па ўсёй краіне, канстатуюць праваабарончцы з «Платформ Інавэйшн».



Міліцэйскае бязмежжа

Першая справа, якая прыцягнула ўвагу грамадскасці, — гэта шматгадзіннае збіццё Васіля Сарочыка, які падвергнуўся катаванням у будынку Ленінскага РУУС Мінска. Сарочыка вымушалі прызнацца ў злачынстве, якога ён не здзяйсняў. Дзякуючы таму, што гэтая сітуацыя выйшла на паверхню, Следчы камітэт усё ж распачаў крымінальную справу ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. Але потым закрыў яе «за адсутнасцю складу злачынства». То бок, збіццё ў РУУСе, «ластаўка», прымяненне спецсродкаў з боку міліцыі да пажылога чалавека не вартае расследавання.

Пасля таго, як гэтая справа атрымала грамадскі рэзананс, факты збіцця і катаванняў супрацоўнікамі міліцыі пасыпаліся на «Платформ Інавэйшн» як з торбы. У Лідзе двое братоў Шкурко былі збітыя супрацоўнікамі міліцыі проста на дыскатэцы, да таго ж ім у твар распылялі пярцовы газ. Міліцыянты нават не адразу скіраваліся ў Лідскі РУУС, а збівалі хлапцоў спачатку ў машыне, потым вывезлі ў бязлюднае месца і вычвараліся там… Вынікам стаў толькі адміністратыўны пратакол на аднаго з братоў. Але пасля скаргаў маці ўсім магчымым кіраўнікам, ад міліцыі да пракуратуры, каб апраўдаць свае дзеянні, на аднаго з братоў спрабуюць завесці крымінальную справу за супраціўленне супрацоўнікам міліцыі!

Віктар Ламека з Зэльвы быў збіты супрацоўнікамі ДАІ Слоніма. Спроба абскардзіць сфальсіфікаваныя праколы аб здзейсненым ім адміністрацыйным правапарушэнні скончылася для Віктара збіццём, лаянкай і складаннем у дачыненні да яго дадаткова чатырох пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях. Больш за год Віктар спрабуе абскардзіць вынесеныя ў дачыненні да яго пастановы і пакараць вінаватых у збіцці, аднак суды і пракуратуры, пачынаючы з раённых і заканчваючы Генеральнай пракуратурай і Вярхоўным судом, апраўдваюць дзеянні супрацоўнікаў ДАІ.

Ілля Зубеня быў збіты супрацоўнікам Ленінскага РУУС Мінска. Правёўшы двое сутак ва ўстановах органаў унутраных спраў, не атрымаўшы медыцынскай дапамогі, нягледзячы на відавочныя сляды збіцця і сімптомы страсення мозгу, Ілля быў прызнаны вінаватым па трох артыкулах КаАП РБ, але прысуджаны толькі да штрафу! У цяперашні час Зубеня абскардзіў вынесеныя ў дачыненні да яго пастановы па артыкулах 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў) і 23.5 (абраза службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў) Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, па факце збіцця яго супрацоўнікам міліцыі вядзецца праверка.

Сяргей Хачатуран і Віталь Ганчар з Дзяржынска былі закутыя ў кайданкі і жорстка збітыя супрацоўнікамі Дзяржынскага РУУС. Наступствамі дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі сталі страсенне мозгу і шматлікія траўмы на тварах і целах хлопцаў.

Нават не знайшоўшы час выслухаць сведак абароны, суддзя Крупец прывёў сведак-міліцыянтаў у стан афекту, калі яны ўжо адкрыта прызнавалі, што і пратаколы, і пастановы складаліся ў адсутнасці Ганчара і Хачатурана, запісы ў пратаколах «ад подпісу адмаўляюся» і «ўласнаручныя» подпісы выкананы «невядомымі», то бок, пратаколы сфальсіфікаваныя. Суд спыніў у дачыненні да хлопцаў адміністрацыйныя справы, аднак суддзя ўгледзеў у дзеяннях хлопцаў прыкметы злачынства і паспяшаўся далучыць матэрыялы адміністрацыйных спраў да матэрыялаў спраў крымінальных.

Прычым, у распараджэнне «Платформ Інавэйшн» трапіў дадатковы пратакол, на якім невядомы напісаў суддзі: «Гэта па справе супраціву работнікам міліцыі, пратакол, каб апраўдаць дзеянні ППС». То бок, нейкая асоба загадала суддзі вырашыць справу так, каб прыкрыць злачынныя дзеянні міліцыянтаў.

А колькі такіх выпадкаў не становяцца галоснымі? Масавасць прымянення сілы і здзекаў у дачыненні да грамадзян супрацоўнікамі міліцыі набываюць агульнарэспубліканскі маштаб. Але, што яшчэ страшней, суддзі, пракуроры і самі супрацоўнікі МУС усімі сіламі спрабуюць апраўдаць дзеянні міліцыянтаў, якія ў выніку пазбягаюць адказнасці.

 

30 сакавіка 2013 года Павел Кавалёнак і Вячаслаў Гаўрыленка былі затрыманыя супрацоўнікамі Першамайскага РУУС ў краме “Радзівілаўскі” па падазрэнні ў дробным крадзяжы. Іх адвялі ў падсобнае памяшканне крамы, надзелі наручнікі і пачалі жорстка збіваць. «Збівалі прыкладамі і ботамі”, — распавядае Вячаслаў. Стан Паўла, які, з яго слоў, нічога і нt ведаў пра крадзеж, а проста падышоў спытаць, што адбываецца, аказаўся настолькі цяжкі, што яго адвезлі ў шпіталь. Там у яго канстатавалі пералом лобнай пазухі і страсенне мозгу.

Чаму ж міліцыя лютуе?

Кіраўнік асветніцкага аб'яднання «Платформ Інавэйшн», па ініцыятыве якога грамадскасць даведаецца пра катаванні ў міліцыі, Андрэй Бандарэнка кажа, што ў першую чаргу гэта тлумачыцца адсутнасцю любога, хоць якога кантролю за дзеяннямі супрацоўнікамі міліцыі, а з іншага боку — падмацоўваецца тым, што ў міліцыю ідуць людзі, як правіла, з нізкім узроўнем адукацыі, з няўстойлівымі маральнымі прынцыпамі, і ўвогуле, па словах Бандарэнкі, выпадковыя людзі, далёкія ад паняцця ўнутраных спраў і законнасці.

Праблема ўсёдазволенасці міліцыянтаў, па меркаванні праваабаронцы, вылезла з праблемаў палітыкі. А дакладней — палітычна матываваных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі ў дачыненні да апанентаў улады.

«Гэтая праблема з'явілася напрыканцы 1990-х — напачатку 2000-х гадоў, калі супрацоўнікі міліцыі пачалі затрымліваць палітычных апанентаў без якіх-небудзь законных падстаў. Не апранутыя ў форму, не прадстаўляючыся, збіваючы, проста хапалі людзей на вуліцах падчас мітынгаў і акцый. Прычым такая палітычная матываванасць дзейнічала і ў судах. Калі прыводзілі чалавека з пратаколам, а сведкамі былі толькі супрацоўнікамі міліцыі, то суддзі разумелі: перад імі палітычны. Гэтага было дастаткова, каб накіраваць чалавека на 10–15 сутак у ізалятар», — згадвае Бандарэнка.

Гэта адыграла вельмі вялікую ролю ва светаўспрыняцці супрацоўнікаў міліцыі. І яны пачалі экстрапаляваць сябе на тых герояў, якім закон быў не пісаны. І з цягам часу нават шараговыя супрацоўнікі міліцыі зразумелі, што яны могуць беспакарана рабіць усё, што заўгодна, у дачыненні да любых грамадзян. То бок тое, на што закрываліся вочы ў дачыненні да апазіцыі, хваробай перакінулася на ўсіх грамадзян, незалежна ад палітычных поглядаў і прыхільнасці або непрыхільнасці да існуючага ладу.

Немагчымасць абараніцца ў судовым парадку, па меркаванні праваабаронцы, таксама выцякае з тых жа працэсаў, якія праходзілі напачатку стагоддзя. Па-першае, гэтаму спрыяе так званая прэзумпцыя даверу супрацоўнікам міліцыі. Суды звыклі скарыстоўваць гэтую прэзумпцыю даверу падчас працэсаў над палітычнымі, калі сведкамі выступалі толькі міліцыянты, і на падставе іх і толькі іх сведчанняў выносіць абвінаваўчыя прысуды. А калі гэта пачало тычыцца звычайных грамадзян, то суды сталі працаваць па старой завядзёнцы.

Свае сваіх прыкрыюць…

За станам законнасці павінна наглядаць пракуратура, а Следчы камітэт можа ўзбуджаць крымінальныя справы па факце злачынства. Але ў адносінах да супрацоўнікаў міліцыі гэта заканчваецца нічым. Так здараецца, па меркаванні Бандарэнкі, таму, што пракуратура ператварылася ў фармальную структуру, а СК — гэта тыя ж міліцыянты.

«Так, мы мелі спадзяванні на тое, што з утварэннем Следчага камітэта будзе неяк разарванае кола, калі злачынствы супрацоўнікаў міліцыі павінны расследаваць іх калегі. На жаль, такога не адбылося. Следчыя камітэты сфармаваныя з былых следчых РУУСаў, якія ўсё жыццё прарабілі са сваімі калегамі і ў цеснай звязцы з пракуратурай. Што ж тычыцца самой пракуратуры, то функцыя па нагляду за законнасцю ў ёй цалкам стала фармалізаванай і другаснай. Заўважце, што ў судовых працэсах пракуратура заўсёды займаецца падтрымкай дзяржаўнага абвінавачання. То бок, першая функцыя пракуратуры — пасадзіць чалавека, а не назіраць за законнасцю ягонага абвінавачвання», — кажа Бандарэнка.

Такім чынам, справа тут не ў адных міліцыянтах. Справа ва ўсёй нашай сістэме, якая спачатку дала неафіцыйны і нефармалізаваны дазвол на супрацьпраўныя дзеянні спачатку ў дачыненні да часткі грамадзян, потым з часткі гэта перакінулася на ўсё грамадства. І ўжо зараз, з цягам часу, сістэма набыла настолькі моцнае інерцыйнае дзеянне, што гэта стала вялікай праблемай.

Кадры не ўсё вырашаюць

Згодна сайту ГУУС Мінгарвыканкама, на працу патрабуюцца людзі для заняцця амаль усіх міліцэйскіх спецыяльнасцяў: ад тэлефаністаў 3 класа ў службу «102» да оперупаўнаважанага аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі (Партызанскі РУУС). Гэта нягледзячы на тое, што яшчэ толькі напачатку рэформа МУС, у часе якой плануюцца скарачэнні некаторых службаў.

Зразумела, праца міліцыянта — вялікая нагрузка, не вельмі вялікія грошы і ненармаваны працоўны дзень. Не ўсе такую нагрузку вытрымаюць. Па статыстыцы за мінулы год, менш за год на пасадзе ўчастковых інспектараў праслужылі 31% супрацоўнікаў міліцыі, 1–3 гады — 22%, 3–5 гадоў — 16%, 5–10 гадоў — 20%, звыш 10 гадоў — 10%.

Але ж тыя, хто пайшоў у міліцыю, ведалі, куды шлі! І цяжкая праца не павінна быць апраўданнем для беспакаранасці міліцыі.

Што раяць спецыялісты

Як палепшыць імідж нашай міліцыі? Як скараціць колькасць выпадкаў садызму і бязмернага ўжывання сілы?

Найперш, трэба паламаць сістэму беспакаранасці. Па меркаванні былога следчага пракуратуры Алега Волчака, для гэтага дастаткова толькі прыбраць з заканадаўства прэзумпцыю даверу супрацоўніку міліцыі ў судзе. Тады, па ягоным меркаванні, колькасць выбітых прызнанняў, колкасць ілжэсведчанняў і фальшывых пратаколаў рэзка ўпадзе.

Па меркаванні Бандарэнкі, міліцыя, у першую чаргу, не павінна ўхіляцца ад прызнання ўласных памылак. «Яна павінна рэагаваць на падобныя факты і паказальна караць тых, хто запляміў гонар мундзіра», — лічыць Бандарэнка.

Ён таксама прапануе міліцыі ўвесці ў МУС прыём кадраў праз гутарку з псіхолагам. Каб у далейшым людзі, непрыдатныя для службы ў міліцыі, у яе не траплялі. Гэта пазбавіць міліцыю і ад садыстаў у пагонах, і ад тых, хто па псіхічным складзе не можа вытрымаць міліцэйскія нагрузкі. Такім чынам, значна палепшыцца якасць кадраў і паменшыцца цякучка ў шэрагах міліцыі.

Але праваабаронцы, на жаль, не спадзяюцца, што ў гэтым рэчышчы будзе дзейнічаць рэформа МУС. Бо паламаць сістэму сама сістэма не здольная. Сістэму, як кажуць, трэба проста змяняць — цалкам і ўсю.

Каментаваць