Калі дзяржава пачне ратаваць помнік дойлідства ў Мазыры?

Днямі ў Мазыры (Гомельская вобласць) гарэў помнік дойлідства нацыянальнага значэння пачатку XX стагоддзя па вуліцы Рыжкова, 11.



“Новы час” ў каторы раз піша пра занядбаны стан эклектычнай двухпавярховай камяніцы, густоўна ўпрыгожанай мноствам архітэктурных дэталяў, выкананых з фігурнай абліцовачнай цэглы, і аздобай. Гэты велічны і адначасна вытанчаны асабняк плошчай 1.599 квадратных метра прыйшоў у поўны заняпад, хоць знаходзіцца ва ўласнасці камерсантаў.

Існуе меркаванне, што гэты будынак, які гараджане называюць “Графскім маёнткам”, з’яўляўся мазырскай рэзідэнцыяй князёў Радзівілаў. Па іншай версіі, камяніца была ўзведзена для павятовага шпіталю на грошы неабыякавых гараджанаў. Цягам дзесяцігоддзяў у асабняку месціўся шпіталь: спачатку абласны, затым гарадскі і, урэшце, дзіцячы. Апроч таго, шмат год (па сведчаннях гараджанаў, прыкладна да канца 1940-х) у камяніцы знаходзіўся радзільны дом.

На пачатку лютага прадстаўнікі беларускай грамадскасці, жыхары Мазыра і яго ўраджэнцы прапанавалі мясцовым уладам склікаць пашыраную нараду па ахове гістарычна-культурнай спадчыны горада і ўласна будынку па Рыжкова, 11 з запрашэннем на яе прадстаўнікоў грамадскасці. На  нарадзе прапанавалася разгледзець наступныя пытанні:

1.     Вяртанне помніка ў дзяржаўную ўласнасць і прыцягненні да адказнасці асобаў, па чыёй віне не выконваюцца ахоўныя абавязацельствы адносна гэтай камяніцы.

2.     Неабходныя мерапрыемствы для правядзення тэрміновых кансервацыйных працаў па прадухіленні канчатковага разбурэння асабняку. 

3.     Стварэнне арганізацыйнага камітэту па аднаўленні помніка архітэктуры і вырашэнні яго далейшага лёсу.

Аднак мазырскія ўлады праігнаравалі прапанову грамадскасці аб скліканні пашыранай нарады.

У ліставанні аўтара гэтага артыкулу з намеснікамі старшыні Мазырскага райвыканкама Феліксам Галюком і Валянцінай Назаранка высветлілася, што з верасня мінулага года ўласнікам будынку па Рыжкова, 11 з’яўляецца прыватная асоба Наталля Вягера. Яна стала валодаць камяніцай пасля таго, як на былога ўласніка — ТАА “Булфінч” — пастановамі Мазырскага суду ад 13 сакавіка 2014 г. і 16 верасня 2014 г. былі накладзены адміністрацыйныя спагнанні ў выглядзе штрафаў агулам на 7 млн. руб., а за ўвесь мінулы год на “Булфінч” чыноўнікі выпісалі 11 прадпісанняў і накіравалі ў суд 3 пратаколы. Між іншым, апошняе спагнанне Мазырскага суда адносна камерцыйнай структуры датавана 16 верасня 2014 г., гэта значыць, перад самым перапродажам аб’екта новаму ўласніку.

Прыведзеныя факты наводзяць на меркаванне, што перапродаж асабняка прыватнай асобе — гэта схема ўхілення былога ўласніка ад пакарання дзеля захавання ў прыватнай уласнасці гэтага будынку, а не вяртання яго дзяржаве. Такія дзеянні ўсяляюць яшчэ большую трывогу за лёс гэтага помніку архітэктуры.

У сваім апошнім лісце ад 22 красавіка 2015 г. мазырскія чыноўнікі паведамілі, што праблема вяртання аб’екта ў дзяржаўную ўласнасць застаецца на кантролі ў выканаўчым камітэце. Прычым гэтая праблема, як запэўнілі службовыя асобы, “будзе разглядацца ў судовым парадку пры ўмове дасудовага ўрэгулявання пытання шляхам адміністрацыйнага ўздзеяння”.

За тое, што Наталля Вягера не забяспечвае захаванасць будынка, у якім адсутнічаюць агароджа, дзвярныя праёмы і шкленне ў вокнах, не рэстаўруецца фасад, новая ўласніца ў сакавіку-красавіку была двойчы аштрафаваная агулам на 2 340 тыс.руб.

27 красавіка аўтар гэтага артыкулу накіраваў чарговы ліст у Мазырскі райвыканкам з просьбай паведаміць, на падставе якога закону Рэспублікі Беларусь і нормы гэтага закону ажыццяўляецца дасудовае ўрэгуляванне пытання вяртання помніка архітэктуры па вул. Рыжкова,11 у дзяржаўную уласнасць, а таксама на падставе якой нормы заканадаўства   будзе весціся запланаваны судовы працэс. Аднак мазырскае чыноўніцтва праігнаравала гэты ліст.

А тым часам занядбаная камяніца жыла сваім сірочым жыццём. І паколькі помнік архітэктуры нацыянальнага значэння, што не ахоўваецца, паціху пераўтвараўся ў сметнік, прыбіральню і прытон для наркаманаў, днём 28 верасня зашугала полымем цэнтральная частка будынку, дзе на абодвух паверхах павыгаралі драўляныя аконныя рамы…

Дык колькі яшчэ часу патрэбна мазырскім уладам, каб вярнуць унікальны помнік айчыннага дойлідства ў дзяржаўную ўласнасць і пачаць ратаваць яго? Дарэчы, у гады савецкай улады гэты будынак захоўваўся ў належным стане і быў ці не галоўнай архітэктурнай разынкай Мазыра.  

   

Абмеркаванне:

  • Ганна
  • 2015-10-13 23:20:42
Да гэтага патання чыноўнікам ад лзяржавы няма ні якай справы што ліба рабіць! Культура і мастацтва ў нашай краіне ў папялушках.

Каментаваць