Каляды пад жывымі ёлкамі

Новым годам пакуль што асабліва і не пахне. Тым не менш уладальнікі беларускіх аграсядзібаў ды катэджаў пад арэнду ўжо паклапаціліся пра размяшчэнне і забавы гасцей. Радуе, што многія гаспадары найперш пазіцыянуюць свае сядзібы як месца культурна-азнаямляльнага адпачынку, а не п’янкі на прыродзе.



Вёска Любушаны Бярэзінскага раёна, старадаўні абрад «зацягвання Каляды на дуб». Фота БелаПАН


Увішныя госці таксама вызначыліся, дзе ім сустрэць 2013-ы год. На пачатку снежня многія беларускія аграсядзібы размясцілі на сваіх сайтах абвесткі, што на навагодні тыдзень сядзіба ўжо арэндаваная. Разам з тым нельга сказаць, што святы на свежым паветры абыдуцца танна.

Так, арэндаваць катэдж пад Мінскам з амбіцыйнай назвай «KingDom» можна за 3000 у.а. на суткі (з 31 снежня па 2 студзеня). Цана 28, 29, 30 снежня, а таксама 2, 3, 4 студзеня — 2 000 у.а. за суткі. Уладальнікі катэджу абяцаюць адпачынак класу люкс ды завабліваюць гасцей лазневым комплексам плошчай амаль 500 квадратных метраў. Яшчэ адна сядзіба пад Мінскам «Алекс» акурат спецыялізуецца на правядзенні карпаратываў. Банкетная зала, камін, танцпол... Кошт — 3000 у.а. за арэнду з 31 снежня па 2 студзеня.

Сядзібны комплекс «Каралінскі фальварак Тызенгаўза» запрашае правесці навагоднія святы з насычанай анімацыйнай праграмай — банкет, забавы, салют, ахоўваемая тэрыторыя. Святочныя тарыфы сядзібнага комплексу ад 85 у.а з чалавека да 400 у.а. за арэнду доміка на суткі.

У звычайныя дні адпачынак на тэрыторыі аграсядзібаў каштуе ў сярэднім 20–50 у.а. з чалавека. Але, хаця агратурыстычны бізнэс яшчэ толькі праходзіць працэсы станаўлення, гаспадары многіх сядзібаў прапануюць не толькі банкет на прыродзе, але і цікавую забаўляльную праграму.

«Цяпер ужо ўсім зразумела, што для гасцей трэба распрацоўваць турыстычныя маршруты. Людзі прыязджаюць на выходныя, і 2 дні сядзець без занятку ім нецікава. То бок мусяць быць прапановы — веласіпед, лыжы, экскурсіі, анімацыі — гаворыць дырэктар ТДА «Цэнтр развіцця сельскага прадпрымальніцтва «Камарова» Ала Вайцяховіч. — Для карпаратываў таксама мусіць быць забаўляльная праграма. Мы, калі замаўляюць карпаратыўную імпрэзу, абавязкова супрацоўнічаем з тымі, хто можа нам забяспечыць анімацыю».

У Валожынскім раёне ёсць сядзіба «Ганка». Яе гаспадары вырашылі пайсці далей ды адкрыць музей старадаўніх беларускіх напояў у дадатак да ўсіх анімацыйных праграм. Аляксей Лёлін, адзін з гаспадароў «Ганкі», наракае, што імідж аграсядзібам моцна псуюць «катэджы на суткі з лазнямі». «Гэта ж зусім не агратурызм, хаця многія карыстаюцца магчымасцю такім чынам увайсці ў ільготную сферу, — разважае Аляксей. — Я мяркую, што толькі 10–20 працэнтаў ад усіх зарэгістраваных аграся­дзібаў можна назваць такімі. З культурнай, гістарычнай праграмай, выкарыстаннем прадукцыі мясцовасці. Я б сказаў, што агратурызм — не зусім сфера бізнэсу. Гэта поле дзейнасці для энтузіястаў, якія цікавяцца гісторыяй, адметнасцямі сваёй мясцовасці і хочуць падзяліцца сваімі набыткамі. Мы можам зарабляць грошы на турызме, але ў нас усё знаходзіцца ў зародкавым стане».

Аляксей Лёлін распавядае, як з уласных назіранняў прыйшоў да высновы, што аграсядзіба — гэта найперш аўтэнтыка, разынка, а не еўрарамонт і джакузі: «Горад заганяе ў такі тэмп, што часам хочацца пабыць у адзіноце. Аграсядзібы тым і цікавыя, што кожная прапануе сваю праграму: ад сплаваў на байдарках да страусіных фермаў. У нас ёсць кліент — дырэктар казіно, і ён гаварыў: хочацца менавіта самабытнага беларускага антуражу, прыбіральні на вуліцы, вясковай аўтэнтыкі, а не еўрарамонту, які ў яго і дома, і на працы».

Аляксей распавядае, што гаспадары «Ганкі» імкнуцца ладзіць разнастайныя мерапрыемствы, бо для заўсёднікаў будзе як мінімум дзіўна некалькі разоў глядзець адно і тое ж відовішча.

«Хочам арганізаваць нешта накшталт піянерскага лагера для дзяцей розных узростаў. І мы б хацелі там расказваць пра асновы выжывання ў дзікай прыродзе, даць магчымасць зварыць юшку на вогнішчы, спячы ў прысаку бульбу. Мы хочам выцягнуць людзей ад таго негатыву, што нясе сучаснасць, ад кампутараў і віртуальнага свету. Даўно выношваем план адкрыць музей беларускіх напояў. Але хвалі эканамічных крызісу стрымліваюць. Хочам у адмысловым будынку стварыць музей, даць магчымасць гасцям дэгуставаць напоі, прыгатаваць сваімі рукамі», — гаворыць Аляксей Лёлін.

Ён прызнаецца, што гаспадары «Ганкі» імкнуцца «фільтраваць» кліентаў: «Ёсць людзі, якія мэтанакіравана едуць «пабухаць» і наесціся. Але нам гэта не цікава, бо мы імкнёмся ўкладаць душу ў сваю працу. Таму калі хоча прыехаць кампанія з падобнымі мэтамі, то нам лепш адмовіць ды заняцца нейкай працай. Яшчэ на стадыі перамоў мы глядзім, чаго хочуць людзі, на што настроеныя».

Да слова, пагалоскі, што менавіта расіяне на беларускіх аграсядзібах частыя і плацежаздольныя госці, небеспадстаўныя.

У сядзібе «Ганка» на навагоднія святы будуць гасціць расіяне. Аляксей Лёлін распавёў, што кампанію гэтую гаспадары ўжо ведаюць, і госці зацікаўленыя ў насычанай турыстычнай праграме, экскурсіях.

«Сёлета ў нас будзе моладзевая кампанія з Беларусі, яшчэ будуць расіяне. Расіяне прыедуць на пяць дзён. Для іх нашы ўмовы выгодныя па аплаце, коштах, культуры. Заходняя Беларусь цікавая, мы возім паглядзець нашы касцёлы, на экскурсіі па ваколіцах, — распавядае дырэктар ТДА «Цэнтр развіцця сельскага прадпрымальніцтва «Камарова» Ала Вайцяховіч. — Я расіян пазнаю адразу па іх адносінах, культуры. Яны прывыклі пачувацца жыхарамі вялікай імперскай дзяржавы, што тут нам ужо, беларусам, казаць... Але часам мы ўсё ж размаўляем на гэтую тэму, даводзім, што ўсё не так выглядае».

Ала Вайцяховіч таксама прызнала, што эканамічны крызіс на плынь турыстаў з Беларусі ўсё ж паўплываў: больш уважліва сталі вывучаць цэны, крыху зменшылася колькасць гасцей.

* * *

Цяпер у Беларусі налічваецца больш за 1900 вясковых сядзібаў. Толькі за 9 месяцаў гэтага года было зарэгістравана 350 суб’ектаў агратурызму, а плынь пастаяльцаў у гэтым годзе ўжо вырасла на 25 працэнтаў у параўнанні з мінулым годам.

Міністэрства спорту і турызму плануецца ажыццявіць катэгарызацыю і сертыфікацыю беларускіх сядзібаў. Гэта дазволіць турыстам лепш арыентавацца ва ўзроўнях сэрвісу ды адфільтраваць уладальнікаў тых самых «катэджаў на суткі», якія зарэгістравалі свае дамы менавіта як аграсядзібы ды карыстаюцца падатковымі і іншымі ільготамі. Праверкай суб’ектаў агратурызму плануе заняцца Камітэт дзяржкантролю. Да асноўных крытэраў адпаведнасці агратурызму будуць аднесены не толькі паслугі пражывання, але і арганізацыя харчавання, вольнага часу, забаў і іншага.

Каментаваць