Альтэрнатыўная служба ці прыгоннае права?

Праект закона пра альтэрнатыўную вайсковую службу прымушае «альтэрнатыўшчыкаў» працаваць «за ежу». Адкрываем таталізатар: на якім месяцы «службы» АГСнік страціць прытомнасць ад голаду?



Распрацоўкай закона пра альтэрнатыўную грамадзянскую службу (АГС) — замену вайсковаму абавязку — шматлікія народныя абраннікі займаліся ва ўсіх заканадаўчых органах увесь час існавання незалежнай Беларусі. Зараз у першым чытанні закон аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе прыняты Палатай прадстаўнікоў. Падавалася б, гэта прагрэсіўны крок для ўсёй Беларусі.

Але калі паглядзець на гэты законапраект глыбей, то ўзнікае не тое што расчараванне, а проста шчырае здзіўленне. Дэпутаты вырашылі зрабіць з альтэрнатыўшчыкаў легалізаваных прыгонных.

Найперш, АГС — не для ўсіх, а толькі для тых, хто не можа служыць у войску паводле рэлігійных перакананняў. А ідэйным пацыфістам усё роўна давядзецца ісці ў вайсковыя часткі.

Не салодка давядзецца крышнаітам і прыхільнікамі іншых незарэгістраваных у Беларусі канфесій. Згодна з законапраектам, грамадзянін, які жадае праходзіць альтэрнатыўную службу, абавязаны паведаміць пра гэта прызыўной камісіі, абгрунтаваць сваё хадайніцтва і мае права падаваць самыя розныя пацвярджаючыя дакументы. Між тым, пасля прыняцця новага закона аб рэлігійнай дзейнасці, тыя ж крышнаіты прынцыпова адмовіліся рэгістравацца, бо зрабіць гэта немагчыма. Такім чынам, прызыўнік-крышнаіт просіць пра АГС, а яму кажуць: «Дай жа ты, мілы чалавек, пацвярджаючы дакумент!». Калі ён яго не дасць — пойдзе ў войска. Калі дасць — у турму. За дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, хай сабе і рэлігійнай (артыкул 193-1 сучаснага Крымінальнага Кодэкса).

Выклікае пытанні і тэрмін АГС. Для грамадзян, якія не маюць вышэйшай адукацыі, ён складзе 36 месяцаў, для грамадзян з вышэйшай адукацыяй — 24 месяцы. Тры гады ў «альтэрнатыўцы» — ці не замнога?

Праходжанне альтэрнатыўнай службы будзе ажыццяўляцца ў арганізацыях сацыяльнай сферы (бальніцы, дамы-інтэрнаты, хоспісы і г.д.), а таксама ў сістэме ЖКГ, у лясной гаспадарцы і іншых галінах. То бок, малады чалавек з вышэйшай адукацыяй два гады будзе месці вуліцы. Ці не карысней было б скарыстаць маладога спецыяліста па ягонай спецыяльнасці, а не звужваць (тым больш, заканадаўча) сферу дзейнасці «альтэрнатыўшчыкаў»?

А зараз — самае цікавае. У перыяд праходжання АГС грамадзянін не мае права займацца прадпрымальніцтвам і любой іншай працай, якая прадугледжвае атрыманне даходу. Усё, чым давядзецца яму задавольвацца, — штомесячным грашовым утрыманнем у памеры 150% ад найбольшай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва за два апошнія кварталы. Памер грашовага ўтрымання будзе павышацца на 20% БПМ, пачынаючы з 13-га месяца альтэрнатыўнай службы; на 40% — пачынаючы з 25-га месяца альтэрнатыўнай службы. Працоўны тыдзень будзе працягвацца шэсць дзён (па восем рабочых гадзін на дзень).

У цяперашні час БПМ для працаздольнага насельніцтва вызначаны ў 1 510 040 рублёў. То бок, «альтэрнатыўшчык» пры добрым раскладзе будзе працаваць за 2 мільёны 225 тысяч у месяц.

У войску дзяржава выдаткоўвае на салдата не пражытковы мінімум. Салдат апрануты, абуты, ежа — бясплатная, пражыванне — таксама, выдаецца нейкі мінімум грашовага ўтрымання, але ў той жа час — ніякіх камунальных плацяжоў! А што ў нас па новым законе з «альтэрнатыўшчыкамі»? Яны толькі «маюць права на прадастаўленне жылога памяшкання на перыяд службы». Ніхто не абяцае ім, што гэтае жыллё будзе бясплатным і што за яго не трэба будзе плаціць яшчэ і «камуналку». Таксама ніхто не абяцае іх карміць, паіць і апранаць.

Разганіся на ўсё гэта за два мільёны ў месяц!

Апроч усяго, прыняты ў першым чытанні заканадаўчы акт адразу ж уступае ў супярэчанне з нормамі Працоўнага кодэкса пра 40-гадзінны працоўны тыдзень — у «альтэрнатыўшчыка» назіраецца на тыдзень 48 працоўных гадзінаў. У той жа час, «альтэрнатыўшчык» застаецца і поўнасцю безабаронным перад дзяржавай: ён не мае права на ўдзел у забастоўцы і абавязаны на час праходжання службы прыпыніць сваё сяброўства ў палітычных партыях і грамадскіх аб’яднаннях.

Калі пра партыі ўсё зразумела: АГС «прыраўнялі» да войска, якое ў нас дэ-юрэ па-за палітыкай, то наконт грамадскіх аб’яднанняў — чыстая перастрахоўка. Грамадскае аб’яднанне — гэта і прафсаюз, які мог бы ўлезці ў абарону працоўных правоў АГСніка.

У законапраекце вызначаны меры адказнасці за ўхіленне ад альтэрнатыўнай службы і парушэнні падчас яе праходжання, то бок «звольніцца» з яе ці запартабаваць лепшых умоваў працы АГСнік магчымасці не мае.

Такім чынам, дзяржава за кошт АГСнікаў атрымлівае армію цалкам бяспраўных прыгонных, якія фактычна працуюць «за харчы». А тое і без харчоў, калі «альтэрнатыўшчык» яшчэ падумае больш-менш прыстойна апранацца ці плаціць хаця б «камуналку» за пражыванне.

Адкрываем таталізатар: на якім месяцы «службы» АГСнік страціць прытомнасць ад голаду?

Каментаваць