Камяні ў агарод АБСЕ: Мінску не патрэбныя лішнія вочы на выбарах

Міжнароднае супрацоўніцтва Беларусі працягвае знаходзіцца ў фазе застою. Беларускія ўлады дакладна раздзялілі арганізацыі і краіны на добрыя і дрэнныя. Галоўным крытэрыем выступае стаўленне да дэмакратыі, а дакладней лаяльнасць да яе адсутнасці. Менавіта таму Мінск не любіць Арганізацыю па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.



Беларускія ўлады закідваюць АБСЕ абвінавачаннямі ў прадузятасці, адсутнасці дакладных крытэрыяў у пытанні назірання за выбарамі. З боку ж гэта выглядае як спроба прыкрыць абвінавачаннямі свае праблемы з дэмакратыяй. Карацей, лепшая абарона — напад.

У пачатку лістапада, выступаючы перад журналістамі, Аляксандр Лукашэнка чарговы раз раскрытыкаваў АБСЕ, заявіўшы, што тая  "спрабуе навязаць нам свае стандарты, і нават не свае, а неіснуючыя  стандарты — яны поўнасцю палітызаваныя".

Супрацьстаянне з Захадам, непаразуменні ў адносінах з міжнароднымі арганізацыямі, якія патрабуюць выканання дэмакратыі і правоў чалавека, уцягнулі Мінск у еўразійскія інтэграцыйныя працэсы. Магчымасці супрацоўніцтва з ААН, ЕС, Саветам Еўропы не выкарыстоўваюцца.

У той жа час крамлёўскія праекты ЕўрАзЭС і АЭП, патрабаванні перадачы часткі эканамічных паўнамоцтваў гэтым арганізацыям і прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў на карысць Масквы нясуць небяспеку беларускаму суверэнітэту.


Логіка ўтрымання ўлады сварыць з міжнароднымі арганізацыямі

Такая аднабокая пазіцыя недальнабачная, бо на нейкай стадыі можа стацца, што Беларусі няма чаго супрацьпаставіць націску з боку Крамля. Таксама будзе цяжка навярстаць упушчанае ў плане развіцця краіны. Што да рэформ, то беларускім уладам практычна няма чаго пазычыць у Расіі.

Такім чынам, Беларусь сама сябе пазбаўляе інструментаў мадэрнізацыі і падтрымкі з боку Еўропы.

Пры гэтым у пытаннях мадэрнізацыі сама Расія падтрымлівае сувязь з еўрапейскімі краінамі і паспяхова развівае некаторыя сумесныя праекты. Можна параўнаць, як развіваюцца праграма Еўрапейскага саюза  "Партнёрства для мадэрнізацыі" ў Расійскай Федэрацыі і ініцыятыва "Еўрапейскі дыялог для мадэрнізацыі з Беларуссю". У Расіі гэта маштабны праект, які дае рэальны плён, беларускія ж улады пакуль адхіляюць прапанову.

Працягваецца і неканструктыўная лінія адносна АБСЕ. Як заявіў беларускі прэзідэнт, выступаючы 6 лістапада перад журналістамі, гэтая арганізацыя Беларусі не патрэбная.

Гэтай заяве папярэднічала доўгая гісторыя супрацьстаяння, камні ў агарод АБСЕ ляцелі пасля кожных выбараў.

Сумнай вяхой стала выгнанне офіса арганізацыі з Мінска ў канцы 2010 года. На думку некаторых аналітыкаў, такім чынам беларускія ўлады адрэагавалі на справаздачу місіі АБСЕ аб прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі.

Прадстаўнікі АБСЕ неаднаразова прапаноўвалі беларускім уладам наладзіць дыялог і вярнуць офіс арганізацыі ў Беларусь. Апошнім разам пра гэта гаварыў кіраўнік Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ Янэз Лянарчыч, які прыбыў у Беларусь на парламенцкія выбары 2012 года.

Аднак беларускае МЗС адрэагавала на гэта дастаткова холадна. На брыфінгу 4 кастрычніка, адказваючы на пытанні журналістаў, прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных заявіў, што ў вяртанні офіса АБСЕ ў Мінск няма сэнсу, а бягучыя праекты можна "лёгка каардынаваць на прамых сувязях са штаб-кватэрай арганізацыі ў Вене, выкарыстоўваючы дыпламатычныя каналы".


Расія, Украіна і Беларусь рыхтуюць сумесны дыпламатычны наступ

Пры гэтым афіцыйны Мінск упарта заяўляе пра неабходнасць рэфармавання АБСЕ. Зручны момант прадстаўляецца ў сувязі з тым, што ў 2013 годзе старшынстваваць у арганізацыі будзе Украіна.

Рэфармаваць улады ў Мінску і Кіеве хацела б самае непажаданае ім падраздзяленне АБСЕ — Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека. Бакі лічаць неабходным прадоўжыць удасканаленне метадалогіі і практыкі назірання за выбарамі ў рамках АБСЕ.

Пра такую сумесную пазіцыю ішла гаворка на кансультацыях паміж МЗС па праблематыцы АБСЕ і Савета Еўропы, што прайшлі 9 лістапада ў Кіеве. Беларусь ужо даўно мае праблемы з прызнаннем выбараў, Украіна таксама атрымала сігнал гэтай восенню. Менавіта з міжнароднымі назіральнікамі і ўзніклі праблемы.

Яшчэ да таго, як дамовіцца з Беларуссю, Украіна атрымала ўхвалу і падтрымку ў сваім імкненні да пераліцоўкі АБСЕ ад Расіі. Гэта адбылося на сустрэчы кіраўніка расійскага МЗС Сяргея Лаўрова і прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча 22 кастрычніка.

Тады Лаўроў падкрэсліў, што трэба дабіцца "навядзення парадку ў працы Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) па назіранні за выбарамі".

Лаўроў раіць прыгледзецца, "наколькі абавязацельства запрашаць міжнародных назіральнікаў адлюстраванае ў нацыянальных законах. Вельмі многія краіны, асабліва на захад ад Вены, гэтае абавязацельства не выконваюць. Яно не адлюстравана ў іх заканадаўстве".

Расія спадзяецца, што некаторыя еўрапейскія краіны не захочуць ўносіць у сваё заканадаўства папраўкі, якія замацоўваюць абавязацельства запрашаць міжнародных назіральнікаў на выбары.

У выніку можна будзе, з аднаго боку, знізіць значнасць АБСЕ ў назіранні за выбарамі, а з другога — паставіць пад пытанне неабходнасць запрашэння назіральнікаў ад АБСЕ на выбары.

Для ўлад Беларусі такі ход падзей значна спросціць правядзенне выбарчай кампаніі.

Аднак, падтакваючы Маскве аб неабходнасці рэформы АБСЕ, беларускае кіраўніцтва можа трапіць у пастку, бо ў выпадку, калі Масква захоча правесці выбары ў Беларусі па сваім сцэнарыі, прыкрыцця з боку АБСЕ, магчыма, ужо не будзе.

Пераход ад канфрантацыі да дыялогу паміж АБСЕ і Беларуссю найбольш верагодны ў выпадку, калі ў Лукашэнкі ўзнікне вострая патрэба ў наладжванні адносін з Бруселем.

А такая сітуацыя магчымая, у сваю чаргу, пры наяўнасці сур'ёзных рознагалоссяў паміж Крамлём і Беларуссю. Адносіны ж паміж заклятымі саюзнікамі зыбкія.

Каментаваць