Калі загавораць усе, баяцца ўжо будзе няма чаго

Пасля публікацыі рэпартажу «Беларусь зачышчаюць ад патрыётаў» да яго аўтара звярнуўся Дзмітрый Паўлаў, былы супрацоўнік аддзелу ліцэнзавання EPAM Systems у Мінску, а цяпер — палітычны ўцякач.


Разам з жонкай, украінкай Юліяй Паўлавай, яны вымушаныя былі збегчы з Беларусі, бо следчы КДБ пагражаў Дзмітрыю, што праз падтрымку Украіны той «нідзе не знойдзе працы... у яго на кампутары могуць знайсці тэрабайты дзіцячай парнаграфіі, і ён на шэсць гадоў загрыміць у турму». Нават 70-гадовую маці-пенсянерку пагражалі... звольніць.  


Дзмітры быў арыштаваны на рабочым месцы, у офісе найбуйнейшай IT-кампаніі ў Беларусі, яго адвозілі ў міліцыю закаваным у кайданкі. Дома ў Дзмітрыя адбыўся ператрус, праваахоўнікі канфіскавалі кампутарную тэхніку коштам больш за тры тысячы долараў. Усё скончылася судом і 15 суткамі за... нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы, каля Маскоўскага РАУС. На судзе супраць яго сведчылі двое спецназаўцаў.


А ўжо падчас адсідкі яго дапытваў следчы КДБ, які прадставіўся маёрам Дзмітрыем Садзікавым з Аддзелу па барацьбе з моладзевым экстрэмізмам.


Юлію, тады яшчэ толькі нявесту Дзмітрыя, украінку з Кіева, таксама забралі ў міліцыю, дзе чатыры розных прадстаўніка праваахоўных органаў дапытвалі яе цягам амаль дзесяці гадзінаў.


«Пыталіся, што звязвае Дзіму з Украінай. Таксама задавалі шмат пытанняў пра Беларусь — што мне тут падабаецца, а што не. Былі і правакацыйныя пытанні пра прэзідэнта і супрацоўнікаў міліцыі...», — расказвае Юлія.


Больш за ўсё дзяўчыну абурае, што на публіку беларускія ўлады нібыта падтрымліваюць «братоў-украінцаў», а насмрэч усяляк намагаюцца выціснуць іх з краіны.  


Але вернемся да самага пачатку. Што ж стала прычынай дзеянняў праваахоўных органаў у дачыненні да Дзмітрыя, якія ў выніку вымусілі бегчы яго з краіны? Хаця ён сам кажа, што ці не ад самага пачатку вайны падтрымліваў Украіну «словам і справай», у тым ліку пераводзіў грошы валанцёрам і сваім сябрам, якія жывуць у зоне вайсковага канфлікту, адзіны «кампрамат», які меў на яго следчы, — фотаздымкі, змешчаныя ў сацыяльнай сетцы Укантакце.


У прыватнасці, здымак, на якім ён з пяццю сябрамі, іх жонкамі і дзяўчынамі, трымаюць сцяг, створаны з украінскага і нацыянальнага беларускага з надпісам «Разам і назаўжды!» на двух мовах. 

Той самы здымак, які выклікаў рэпрэсіі ў дачыненні да шасці чалавек

Той самы здымак, які выклікаў рэпрэсіі ў дачыненні да шасці чалавек


Усе хлопцы, апроч аднаго, якія «засвяціліся» на гэтым здымку, былі арыштаваныя ў розныя дні ў розных месцах, атрымалі па 15 сутак за нецэнзурную лаянку каля Маскоўскага РУУС, прайшлі праз допыты, ператрусы і пагрозы. Што да жанчынаў, з іх на допыт цягалі толькі ўкраінку Юлію.


Гэтак, да бізнэс-аналітыка Яна (імя змененае з меркаванняў бяспекі па яго просьбе, мужчына дасюль жыве ў Мінску — аўт.) у кватэру прыйшлі пяцёра оперупаўнаважаных, паказалі пастанову аб правядзенні ператрусу, падпісаную пракуратурай, правялі ператрус, канфіскавалі ўсю тэхніку, футболкі з трызубам, кнігі па гісторыі і адвезлі «для дачы тлумачэнняў» у РАУС. Супрацоўнікі міліцыі ў машыне, кажа Ян, называлі яго «яб**ым фашыстам». Потым суд і 15 сутак «за нецэнзурную лаянку». Пасля адсідкі Яна, дасведчанага паляўнічага, пазбавілі права на зброю.


«З таго часу я не магу знайсці працы, любы аддзел бяспекі буйных кампаній адразу блакуе маю кандыдатуру. Таму я знаходжуся ў стане пастаяннага выжывання... Я застаўся ў Беларусі, бо для мяне ўнутрана складана з'ехаць, вельмі люблю сваю краіну, мне непрыемна было б усведамляць, што яны ўсё ж перамаглі і выціснулі мяне з роднай зямлі. Аднак у грамадскім жыцці я не магу браць удзел, бо разумею, што пакуль справа не закрытая, любы мой няправільны рух можа скончыцца ўжо далёка не 15 суткамі», — гаворыць Ян.  


У трох іншых хлопцаў тыя ж самыя гісторыі, але яны пакуль не гатовыя іх распавядаць. Нягледзячы на тое, што з моманту іх арышту мінуў ужо... год. Так, падзеі, пра якія Дзмітрый, Юлія і Ян наважыліся распавесці пасля публікацыі рэпартажу «Беларусь зачышчаюць ад патрыётаў», адбыліся яшчэ ў траўні 2015 году.  


«Маўчалі, бо страшна было, чаго душой крывіць... Не хацелася атрымаць тэрмін за распаўсюд парнаграфіі ці яшчэ якую-небудзь трасцу. Цяпер мне здаецца, што маўчаць няправільна. Яны баяцца пасіянарыяў, існаванне нармальных людзей не дае спакою гэтай сістэме, якая імкнецца ператварыць народ у маўклівую масу. Я падумаў, што калі і цяпер прамаўчу, стану ўзорным прыкладам ідэальнага грамадзяніна РБ», — кажа Ян.


«Яны вось так выпілоўваюць з масы па пяць чалавек, запалохваюць іх, дробняць грамадства, упырскваюць ў яго страх, заражаюць ім усіх. Divide at Impera, падзяляй і ўладар, прынцып стары. Драблёнае, падзеленае, грамадства будзе заставацца маўклівым. Але калі загавораць усе, баяцца ўжо будзе няма чаго. Нас шмат, і наш голас мае быць гучнейшым за іхны», — рэзюмуе Дзмітры. 

Абмеркаванне:

  • Vadzimka
  • 2016-04-07 10:59:28
Ну і хто тут фашысты?..

Каментаваць