Калі-небудзь даведаемся

11 красавіка — гадавіна выбуху на станцыі «Кастрычніцкая» мінскага метрапалітэну. Гадавіна змененай свядомасці: дзяржава з аграмадным сілавым рэсурсам не можа гарантаваць бяспеку сваім грамадзянам.



11 красавіка — гадавіна выбуху на станцыі «Кастрычніцкая» мінскага метрапалітэну. Гадавіна змененай свядомасці: дзяржава з аграмадным сілавым рэсурсам не можа гарантаваць бяспеку сваім грамадзянам.

Выбухі ў краіне былі і раней — у пад’ездзе жылога дома, калі быў забіты кіраўнік КДК па Магілёўскай вобласці Яўген Мікалуцкі, у Віцебску, у Мінску, калі пацярпелі дзясяткі людзей. Але выбух на “Кастрычніцкай упершыню забраў жыцці 15 мірных грамадзян мірнай Беларусі. Цяжкія цялесныя пашкоджанні атрымалі 32, менш цяжкія — 72, іншыя цялесныя пашкоджанні — 283 чалавекі. Беларусь — як краіна з падвойным напластаваннем: на першы погляд, усё проста і зразумела, але пры бліжэйшым разглядзе выяўляецца, што і падзеі, і асобы ў выніку маюць падаплёку.

Вясной 2011 года ў Беларусі панавала перадкрызісная паніка — ажыятажна спусташаліся прылаўкі крамаў, пачала знікаць валюта, наэлектрызаванасць папросту лётала ў паветры. І, па сутнасці, 11 красавіка стала страшнай апагейнай кропкай на ўвесь год. Але, як было згадана вышэй, апагей гэты быў неадназначны. Здавалася б, куды больш проста: было злачынства, злачынцы зной­дзеныя і пакараныя.

Ужо праз паўгода Вярхоўны суд прызнаў 25-гадовых «токара і электрыка» — Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва — вінаватымі ў тэракце. І прыгаварыў іх да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу. Канавалаў прызнаў сваю віну ў судзе, але паказанні даваць адмовіўся, за памілаваннем да Аляксандра Лукашэнкі не звяртаўся. Кавалёў у судзе ад ранейшых паказанняў адмовіўся, і ў апошнім слове звярнуўся да прысутных са словамі: «Калі я і сяджу ў гэтай клетцы, гэта не значыць, што я здзяйсняў гэтае злачынства». Уладзіслаў Кавалёў пісаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, да апошняга за яго змагалася маці Любоў (які сімвалізм!). Яна і пасля паведамлення аб выкананні смяротнага прысуду спадзяецца, што «калі-небудзь мы даведаемся ўсю праўду аб тэракце ў мінскім метро».

Абодва выракі былі прыведзеныя ў выкананне прыкладна ў сярэдзіне сакавіка, нягледзячы на тое, што скарга Кавалёва на прыгавор была зарэгістраваная ў Камітэце ААН па правах чалавека. У Вярхоўным судзе не паспелі разгледзець наглядную скаргу на смяротны прысуд. Не будзем абагульняць і гаварыць, што кожны верыць (ці наадварот — не верыць) афіцыйнай версіі, але гэты прысуд дакладна не пакінуў у беларусаў адназначнага ўражання.

Паводле снежаньскага апытання 2011 года Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, у вінаватасць Канавалава і Кавалёва не вераць 43,4% беларусаў,  37% — вераць у іх вінаватасць, 19,6% — не змаглі вызначыцца з адказам. Эксперты НІСЭПД таксама адзначаюць, што ў афіцыйную версію следства па справе аб тэракце ў мінскім метро ў больш ступені паверылі жанчыны і пажылыя людзі (традыцыйна гэтая частка насельніцтва галасуе за Аляксандра Лукашэнку, адпаведна, яны апрыёры ў большай ступені давяраюць і трактоўкам улады).

Цікава і тое, што большая частка рэспандэнтаў (53,4% супраць 38,5%) заявілі, што не адчува­юць сябе асабіста пад абаронай Закону. Прычыны гэтага 29,2% апытаных бачаць у тым, «што законы вольна тлумачацца тымі, хто знаходзіцца ва ўладзе», 28,4% — у тым, «што законы пісаныя не для ўсіх — з’явілася занадта шмат людзей, якія адчуваюць сябе над законам».

Пасля гэтага прысуду ці не ўпершыню ад часу рэферэндуму 1996 года ў шырокую публічную дыскусію вылілася пытанне аб наяўнасці ў краіне смяротнай кары. І нават без асветніцкай працы дзяржавы стала зразумела, што прыхільнікаў гэтага віду пакарання значна менш, чым было ў 1996-м. Магчыма, не апошнюю ролю тут адыгрывае акурат такі адчуванне ўласнай абароненасці Законам. Дый справа Канавалава і Кавалёва, якая пакінула пасля сябе мноства пытанняў, але не адчуванне завершанасці, вырашанасці, адыграла немалую ролю. Бо смяротны прысуд бандзе марозаўцаў (само словаспалучэнне выключае маральныя сумневы) і прысуд «токару і электрыку», па завяршэнні якога пацярпелыя крычалі «Ганьба суду!», — розныя для асэнсавання сітуацыі.

Праз год пасля трагедыі быццам бы знойдзеныя і пакараныя вінаватыя, усталяваны помнік, аддадзеная даніна памяці. Усё як мае быць. Але паназірайце, як шарахаюцца ў метро ў бакі людзі ад тых, хто зайшоў з вялікай торбай. Зна­чыць, няма веры ў тое, што больш не загінуць, не будуць скалечаныя па дарозе на працу ці спатканне людзі ў мірнай краіне без войнаў і канфліктаў.

Грамадства вымагае ад дзяржавы не толькі дэманстрацыі фатальнай сілы, але і празрыстасці, зразумелай і неаспрэчнай праўды.
 

Каментаваць