Калі нас накрые трэцяй хваляй фемінізму

Ці мусяць існаваць асобныя прыбіральні для трансгендараў? Ці варта выкарыстоўваць словы «маці» і «бацька» ў афіцыйных дакументах? Людзьмі года часопіс «Time» назваў жанчын, якія расказалі пра дамаганні Харві Вайнштэйна. Хайп вакол феміністычнай тэмы не вынаходніцтва 2000-х — ім суправаджалася кожная з трох хваляў фемінізму.


Не абыходзіць гэта тэма і Беларусь — дастаткова ўзгадаць пратэсты (адбылося нават цэлае несанкцыянаванае мерапрыемства) феміністак з нагоды рэкламы бялізны «Mark Formelle». А колькі шуму нарабіла сексісцкае выказванне Ярмошынай пра «варыць баршчы замест хаджэння на Плошчу»? 

Тры хвалі

Хайп вакол феміністычнай тэмы не з’яўляецца вынаходніцтвам 2000-х гадоў — ім суправаджалася кожная з трох хваляў фемінізму.

Да першай хвалі (другая палова ХІХ стагоддзя) адносяць рух суфражыстак — жанчын, якія дамагаліся роўных з мужчынамі палітычных правоў — у прыватнасці, права галасаваць на выбарах. Да другой — шырокі рух 1960-х гадоў, які змагаўся за раўнапраўе ў побыце, права на аборты і супраць забаронаў на прафесіі для жанчын.

Аднак менавіта фемінізм трэцяй хвалі прэтэндуе на самыя радыкальныя змены не толькі ва ўзаемаадносінах палоў, але і побыце, штодзённых звычках, культуры, і нават мове кожнага чалавека. 



Сацыялогія і філасофія на службе фемінізму

Фемінізм трэцяй хвалі запачаткаваны напрыканцы 1980-х — напачатку 1990-х гадоў, і непарыўна звязаны з сацыялагічнай канцэпцыяй інтэрсекцыянальнасці (анг. «intersection» — «перасячэнне»), якая ўспрымае грамадства падзеленым на сотні розных груп і ідэнтычнасцяў: па такіх прыкметах, як клас, раса, гендар, сексуальная арыентацыя, знешняя прывабнасць, супадзенне біялагічнага і сацыяльнага полу і гэтак далей. Гэтыя характарыстыкі часцяком робяцца падставай для дамінавання адной супольнасці над другой: белая жанчына знаходзіцца ў прывілеяваным стане адносна чорнай, а працоўны-гетэрасексуал — прывілеяваны (ці нават прыгнятальнік) у дачыненні да працоўнага-гея, бо першы падпадае пад гетэрасексуальныя нормы, а другі, наадварот, пакутуе ад іх.

Такім чынам, фемінізм трэцяй хвалі сцвярджае, што адзінства ўсіх жанчын быць не можа, бо нават сярод іх існуюць групы больш прыгнечаных (чорныя, лесбіянкі, «непрыгожыя», жанчыны з інваліднасцю, трансгендарныя жанчыны і гэтак далей) і менш прыгнечаных (белыя, гетэрасексуалкі, знешне прывабныя, фізічна здаровыя, цысгендарныя і гэтак далей). Ніякага «ўніверсальнага досведу» ўсіх жанчын няма, і першыя з другімі ніколі не паразумеюцца.

Філасофскі падмурак фемінізму трэцяй хвалі — постструктуралізм. Ён адмаўляе панятак нормы ўвогуле, сцвярджаючы: тое, што навязана нам як норма, насамрэч, сфармавана мовай і ідэалогіяй, якія пануюць вакол нас з дзяцінства. У разуменні постструктуралістаў, перафразуючы Маркса, «мова вызначае свядомасць», і стварае сацыяльныя адносіны, якія ўсталёўваюць прыгнёт. Гэта не толькі традыцыйныя сямейныя ролі, але і гендар (сацыяльны пол) як такі. На іх меркаванне, людзі ад нараджэння маюць толькі фізіялагічную палавую прыналежнасць, якая вызначаецца хіба нязначнымі адрозненнямі ў целаскладзе. Усё астатняе закладаецца соцыумам. Калі б не было соцыуму, мы жылі б у грамадстве, дзе паняткаў «мужчына» і «жанчына» не існавала б.

Такім чынам, калі феміністкі другой хвалі змагаліся за адмену гендарных стэрэатыпаў, феміністкі трэцяй хвалі патрабуюць адмену гендараў як такіх, — і, у першую чаргу, праз змену культуры і мовы, якія, на іх думку, утрымліваюць прыгнёт і замацоўваюць няроўнасць. Адсюль мода на фемінітывы, патрабаванне адмяніць паняткі «маці» і «бацька», прасоўванне гендарна нейтральных займеннікаў...

Шмат што з канцэптаў феміністак, якія зараз шырока абмяркоўваюцца на Захадзе, могуць шакаваць беларусаў. Напрыклад, панятак гендарфлюіднасці (рухомасці гендараў), згодна з якім чалавек можа прачнуцца зранку, адчуваючы сябе адным гендарам, а заснуць — з іншым, і гэта цалкам нармальна. Альбо патрабаванне да мужчын мачыцца седзячы, вакол якога пабудаваныя цэлыя грамадскія кампаніі.

Вось колькі, на думку сучасных феміністак, існуе гендараў  



Дасягненні і крытыка

Сабе ў актыў феміністкі трэцяй хвалі могуць запісаць шэрагі дасягненняў, якія ўжо лічацца трывалай часткай заходняй культуры. Па-першае, гэта амаль паўсюдны дазвол на аднаполыя шлюбы. Менавіта пад ціскам феміністычнага і ЛГБТ-руху «здаліся» большасць краін Еўропы, а потым і ЗША. Па-другое — масавае прыняцце эфектыўных законаў супраць хатняга гвалту на нацыянальным і міжнародным узроўнях. Па-трэцяе — узняцце праблемы сексуальных дамаганняў і згвалтаванняў, у тым ліку на працоўным месцы. Феміністычны рух апошніх дзесяцігоддзяў спрычыніўся да таго, што гэтая тэма перастала быць табуяванай, а ахвяра сексуальнага гвалту ўжо не баіцца публічна агучыць тое, што з ёй адбылося. Сучасныя феміністкі з пераменным поспехам змагаюцца за роўныя заробкі для мужчын і жанчын, за правы трансгендараў і прастытутак, супраць стандартаў прыгажосці.

Асобныя напрамкі фемінізму — такія, як анарха-фемінізм — дапаўняюць гэта сцверджаннем неабходнасці ліквідацыі іерархічных адносін між людзьмі ўвогуле.

Практычнае выказванне ідэй сучаснага фемінізму, аднак, нярэдка робіцца аб’ектам крытыкі. Найперш, гэта практыка «пазітыўнай дыскрымінацыі», калі лічыцца, што жанчыны — як больш прыгнечаны слой насельніцтва — мусяць мець квоты ў прыёме на прафесіі, ва ўніверсітэты ці ў органы ўлады (накшталт 30–40% квотаў для жанчын у парламентах). Феміністкам пярэчаць: набор куды б ні было мусіць адбывацца на конкурснай падставе, па асабістых якасцях, бо ва ўмовах фармальнай прававой роўнасці прадстаўленне прывілеяў — несправядлівасць.

Барацьба феміністак супраць аб’ектывацыі (успрымання жанчын выключна як сексуальнага аб’екту) у скрайніх праявах прыводзіць да патрабаванняў забараніць эратычныя выявы жаночага цела ўвогуле. Напрыклад, пэўны час таму з галерэі Мастацкага музея Манчэстэра пад ціскам феміністак была прыбраная карціна Джона Уільяма Вотэрхаўса «Гілей і німфы».

Карціна Джона Уільяма Вотэрхаўса «Гілей і німфы» 

На яе месца быў павешаны заклік адміністрацыі галерэі да дыскусіі пра тое, як інтэрпрэтаваць творы ХІХ стагоддзя ў сучасных рэаліях і ці варта лічыць іх «сексісцкімі» (карціну, праўда, хутка вярнулі на месца).

Яшчэ раней грымнуў скандал з астрафізікам Мэтам Тэйларам — адным з ключавых вучоных касмічнай місіі «Разетта». Прычынай яго стала... кашуля.

 

 Астрафізік Мэт Тэйлар

Феміністкі разглядзелі ў вопратцы з прынтамі напаўаголеных жанчын аб'ектывацыю, сексізм і нянавісць да жанчын, і пачалі жорсткую траўлю вучонага, патрабуючы яго звальнення. Вядомае выданне “The Verge” нават размясціла артыкул пад загалоўкам: «Не важна, што ты пасадзіў касмічны апарат на камету — твая кашуля сексісцкая!» У выніку астрафізік, ледзь стрымліваючы слёзы, прынёс публічныя прабачэнні.

Яўны перакос назіраецца і ў барацьбе з дамаганнямі. Пасля выкрыцця Вайнштэйна і флэшмобу “#MeeToo” ў сацсетках скаргі на дамаганні на адрас публічных персон пасыпаліся як з вядра. Спецыфіка ж ЗША і Еўропы такая, што часам дастаткова аднаго толькі публічнага абвінавачання ў «харасменце», каб зруйнаваць кар’еру чалавека і запусціць яго публічную траўлю. Услед за барацьбой феміністак са «скрадзенымі пацалункамі» і «несанкцыянаванымі дотыкамі» пачаліся размовы і пра «візуальныя дамаганні».

Змаганне з дамаганнямі пераўтварылася ў паляванне на ведзьмаў — такую думку выказала Катрын Дэнёў у «Лісце ста жанчын». У ім яна разам з сотняй прадстаўніц інтэлігенцыі заклікала не пераўтвараць барацьбу з дамаганнямі ў барацьбу з сексуальнасцю, і захаваць за мужчынамі права быць актыўным бокам у зносінах.

«Перагібы» ў барацьбе за роўнасць выклікаюць не толькі шквал крытыкі на адрас заходніх феміністак, але і спрыяюць зваротнай рэакцыі. Стаміўшыся ад патрабаванняў быць паліткарэктнымі, абвінавачанняў у сексізме і мізагініі, многія мужчыны папаўняюць шэрагі ўльтраправых ці прыхільнікаў Трампа. 

Ці накрые Беларусь трэцяй хваляй?

Усе гэтыя аповеды могуць падацца далёкімі і адцягнутымі, калі не ўлічваць адну рэч: ледзь не ўсе сацыяльна-палітычныя трэнды, што падымаюцца ў ЗША і Заходняй Еўропе, праз 5–20 гадоў прыходзяць ва Усходнюю Еўропу. А затым — і ў Беларусь. Дык можа і нам варта чакаць увядзення гендарна нейтральных займеннікаў у якасці перадвыбарчага абяцання кандыдатаў у прэзідэнты?

Магчыма і так, але ёсць нюанс. У Беларусі не было ані першай, ані другой хвалі фемінізму. Усе правы, якімі зараз карыстаюцца жанчыны, былі не вынікам доўгай грамадзянскай барацьбы, а вынікам змены ўлады.

Пакуль у Еўропе віравала першая хваля, у Расійскай Імперыі барацьба за правы жанчын была ўдзелам нешматлікіх інтэлектуалак з ліберальных колаў дваранства. Пакуль ішла другая — у БССР панавала «лінія партыі», згодна з якой нашы жанчыны былі самымі шчаслівымі ў свеце. У краіне, дзе кіраўнік дзяржавы кажа, што «кіраваць — не жаночая справа», а старшыня ЦВК лічыць, што жанчына мусіць «варыць боршч», спробы прычапіць пастулат пра тое, што мужчынаў і жанчын не існуе, а існуюць толькі гендарныя забабоны, нагадвае спробы запусціць паравы кацёл у космас.

Актывістка “Еўрапейскай Беларусі” Валянціна Цюрава

Дый у заходнім грамадстве феміністычныя тэорыі ўспрымаюцца грамадствам ужо не так адназначна. Эвалюцыйныя біёлагі, сацыёбіёлагі, антраполагі актыўна аспрэчваюць сцвярджэнні пра тое, што гендар — выключна сацыяльны канструкт. Гучаць нават галасы, што папулярнасць гендарнай і квір-тэорыі абумоўленая самым шчодрым фінансаваннем сферы даследаванняў у апошнія гады.

У нашай краіне, пры наяўнасці сур’ёзных праблемаў у плане няроўнасці (гэта і хатні гвалт, і забароны на прафесіі, і звышнізкая працягласць жыцця мужчын), яны выглядаюць блякла на фоне таго, што не толькі жанчыны, а ўсе грамадзяне Беларусі, фактычна, не маюць улады над уласным жыццём.

Бачыцца, што пастулаты фемінізму трэцяй хвалі ў агляднай будучыні наўрад ці знойдуць у нас папулярнасць. І справа нават не ў традыцыяналісцкім менталітэце беларусаў, і не ў сексісцкіх забабонах большасці мужчын.

Акцыя, прымеркаваная да Міжнароднага жаночага дня "Пакончым з гвалтам у адносінах да жанчын". 8 сакавіка 2015 года. Фота vk.com.

Сёння ў краінах-заснавальніцах фемінізм трэцяй хвалі асацыюецца з рухам забяспечаных жанчын сярэдняга класа. У ЗША ён стаў модным. Сапраўды, многія з тых, хто сёння заяўляе пра сваю прыхільнасць фемінізму — акцёркі Эма Уотсан, Опра Уінфры альбо мільярдэркі Торы Бёрч і Джэсіка Альба — наўрад ці пакутуюць ад падвоенай працоўнай нагрузкі на працы і дома (у іх ёсць пакаёўкі і прыбіральшчыцы), ад дамаганняў у грамадскім транспарце (яны ім не карыстаюцца), і ўжо дакладна не дыскрымінуюцца за тое, што іх знешні выгляд не адпавядае «патрыярхальным» стандартам прыгажосці (бо ён ім адпавядае). І іх праблемы гэтаксама ж далёкія ад праблемаў беларускіх жанчын, як ВУП Злучаных Штатаў ад ВУП Жабінскага камбікормавага завода.

І тут, падаецца, усім беларусам — і мужчынам, і жанчынам — будзе карысны досвед феміністак 1960-х гадоў, якія бачылі сваю барацьбу часткай агульнай барацьбы за палітычныя правы, правы студэнтаў, ЛГБТ, чарнаскурых, за пашырэнне межаў свабоды ў грамадстве.

Паралелі напрошваюцца самі сабой: гвалт з жанчын у сям’і і міліцэйскі гвалт на вуліцы, пагарда меркаваннем жанчыны і пагарда голасам выбаршчыкаў, традыцыяналісцкія клішэ пра «месца жанчыны» і пра тое, што «народу не патрэбная дэмакратыя», — гэта ўсё з’явы аднаго парадку. Таму і здабыць свабоду для 53 працэнтаў насельніцтва Беларусі можна хіба толькі ў працэсе здабычы свабоды для Беларусі ўвогуле.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Янус Скабичевский
  • 2018-03-08 17:35:19
Фемінізм - гэта зараз рух нецікавых, страшных і тлустых жанчын якія хочуць зрабіць усё вакол такім жа страшным і нецікавым.
  • Женщина
  • 2018-03-22 16:23:53
Отличный текст!

Каментаваць