Каго заманіла Вікіманія?

Не так даўно ў Лондане адбыўся сусветны форум рэдактараў Вікіпедыі і сумежных праектаў — Вікіманія–2014. Пра тое, што там адбывалася распавядае Вольга Сітнік, адміністратар беларускага раздзела Вікіпедыі.



GroupPhoto.jpg — Удзельнікі Вікіманіі–2014


— Спадарыня Вольга, якія агульныя ўражанні засталіся ад канферэнцыі?

— Гэтая Вікіманія сталася юбілейнай. Канферэнцыя праводзіцца кожны год, і кожны раз — у новым месцы. 10-я Вікіманія сабрала каля 2000 чалавек з 68 краін. Беларусь прадстаўляла я адна, таму мая місія была дастаткова адказнай і важкай.

Мерапрыемства праходзіла ў дзелавым цэнтры Барбікан, у самым сэрцы лонданскага Сіці, літаральна побач з сусветна вядомым Саборам Святога Паўла. Арганізатары мерапрыемства добрасумленна паклапаціліся дзеля забеспячэння максімальна эфектыўнай працы і супрацы ўсіх удзельнікаў: шмат утульных памяшканняў, выдатная інтэрнэт-сувязь, камфартабельныя нумары ў гатэлі. У вольны ж час гасцей Вікіманіі забаўляў сам Лондан — цудоўны горад, у якім шмат чаго прыдумана для зручнасці жыхароў і турыстаў.

Прыемна заўважаць, што іншыя ўдзельнікі Вікіманіі ведаюць не толькі Беларусь, але і наш раздзел Вікіпедыі, такім чынам нашы вялікія намаганні не мінаюць дарма, а дапамагаюць рабіць беларускую культуру і мову больш папулярнымі.

Я прымаю ўдзел у праектах Фонду Вікімедыя ўжо 5 гадоў, і таму маё наведванне Вікіманіі — гэта ў першую чаргу магчымасць сустрэцца з людзьмі, якія апантаныя аднолькавымі са мной ідэямі і памкненнямі. На падобных форумах можна пабачыць тварам да твару старых сяброў, пазнаёміцца з новымі, прааналізаваць вынікі, абмеркаваць бягучыя падзеі і пазначыць планы нашай супрацы ў будучыні.

— Як праходзіла мерапрыемства, якія секцыі прыцягнулі вашу ўвагу?

— Самай важнай сустрэчай канферэнцыі для мяне стаў незвычайны ланч, на які запрасілі ўсіх дзяўчат і жанчын, што прыехалі на Вікіманію. На Вікі-вімэнз-ланчы мы абменьваліся ўражаннямі наконт міжгендарных зносін, распрацаванасці каляжаночых тэматык, магутнасці разрыву паміж колькасцю мужчын і жанчын у Вікі-праектах. Было прадстаўлена грунтоўнае навуковае даследаванне з мэтай вызначыць, як удзел жанчын у праектах Вікімедыя ўплывае на самыя розныя аспекты супрацы: ад выбару тэм для рэдагавання да эмацыйных зносінаў паміж удзельнікамі.

Карысным і перспектыўным я лічу наладжванне сувязяў паміж Беларускай Вікіпедыяй і іншымі праектамі на славянскіх мовах. Была арганізавана спецыяльная сустрэча рэдактараў Вікіпедый Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, дзе абмяркоўваліся агульныя для рэгіёна пытанні і праблемы.

Асабіста ў мяне адбыліся цікавыя размовы з прадстаўнікамі Польскай, Рускай і Украінскай Вікіпедый. Зразумела, не ўсе сустрэчы былі афіцыйнымі, бо кожны момант Вікіманіі дае шмат карыснага кожнаму з гасцей.

— Якія ідэі і напрацоўкі вам падаліся прыдатнымі для рэалізацыі ў беларускім Вікі-руху?

— Самы ўражальны праект, пра які я даведалася на Вікіманіі, — гэта дзіцячы лагер, зладжаны армянскімі вікіпедыстамі. Падлеткі ў ім кожны дзень па некалькі гадзін працуюць на карысць Вікіпедыі. На жаль, беларусы пакуль не маюць такіх рэсурсаў, але ідэя шыкоўная.

— У чым адметнасць беларускай Вікіпедыі ў параўнанні з развіццём праекта ў нашых бліжэйшых суседзяў?

— У Беларускай Вікіпедыі даволі высокая эфектыўнасць працы кожнага з рэдактараў у энцыклапедычнай плыні, але пакуль дастаткова нізкая сацыяльная актыўнасць. У параўнанні з суседзямі можна сказаць, што нашы ўдзельнікі больш схільныя сядзець дома і працаваць над артыкуламі, чым сустракацца і ладзіць нават эпізадычныя праекты з жывымі людзьмі.

Важным накірункам абмеркаванняў 10-й Вікіманіі была тэма супрацоўніцтва праектаў Фонду Вікімедыя з прадстаўнікамі іншых рухаў і арганізацый, якія працуюць у галіне вольных ведаў, свабодных ліцэнзій і размеркаванага кіравання дадзенымі, ініцыятывамі і фінансамі. Да таго ж яшчэ з мінулых гадоў добра развіваюцца зносіны паміж вікіпедыстамі ўсяго свету і людзьмі, якія працуюць у музеях, архівах, бібліятэках і іншых падобных установах, прычым вельмі часта ініцыятыва паходзіць якраз ад урадавых і прыватных арганізацый, таму што гэта і дапамога валанцёраў, і добрая інфармацыйная падстава для згадвання ў СМІ, і рэалізацыя жадання адпавядаць патрабаванням лічбавай эпохі.

Што тычыцца беларускіх рэалій, то нават калі мы выходзім на кантакт, адказу не атрымліваем, хаця здараюцца і прыемныя выключэнні. Шкада, што часам энтузіязм музейных супрацоўнікаў сціхае, як толькі экспанаты расстаўленыя па паліцах, у той час, як са справаздач дакладчыкаў Вікіманіі добра відаць, што наладжванне экспазіцыі — гэта самае малое, што можа зрабіць музей для папулярызацыі сваіх калекцый.

— Ці можа звычайны чалавек трапіць на наступную Вікіманію?

— Канешне. Гэта зусім не складана. Чарговая Вікіманія будзе праводзіцца ў Мехіка, сталіцы Мексікі. Туды запрашаюць кожнага рэдактара Вікіпедыі. А стаць удзельнікам — двойчы элементарна: трэба проста націснуць кнопку «Правіць» на любой старонцы.

Даведка НЧ:

Вольга Сітнік на WikiWomen's Lunch

Вольга Сітнік, 31 год, адміністратар і даглядчык беларускага раздзелу Вікіпедыі. Нарадзілася і вырасла ў Слуцку, замужам, выхоўвае дачку Гануську. Аддае перавагу тэматыцы, звязанай з Беларуссю. Стварыла шмат артыкулаў пра гісторыю і культуру Беларусі, вядомых асобаў краіны, помнікі архітэктуры,  жывёльны і раслінны свет. Акрамя Вікіпедыі працуе ў сумежных праектах: Вікікрыніцы (арыгінальныя тэксты) і ВікіСховішча (фотаздымкі, аўдыё і відэа).

Каментаваць