Кампанія “Права выбара-2015” падвяла вынікі датэрміновага галасавання

Кампаніі назірання “Права выбару-2015” цягам пяці дзён датэрміновага галасавання на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь здзяйсняла назіранне на 649 выбарчых участках.



На 577 выбарчых участках назіральнікі кампаніі валодалі лічбамі аб агульнай колькасці грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі выбарчых ўчасткаў, што дала магчымасць зрабіць падлік яўкі выбаршчыкаў.  

Такім чынам на 577 выбарчых участках за пяць дзён датэрміновага галасавання прагаласавада 299 344 чалавек. Паводле афіцыйных звестак — 313 977. Разыходжанне ў падліку колькасці прагаласаваўшых грамадзян склала —14 633 чалавекі, альбо 4,89%.

У Мінску неперарыўнае назіранне цягам пяці дзён вялося на 111 выбарчых участках. Там за пяць дзён назіральнікі налічылі 46 782 выбаршчыкаў, якія прыйшлі на ўчасткі. Паводле афіцыйных звестак на гэтых жа ўчастках прагаласавала 52 032 чалавекі. Разыходжанне ў падліку колькасці прагаласаваўшых грамадзян склала — 5 250 чалавек, альбо 6,66%.

Па падліку назіральнікаў найбольшае разыходжанне ў яўцы выбаршчыкаў выяўлена на наступных участках:

№38 Першамайскага раёна Мінска: па звестках назіральнікаў — 283 чалавекі, па афіцыйных звестках — 627 чалавек. Розніца складае 344 чалавекі, альбо 121%;

№11 Баранавічы, Брэсцкая вобласць: па звестках назіральнікаў — 583 чалавекі, па афіцыйных звестках — 990 чалавек. Розніца складае 407 чалавекі, альбо 70%;

№52 Ленінскага раёна Магілёва: па звестках назіральнікаў — 379 чалавек, па афіцыйных звестках — 677 чалавек. Розніца складае 298 чалавек, альбо 78%.

Усяго назіральнікамі кампаніі “Права выбару-2015” за час датэрміновага галасавання было пададзена 391 скарга. Агульная колькасць зафіксаваных назіральнікамі інцыдэнтаў, звязаных з парушэннем выбарчага заканадаўства, склала 1071. За увесь час датэрміновага галасавання было пазбаўлена акрэдытацыі 12 назіральнікаў.

Найбольш часта фіксуемымі інцыдэнтамі назіральнікамі “Права выбару-2015” за ўвесь час датэрміновага назірання былі: пазбаўленне акрэдытацыі назіральнікаў, непрадастаўленне назіральнікам годных умоваў для назіральнікаў за выбарамі, прымус да датэрміновага галасавання, галасаванне адных і тых жа людзей на розных выбарчых участках (карусель),  а таксама незабеспячэнне належнага захоўвання скрынь для галасавання.

Найбольшую колькасць прагаласаваўшых за пяць дзён датэрміновага галасавання назіральнікі зафіксавалі на выбарчым участку №44 у Першамайскім раёне Віцебска. Там за пяць дзён прагаласавала 1675 чалавек, альбо 89,1% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў, зарэгістраваных на выбарчым участку. Афіцыйная яўка не разыходзіцца з падлікам назіральнікаў.

Найменьшая колькасць прагаласаваўшых за пяць дзён датэрміновага галасавання была зафіксавана на выбарчым участку №147 Кастрычніцкага раёна Магілёва. Там прагаласаваў усяго 158 чалавек, альбо 10,5% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў. Афіцыйная яўка супадае з падлікам назіральнікаў.

Назіральнікамі кампаніі “Права выбару-2015” фіксаваліся маніпуляцыі са спісамі выбаршчыкаў у бок іх скарачэння. Напрыклад, на выбарчым участку №122 Кастрычніцкага раёна Магілёва спіс выбаршчыкаў скараціўся з 4419 да 2232 чалавек, альбо амаль на 50,5%. На участку №105 Кастрычніцкага раёна Магілёва спіс выбаршчыкаў скараціўся з 2902 да 2090 чалавек, альбо на 28%. На ўчастку №4 у Смалявічах, Мінская вобласць, спіс выбаршчыкаў скараціўся з 1927 да 1227, альбо на 36%.

Агульныя высновы назірання за датэрміновым галасаваннем падводзіць адзін з каардынатараў кампаніі “Права выбару-2015” Алесь Сілкоў:

-          Па выніках назірання за датэрміновым галасаваннем на працягу пяці дзён нашы назіральнікі выявілі, што на большасці выбарчых участкаў члены камісій не прытрымліваліся ў поўнай меры нормаў выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, а на некаторых выбарчых участках вынікі галасавання, можна аспрэчваць ужо зараз, па прычыне значнага завышэння яўкі з боку ўчастковых выбарчых камісій. Такія разыходжанні ўплываюць на агульную ацэнку вынікаў выбараў і сведчаць пра спробу паццягнуць яўку на выбарах. 

Другі каардынатар кампаніі назірання Дзяніс Садоўскі лічыць, што выбары адбываюцца па сцэнары папярэдніх выбарчых кампаній:

-          Кампанія назірання “Права выбару-2015” канстатуе сур’ёзныя парушэнні падчас правядзення датэрміновага галасавання, якія даюць падставы лічыць датэрміновае галасаванне непразрыстым і недэмакратычным са шматлікімі фактамі перашкодаў у працы назіральнікаў. Яўка заўважна ніжэйшая на тых выбарчых участках, дзе назіраюць за выбарамі нашыя назіральнікі і таму лічба агучанай цэнтрвыбаркамам у 36% выглядае яўна завышанай.

У кампанію па назіранні за выбарамі “Права выбару-2015” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, “Гавары праўду!”, “Рух “За Свабоду!”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.

Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаванне на іх.

Каардынатары кампаніі “Права выбару-2015”:

Дзяніс Садоўскі +375 29 753 43 37;  Алесь Сілкоў +375 29 652 00 48

Каментаваць