Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

«Калі б хацелі — мы б вас акупавалі». Кантэміраўская дывізія пакідае Беларусь

Сёння на станцыі Верайцы пачалася пагрузка бронетэхнікі Кантэміраўскай дывізіі 1-й танкавай арміі, што ўдзельнічала ў вучэннях «Захад-2017» на тэрыторыі Беларусі. Расійскія вайскоўцы вяртаюцца дадому.

Танкі Кантэміраўскай дывізіі на станцыі Верайцы  									
									


Танкі Кантэміраўскай дывізіі на станцыі Верайцы 

Пагрузка, якая пачалася яшчэ ў першай палове дня 20 верасня, адбываецца ля пасажырскай станцыі на вачах мясцовых жыхароў. Тэхніку таксама добра бачна і з электрычак, што курсуюць паміж Асіповічамі і Мінскам.

Расійская тэхніка ў Верайцах 

«Усіх ворагаў перамаглі — вось і зʼязджаем», — жартуе расійскі капітан, якога мы сустракаем у краме ля станцыі.

Патруль беларускай камендатуры тлумачыць нам: тыя падраздзяленні, баявая задача якіх ужо была выканана, пачалі пагрузку сёння, яшчэ да афіцыйнага завяршэння манеўраў. Але частка расійскіх вайскоўцаў пакуль застаецца на палігоне.


Расійская тэхніка ў Верайцах 

20 верасня ў Верайцах грузіцца Ямпольскі мотастралковы полк Кантэміраўскай дывізіі — байцы з адпаведнымі нашыўкамі нясуць варту з абодвух бакоў чыгункі.

«Жылі мы тут у намётах, побач з палігонам. Шмат нас было. А цяпер вось вяртаемся… Вучэнні прайшлі паспяхова», — распавядае шараговец Ямпольскага палку Андрэй.

Наш суразмоўца — кантрактнік, служыць у войску 1,5 гады. Нарадзіўся ён ва ўкраінскім Днепрапятроўску (цяпер — Днепр), але пражыў усе жыццё ў Расіі. Андрэй упэўнены: Расія — наймагутнейшая краіна ў свеце.

«Калі б мы хацелі вас акупаваць — мы б акупавалі і вы нават не зразумелі б нічога. Проста хадзілі б потым і афігевалі, што сталі расіянамі. Як мы з Крымам зрабілі… Расія — вялікая дзяржава. Яе ніхто ніколі не пераможа», — кажа Андрэй.
Тым часам кіроўца таксоўкі, што падвозіў нас да Верайцоў, прыгадвае:

«Днямі расіяне ўтапілі танк у вадаёме — грыбнікі фатаграфавалі ды смяяліся. А ўвогуле, стралялі яны і па-за межамі палігона. Проста ля дарогі можна было пабачыць, як страляюць», — кажа ён.
Нагадаем, 20 верасня — фінальны дзень сумесных стратэгічных манеўраў «Захад-2017». Цяпер, паводле інфармацыі Мінабароны, цягам дзесяці дзён расейскія войскі мусяць пакінуць тэрыторыю Беларусі, а беларускія — вярнуцца ў месцы пастаяннай дыслакацыі.

Сёлета да вучэнняў «Захад-2017» была прыкаваная асаблівая ўвага міжнароднай супольнасці. Беларускі бок акрэдытаваў назіральнікаў з 5 краін НАТА і Украіны, а таксама 280 журналістаў.

На брыфінгах прадстаўнікі Мінабароны неаднаразова падкрэслівалі празрыстасць усіх мерапрыемстваў, звязаных з «Захадам-2017». Разам з тым, на адмыслова створаным сайце, акрамя колькасці расійскіх вайскоўцаў (12 700 чалавек) не паведамляліся важныя дэталі.

Напрыклад, не была апублікаваная інфармацыя пра канкрэтныя падраздзяленні 1-й танкавай арміі, што бралі ўдзел у манеўрах, не ўдакладнялася, на які аэрадром прыбывала расійская авіяцыя. 

Ігар Ільяш, Кацярына Андрэева; belsat.eu


Каментаваць