«Калядны фэст»: утаймаванне «нячысцікаў»

Каляды  незабыўнае свята, якое мае шматвекавую традыцыю, свае каноны. Наш час дадае да традыцыі новыя рысы, якія робяць яго больш зразумелым сучасніку. Таму не трэба здзіўляцца новым формам святкавання Божага Нараджэння і быць больш талерантным да яго новых праяў. Калі яны не супярэчаць ўжо усталяванай традыцыі. 



Менавіта такое, «асучасненае» святкаванне Калядаў і было наладжана айчыннымі музыкантамі ў клубе "RE:PUBLIC"  беларускае шоў «Калядны фэст–2015».

Слухачоў, якія прыйшлі на Каляды на гэтае шоў, з самага пачатку віталі знакамітым калядным спевам «Jingle Bells» дуэт шатландскіх дудаў (хайлэндаў) «PiobROCK» у складзе Аксаны і Андрэя Мароз. Гэты дуэт склаўся не так даўно, але ўжо мае шмат канцэртных выступаў і адзначаны як адзін з перспектыўных выканаўцаў, як традыцыйных найгрышаў на хайлэндзе, так і апрацовак рок-хітоў мінулага. «PiobROCK» ужо мае канцэртныя выступы з узорна-паказальным аркестрам Мінабароны Беларусі, дуэт запрасілі ў Гродна на мерапрыемствы, прысвечаныя гадавіне стварэння ААН. На «Калядным фэсце» музыканты пазнаёмілі слухачоў з іх варыяцыямі на тэму рок-хітоў у кампазіцыі «Rock-mix» і іншымі апрацоўкамі для шатландскай дуды. Яе яскравы і запамінальны гук не мог не адгукнуцца ў сэрцах слухачоў, якія шчыра віталі выканаўцаў. Тым больш, што Андрэй Мароз — беларус з Новай Зеландыі — выдатна размаўляе на роднай мове!

«Здравствуйте, господа!»  гэта ўжо так віталіся са сталічнай публікай госці з Гродна  неа-фолк-гурт «IRDORATH». Але не будзем зноў упікаць музыкантаў за іх моўную некарэктнасць хоць бы таму, што «Irdorath» за кароткі час пераўтварыўся ў з’яву айчыннай медыевальнай сцэны. Цяпер гурт набыў сапраўдны сімфанічны склад: да двух нямецкіх дудаў (дудэльзакаў), дзвюх ударных установак, клавішных дадаліся скрыпка, колавая ліра, акустычная гітара, экзатычны дзіджэрыду, вакальная і танцавальная групы! Ад гэтага гучанне і шоў «IRDORATH» стала яшчэ больш насычаным і дынамічным.

Сэт гарадзенскіх музыкантаў складаўся з трэкаў, якія прадстаўлены на іх дэбютным альбоме «Dreamcatcher». Але слухачам запомніліся такія іх хіты, як «AsBas»  меладычныя і рытмічныя, пад якія можна было танчыць усім разам. Іншы настрой, больш удумлівы, запанаваў, калі музыканты аддавалі належнае класіку беларускай літаратуры У.Караткевічу сваёй кампазіцыяй на яго праграмны верш «Быў. Ёсць. Буду».

Наступны ўдзельнік шоў  гурт «Стары Ольса» павіншаваў слухачоў з Калядамі сваёй святочнай кампазіцыяй «Заспявай адзінай панне» (Ave, Maria!). Гэты твор дадаў святочнага настрою слухачам, якія спявалі разам з музыкантамі тэксты твораў гурта «Стары Ольса»  «Песня а князю Вітаўце», «Ліцвін», услухоўваліся ў кампазіцыі знакамітага «Полацкага сшытка». Ну а калі быў аб’яўлены інструментальны нумар «Drumul Draculi», то надышоў «зорны час» вандроўнага тэатрыка «Гістрыён», удзельнікі і ўдзельніцы якога вучылі маладых хлопцаў і дзяўчат сярэднявечным танцам, а таксама прадстаўлялі калядную дзею з Казой, Мядзведзем і калядоўшчыкамі. Было весела і пазнавальна, бо такое ўбачыць ужо можна не паўсюль. Гэта і выклікала захапленне слухачоў і шчырыя апладысменты музычнай Калядзе ад «Старога Ольсы» і «Гістрыёна».

Як паведаміў лідар «Старога Ольсы» Зміцер Сасноўскі, які па сумяшчальніцтву з’яўляецца і даследчыкам старажытнай музычнай культуры Беларусі, дуды раней выкарыстоўваліся і дзеля таго, каб залагодзіць нячыстую сілу, каб яна хутчэй клалася спаць. Але на Каляды бывае не ўсё так проста: дуды гуртоў «PiobROCK», «Irdorath» і «Старога Ольсы» разбудзілі «нячысцікаў», у ролі якой выступілі ўдзельнікі гурта «TROLLWALD». Нагадаю, гэта новы праект дудара і вакаліста Андрэя Апановіча ўзнік у выніку змен у складзе гурта «LITVINTROLL». Усім аматарам экстрэмальнага напрамку ў беларускай фолк-рок-музыцы хацелася, каб традыцыі папярэднікаў гуртом «TROLLWALD» былі захаваныя і памножаныя. Такім быў лейтматыў палемікі сярод фанатаў гурта.

Ці спраўдзіліся іх надзеі? Думаю, што так, хоць і да новых музычных рэалій ў «TROLLWALD» ім трэба будзе прызвычаіцца: у кампазіцыях і аранжыроўках гурта стала менш выкарыстоўвацца дуда, хоць народныя духавыя інструменты (дудкі, шалмеі) яшчэ прысутнічаюць. На іх грае сесіённы музыкант  удзельнік гурта «Стары Ольса» Алесь Чумакоў. А кампазіцыі гурта сталі больш працяглымі і «цягучымі», без скрымінга і гроўла, як і заяўляў вакаліст А. Апановіч, некаторыя песні маюць антыалкагольную накіраванасць («У гушчарах»). У цэлым жа «TROLLWALD» можа годна працягваць традыцыю «беларускіх музычных троляў», як і іх альтэр-эга, што ўзнік на аскепках «LITVINTROLL»  гурт «SAKRAMANT» з Lesley Knife на вакале.

Па-святочнаму, аптымістычна прагучала калядная праграма ветэранаў айчыннай рок-сцэны — фолк-мадэрн-гурта «Палац». Няма нічога дзіўнага ў тым, што песні «Палаца» добра ведаюць і больш маладыя прыхільнікі айчыннага фолк-мадэрну. Гэта выявілася, калі гучалі іх лепшыя апрацоўкі: «Каляда-калядзец», «Кола грукатала», «Дзеўка-семілетка», «Канюшня» і шмат іншах незабыўных кампазіцый паводле беларускага фальклору. Дзякуючы скіраванасці на пазітыў у свай творчасці, прафесіяналізму музыкантаў «Палаца», мяккаму гумару лідэра гурта Алега Хаменкі, яны з першых жа нот знаходзіць кантакт са слухачамі, захапляюць сваімі фальклорнымі спевамі. 

«Калядны фэст–2015» завяршаў хэдлайнер гэтага музычнага свята  гурт «ZNICH». Пра новы этап у творчасці гэтай легендарнай pagan-metal-каманды загаварылі пасля запісу і прэзентацыі іх новага сінгла «Дунаю». Гэтая апрацоўка прагучала і на гэтым калядным канцэрце. Дзякуючы дудару «ZNICH» Кастусю Трамбіцкаму і вакалісту Алесю Таблічу твор набыў закладзены ў яго змест драматызм і экспрэсію. Да таго ж, аранжыроўкі музыкантаў гурта выкрышталізавалі ў народнай мелодыі тую рытмічную структуру, якая дазваляе гаварыць пра гэтую апрацоўку, як пра адну з лепшых рок-кампазіцый мінулага года. І хоць слухачы ўжо былі стомленыя калядным марафонам, але яны з прыязнасцю і энтузіязмам прынялі іншыя кампазіцыі гурта «ZNICH». Сярод якіх прагучалі такія хіты, як «Ярыла», «Мроя», «Адвечны край», «Беларусь»…

Усцешна тое, што пасля чарады непаспяховых канцэртаў і музычных імпрэзаў на іншых канцэртных пляцоўках, адбываюцца такія шоў і фэсты, якія прыцягваюць увагу вялікай колькасці нашай моладзі. Таму хочацца падзякаваць рухавіку гэтых падзей  прадзюсеру і кіраўніку БМА-group Віталю Супрановічу за яго энергію і працу на карысць беларускага рок-руху. З Калядамі і новымі надзеямі, шаноўныя беларускія музыканты, прадзюсеры, музычныя журналісты і выдаўцы! 

Абмеркаванне:

  • Мікалай Сьвянцюк
  • 2015-12-26 18:31:12
Дзякую за падрабязны аналіз імпрэзы, бо ня ўсім удаецца дапільнаваць пэўныя нюансы. Дарэчы, увесь час думаў, што "Jingle Bells" народная песьня, а яна, аказваецца, напісана Джэймсам
Лордам П'ерпонтам (1822—1893). Пра гэта ў дзень сьвята сказала нават БТ.

А загаловак гэтай публікацыі асабліва трапны, бо нячысьцікаў, у якіх "не палучаютцо білорюсссскіе концерты", трэба утаймоўваць якраз такімі творчымі ўдачамі, як "Калядны
фэст".

Каментаваць