Калі адменяць грошы?

Або ў беларусаў усё ж скончыліся грошы, або яны канчаткова страцілі давер да дзяржавы. А можа, і тое, і другое. Прынамсі, як сведчаць апошнія эканамічныя дадзеныя, беларусы перасталі «здаваць валюту» дзяржаве. А магчыма, яны папросту збіраюцца перажыць новы крызіс з уласнай фінансавай «падушкай бяспекі».



Як сведчыць апытанне Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Літва), толькі менш за 20% беларусаў такія наіўныя, што дагэтуль давяраюць нацыянальнай валюце і вераць, што чарговай дэвальвацыі ў бліжэйшыя месяцы не адбудзецца. Як адзначаюць сацыёлагі, ацэньваючы небяспеку новай дэвальвацыі рубля ў бліжэйшыя месяцы, 32,1% адказалі, што «гэта рэальная пагроза», 42,7% — «гэта магчыма, але малаверагодна», і толькі 19,4% вераць, што «гэтага не адбудзецца».

 

Таму давер да беларускага рубля выказалі толькі крыху больш тых, хто не чакае дэвальвацыі, — 19,7%, Найбольш давяраюць людзі ў захоўванні грошай амерыканскаму долару — 53,6%. Значна скараціўся давер да еўра — яму давяраюць толькі 15,3% апытаных. Што і не дзіва: у Еўропе дэмакратыя, там усе кажуць пра праблемы Кіпра, Грэцыі, Італіі ды Іспаніі. А нашы дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі дзейнічаюць, як той камуніст у спрэчцы пра дэмакратыю з амерыканцам з анекдоту часоў Брэжнева. Кшталту, амерыканец кажа: «Я магу выйсці перад Белым домам і крычаць: «Далоў Рэйгана!» І мне за гэта нічога не будзе». А камуніст яму адказвае: «Я таксама магу выйсці на Красную плошчу і крычаць: «Далоў Рэйгана!» І мне таксама нічога не будзе»… Дык нашы СМІ актыўна абмяркоўваюць Кіпрскі крызіс і цвердзяць пра стабільнасць нацыянальнай валюты. З «апусканнем» еўра ў іх атрымалася, а вось з «падняццем» рубля — не вельмі.

 

Амаль дзве траціны (64,8%) апытаных лічаць, што беларуская эканоміка знаходзіцца ў крызісе, у той час як не згодныя з такім сцвярджэннем менш за чвэрць (24,6%). Таму заканамерна, што людзі пабойваюцца дзяржавы.

 

Нечаканасцю гэта стала для банкаўскіх працоўных. Раней попыт на валютныя аблігацыі Мінфіна Беларусі, якія прапанавалі даходнасць у 7% гадавых, з боку насельніцтва выклікаў дзіўны і нечаканы ажыятаж. Першыя два выпускі аблігацый на агульную суму 50 мільёнаў долараў, якія Мінфін размяшчаў з 20 снежня 2012 года, насельніцтва скупіла фактычна за месяц. Так, па стане на 28 студзеня 2013 года, было прададзена 90,6% ад аб’ёму эмісіі на 45,3 мільёна долараў, а ў лютым гэтыя выпускі былі цалкам размешчаныя (тэрмін звароту — 1 год, стаўка — 7%, наміналы 200 і 1000 долараў).

 

Натхнёныя поспехам, арганізатары аблігацый выпусцілі трэці «транш» — разлічаны ўжо на два гады. Але «пракалоліся». Як паведамляе Мінфін, на 1 красавіка 2013 года насельніцтва купіла дзяржаўныя валютныя аблігацыі трэцяга выпуску толькі на суму 36,25 мільёна долараў, што складае 72,51% ад аб’ёму эмісіі. Прычым у лютым было прададзена 52,5% аблігацый гэтага выпуску. То бок, у сакавіку попыт на валютныя паперы Мінфіна ўпаў амаль у тры разы.

 

Таму трэба думаць, дзе ўзяць грошы. І таму прэзідэнт нарэшце заклапаціўся тым, каб вярнуць тое, што вінныя нам. Не ўсё ж нам адным сплочваць грошы па крэдытах...

 

Лукашэнка выклікаў да сябе пасла Беларусі ва Украіне Валянціна Вялічку і запытаўся ў яго: як там Украіна са сваімі пазыкамі? «У нас ёсць шэраг нявырашаных пытанняў, у тым ліку па мяжы, старыя даўгі Украіны перад Беларуссю. Хай яны невялікія, але, тым не менш... Як тут у нас складваецца сітуацыя?» — спытаў Лукашэнка.

 

Гаворка ідзе аб ратыфікацыі дагавора аб мяжы паміж дзвюма краінамі, які Беларусь адмаўляецца падпісваць з-за старой (з першай паловы 90-х гадоў) запазычанасці ўкраінскіх прадпрыемстваў на суму каля 120 мільёнаў долараў (па розных ацэнках, 80–150 мільёнаў долараў). Акрамя таго, сітуацыя ўскладняецца новымі абавязкамі — запазычанасць збанкрутаванай украінскай авіякампаніі «Аэрасвіт» перад беларускімі навігацыйнымі службамі і «Белавія». А яшчэ рознагалоссі ў пытанні здабычы карысных выкапняў на мяжы, пытанні з мытамі на беларускія нафтапрадукты і гэтак далей. Усе гэтыя пытанні Лукашэнка мае намер паставіць непасрэдна перад украінскім прэзідэнтам Віктарам Януковічам.

 

Але пакуль адны людзі думаюць, дзе ўзяць грошы, іншыя людзі думаюць, а навошта грошы ўвогуле патрэбныя? І задумваюцца, як бы нам зажыць пры камунізме, увогуле адмяніўшы грошы. Сапраўды, шмат у іх праблемаў: спачатку друкуй, потым вымай, за інфляцыяй глядзі, старыя купюры на новыя мяняй… Ну куды ж гэта ўпісваецца, у якія рамкі?

 

Таму ўзнікла ідэя: увогуле адмяніць наяўныя грошы. Гэта не жарт, а адна з адміністрацыйных мер плана ўрада і Нацбанку Беларусі па павелічэнні працэнту безнаяўных разлікаў плацяжоў у розніцы РБ да 50% да 1 студзеня 2016 года. У гэтым плане прадугледжваецца, што беларускія ўлады заканадаўча забароняць усім суб’ектам гаспадарання, незалежна ад формы ўласнасці, выдачу зарплаты (прэмій, бонусаў, дапамогі) наяўнымі грашыма.

 

План прадугледжвае шэраг мерапрыемстваў, у ліку якіх павелічэнне колькасці аб’ектаў, якія падлягаюць аснашчэнню плацежнымі тэрміналамі за кошт пашырэння іх пераліку і зніжэння нормаў парогавых значэнняў выручкі для абавязковай устаноўкі плацежных тэрміналаў. Таксама Нацбанк мае намер зрабіць больш жорсткімі патрабаванні да прадстаўлення паслуг інкасацыі і па перавозцы наяўных грошай.

 

Акрамя таго, будзе ўведзеная лімітавая дазволеная велічыня плацяжу наяўнымі, звыш якой разлік будзе магчымы толькі з выкарыстаннем аплатнай карты.

 

Такім чынам, беларускі «нал» неўзабаве, у недалёкай будучыні, можа ператварыцца ў дэфіцыт. Яго будуць выдаваць толькі пры абмене валюты іншаземцам. А могуць і ўвогуле стварыць нейкую «абменную карту» і выдаваць яе турыстам з іншых краін замест грошай. Кшталту карткі метро: запраграмаваў на пэўную суму, эквівалентную колькасці здадзенай валюты, і ўсё.

 

Гэтае радыкальнае рашэнне, дарэчы, вельмі павысіць каштоўнасць наяўнай беларускай валюты. Калекцыянеры з усяго свету будуць ганяцца за папяровым беларускім рублём як за вялікай рэдкасцю. А ўжо колькі яны гатовыя будуць адваліць валюты за такія банкноты, толькі Госпаду вядома. І вось гэта здыме ўсе пытанні: і валютнага запасу, і даверу да беларускага рубля.

Каментаваць