Калі варта адзначаць дзень беларускага студэнцтва?

Чытаю ў «Звяздзе» пра традыцыі расійскага студэнцкага Таццянінага дня. А на сайце «Хартыі–97» пра тое, як у нядзелю 25 студзеня віцебскія міліцыянты перашкодзілі моладзеваму святу, наладжанаму актывістамі «Нашага дому».

Таццянін дзень, які цягам апошніх год спрабуюць адзначаць як дзень студэнцтва і ў Беларусі, у гэтай якасці выклікае ў мяне супярэчлівыя пачуцці.



Чытаю ў «Звяздзе» пра традыцыі расійскага студэнцкага Таццянінага дня. А на сайце «Хартыі–97» пра тое, як у нядзелю 25 студзеня віцебскія міліцыянты перашкодзілі моладзеваму святу, наладжанаму актывістамі «Нашага дому».

Таццянін дзень, які цягам апошніх год спрабуюць адзначаць як дзень студэнцтва і ў Беларусі, у гэтай якасці выклікае ў мяне супярэчлівыя пачуцці.

Сапраўды, у 1755 годзе ў Маскве быў заснаваны універсітэт. І што з гэтага? Колькасць студэнтаў у найстарэйшай расійскай навучальнай установе дасягнула 1000 толькі праз 100 год, у 1855-м. Для параўнання, першы беларускі універсітэт быў заснаваны ў Вільні ў 1579 годзе. Ужо ў часы гвалтоўнага яднання з Расіяй ён быў самым буйным у Еўропе, пераўзыходзіў па колькасці студэнтаў Оксфардскі універсітэт (1823) і налічваў у 1830-м, за два гады да свайго закрыцця (з ласкі вялікага асветніка беларусаў цара Мікалая І «Палкавіча»), 1321 навучэнца.

Руіна вышэйшай школы Беларусі — вынік знаходжання нашай краіны ў складзе Расійскай імперыі. Насуперак таму, што ўзровень адукаванасці (як першаснай, так і гімназічна-універсітэцкай) у Беларусі заўсёды перавышаў расійскі, ужо і ў савецкія часы братнюю Беларусь «трымалі» на 5-м месцы па колькасці студэнтаў сярод краін СССР. Пасля Расіі, Літвы, Латвіі і Арменіі. У 1981 годзе на тысячу жыхароў у Расіі прыходзілася 24,5 студэнта, у Беларусі — 17,7. Значная статыстычная перавага Расіі тлумачыцца проста — там вучылі не толькі для сябе. Там рыхтавалі кіраўнічыя і адпаведнага кшталту навуковыя кадры для савецкіх калоній-рэспублік.

У мяне да Маскоўскага універсітэта, які ў абмаляванай палітыцы быў таксама важным шрубком, асабістае стаўленне. Бо я скончыў гэту ўстанову, навучаўся на аддзяленні гісторыі мастацтваў у 1980–1986 гадах. Можа камусьці падасца цікавым, але найлепшыя, самыя вядомыя выкладчыкі там былі паходжаннем… з Беларусі! Памерлы 2 гады таму Віктар Мікалаевіч Грашчанкаў, непераўзыдзены знаўца італьянскага адраджэння і кіраўнік кафедры замежнага мастацтва — сын Мікалая Іванавіча Грашчанкава з Мсціслаўшчыны, нейрафізіёлага і акадэміка АМН СССР. Лепшы мастацтвазнаўца-візантыніст былога СССР, выключны знаўца іканапісу Вольга Сігізмундаўна Папова з роду Ізмайловічаў-Раманоўскіх (маёнтак Чарэвічы на Ушаччыне) прасіла мяне ў 2007 годзе, між іншым, навесці даведкі — што засталося ад сямейнага гнязда. Можа хто ведае? А Аляксей Растаргуеў, адносна малады спецыяліст, які быў апанентам на абароне майго дыплома («Мастацкая калекцыя Радзівілаў у Нясвіжы»), прызнаўся тады, што па жаночай лініі належыць да Радзівілаўскага роду. І нават стары-стары габрэй, гісторык мастацкай крытыкі, дысцыпліны ў дысцыпліне, Кауфман, паходзіў з Гомеля. З тыповым габрэйскім вымаўленнем пад добразычлівы смех аўдыторыі ён любіў назваць мяне «земляком».

Пашукаўшы, знайсці добрыя сувязі паміж беларусамі і Маскоўскім універсітэтам можна ва многіх сферах. Але ці гэта падстава не спрабаваць для студэнцкага свята ў нашай краіне падабраць больш адпаведную дату? Таццянін дзень — цудоўнае свята, хай яго ўспамінаюць усе, каму яно дарагое.

Я зноў хілюся да Вільні, тым больш што фармальна час 430-гадовага юбілею Віленскага універсітэта прыпадае на гэты год (1579–2009). Менавіта тады, 1 красавіка 1579 года, вялікі князь Стэфан Баторый выдаў прывілей на зацвярджэнне за Езуіцкай калегіяй (паўстала ў 1570) статуса універсітэта. Што сваёй булай 30 кастрычніка 1579 года пацвердзіў папа Рыгор ХІІІ. Гэтае свята яднае нас з нашымі гістарычна адзінакроўнымі братамі, літоўцамі. Для нас і для іх Віленскі універсітэт — калыска навуковай і інтэлектуальнай традыцыі.

Сярод выпускнікоў акадэміі-універсітэта — Мялецій Сматрыцкі і Сімяон Полацкі. Амаль усе заснавальнікі мастацкай школы Беларусі ХІХ стагоддзя. Студэнты, заснавальнікі таварыставаў філаматаў і філарэтаў, паэты, пісьменнікі, грамадскія дзеячы — А. Міцкевіч, Т. Зан, Я. Чачот, А. Ходзька. У Віленскім універсітэце ў працах М. Баброўскага і І. Даніловіча ў ХІХ стагоддзі нараджалася гістарычнае і тэарэтычнае разуменне беларускай дзяржаўнасці, актуальнае да сёння. А якія імёны ўвайшлі ў гісторыю геалогіі (І. Дамейка), хіміі (А.Снядэцкі), астраноміі (М.Пачобут-Адляніцкі)!

1 красавіка падаецца вельмі добрай датай. З XVI стагоддзя — гэта дзень смеху ва многіх еўрапейскіх краінах, «дзень дурня». Ці не ёсць у гэтым своеасаблівая логіка «ад супрацьлеглага» — хіба не студэнцтву больш за ўсё уласцівыя жыццесцвярджальная весялосць, іронія і самаіронія. Прапаноўваю абмеркаваць гэту тэму. Да юбілейнага 1 красавіка 2009 года яшчэ больш за 2 месяцы — можна паспець зрабіць перад гэтым вясёлым агульнапрызнаным святкаваннем адпаведныя акцэнты, каб з цягам часу займець свой, лагічна абгрунтаваны, беларускі Дзень студэнта.

Каментаваць