Каму справа да маладых інвалідаў?

“Гутэн таг, — радасна сустракаюць мяне ў калідоры інтэрната “Адкрытыя дзверы выхаванцы “Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям- інвалідам і маладым інвалідам. Аказваецца, увечары да іх мусіць прыехаць госць з Германіі, з якім мяне і паблыталі. Даведаўшыся, што я не маю нямецкіх каранёў, выхаванцы тым не менш ветліва запрашаюць на супольную вячэру. Для іх гэта не проста прыём ежы, а паўнавартасны адукацыйны занятак.



“Гутэн таг, — радасна сустракаюць мяне ў калідоры інтэрната “Адкрытыя дзверы выхаванцы “Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям- інвалідам і маладым інвалідам. Аказваецца, увечары да іх мусіць прыехаць госць з Германіі, з якім мяне і паблыталі. Даведаўшыся, што я не маю нямецкіх каранёў, выхаванцы тым не менш ветліва запрашаюць на супольную вячэру. Для іх гэта не проста прыём ежы, а паўнавартасны адукацыйны занятак.

На вячэру — бульбяное пюрэ, запечаная ў жароўні курыца і сок. Элементарны рэцэпт курыцы падказала выкладчыца Ірына Шавель — раскласці на блясе соль, пакласці на яе цэлую курку — і ў жароўню. Смачна, карысна і, галоўнае, проста ў прыгатаванні для навучэнцаў, якія ўсе справы па хатняй гаспадарцы робяць самастойна. Выхавацелькі могуць падказаць на словах, а вось рабіць нешта за выхаванцаў ім не пажадана. “Я не магу падаць бляху — я мушу сказаць, дзе яе знайсці. Я не магу дапамагчы абабраць бульбу — толькі даць параду, як акуратна зняць шалупінне, каб не парэзацца. Такія ўмовы нашага праекта “Крок да самастойнасці. Дзеткі вучацца рабіць хатнія справы, якім іх не навучалі дома: гатаваць, прыбіраць, прасаваць, — распавядае выкладчыца Любоў Каменева.

“Дзеткі — гэта 29-гадовы Саша, 24-гадовы Лёша, 22-гадовая Даша і 21-гадовая Дзіна. Яны ўчатырох будуць жыць у інтэрнаце (дзве з’яднаныя кватэры ў мікрараёне “Паўднёвы Захад у Мінску) на працягу 3-х месяцаў. Праўда, не ўсім хапае гэтага тэрміну, каб засвоіць асноўныя навыкі самастойнага жыцця — напрыклад, Саша праходзіць курс другі раз.

Час ад часу размова перапыняецца просьбамі хлопцаў пра паўторную порцыю курыцы. Дзяўчаты ахвотна дзеляцца прысмакамі — заслужылі! “Усё па чарзе — учора мы з Дзінай гатавалі, а хлопцы прыбіралі. Сёння вячэру зладзілі хлопцы, затое наша чарга прыбіраць, — распавядае Даша, якая паралельна просіць хлопцаў даць ёй рэцэпт. Юнакі не губляюцца, і просяць узамен рэцэпт учорашняга плову, які гатавалі дзяўчаты. Будзе чым пахваліцца на выходных бацькам!

Правілы ўдзелу ў курсе “Крок да самастойнасці строгія: мець не менш за 18 гадоў, штодня працаваць у майстэрнях, дабірацца да працы і назад самастойна на грамадскім транспарце. Формы інваліднасці ў навучэнцаў не цяжкія: 2-я і 3-я ступені. Людзі з такімі ступенямі інваліднасці часта жывуць асобна ад апекуноў, працуюць, ствараюць сем’і, нараджаюць і выхоўваюць дзяцей.

Ірына Шавель тлумачыць, што часта здольныя маладыя людзі не могуць рабіць простыя рэчы па хатняй гаспадарцы праз пасіўную пазіцыі бацькоў: “Бывае, што бацькам прасцей самім схадзіць у краму, прыгатаваць ежу ды прыбрацца, чым штодня навучаць гэтаму сваіх хворых дзяцей. Але ж гэта прыводзіць да таго, што дзіця назаўжды застаецца прывязаным да апекуна, не можа абслугоўваць сябе самастойна.

Пасля вячэры дзяўчаты прыбіраюць: Дзіна мые посуд, Даша яго выцірае рушніком. “Дзіна, ты забыла ўключыць гарачую ваду, — робіць заўвагу Любоў Каменева, падсунуўшы руку пад струменьчык вады. На пліце, дзвярах ваннай і прыбіральні вісяць разнастайныя малюнкі-разметкі, каб навучэнцам было прасцей арыентавацца. Напрыклад, некаторыя юнакі не могуць адрозніць канфоркі пліты па традыцыйных азначэннях на ёй, таму кожная канфорка дадаткова пазначаная геаметрычнай фігуркай.

Павячэраўшы, хлопцы ідуць адпачываць у свой пакой, дзяўчаты тэлефануюць дадому і слухаюць музыку. У агульнай гасцінай стаіць велізарны музычны цэнтр, тэлевізар, DVD-плэер. “Учора мы цэлы вечар глядзелі мульцік пра рэйнджараў, рагаталі да ўпаду, — дзеліцца Даша. “Часам тут бываюць цэлыя дыскатэкі! А якія святкаванні мы ладзім на дні народзінаў ці Каляды! — дадае выкладчыца Любоў, якая ў мінулым годзе на снежаньскія святы была Дзедам Марозам. Дзяўчаты абмяркоўваюць заўтрашнія справы па гаспадарцы, ад якіх ніяк не ўхіліцца — у пакойчыку на дошцы прымацаваны графік абавязкаў для ўсіх навучэнцаў. Расклад будніх дзён прыкладна аднолькавы: пад’ём а 7 раніцы, прыгатаванне сняданка, пасля — на працу (там жа і абед), у інтэрнат вяртаюцца ля 17 гадзіны вечара, потым гатуюць вячэру і прыбіраюць у кватэры. Адна з самых складаных справаў — набыццё прадуктаў.

“Нашы дзеткі амаль не ўмеюць лічыць грошы, іх могуць надурыць у любой краме. Канешне, падчас навучання мы з імі ходзім у краму, а калі яны будуць жыць самастойна? Апошнім разам хадзіла ў краму з Лёшам. Гляджу, а ён выбірае самыя танныя прадукты. Пытаюся, чаго ж так? Можаш браць і даражэйшыя, а ён адказвае, што яго прывучылі купляць самае таннае, — распавядае Любоў Каменева. У чацвер у інтэрнат, як правіла, прыходзяць госці — бацькі, знаёмцы, выпускнікі.



Дарэчы, на сценцы ў калідорчыку вісяць фотаздымкі ўсіх “дзетак, якія ўжо прайшлі курс. Пяць дзён на тыдзень выхаванцы праводзяць у інтэрнаце, а на выходныя едуць дадому адпачываць. Дзіна ў суботу і нядзелю ўвесь час праводзіць з сябрамі, у Сашы адпачынак незвычайны — на выходных з каханай дзяўчынай, таксама былой навучэнкай курса (дзе яны і пазнаёміліся), ён шмат катаецца на новых швейцарскіх электрычках “Гарадскія лініі. “Дык дорага ж! — “А нам праезд бясплатны. Усе кандуктаркі ўжо ведаюць нас. Аднойчы з Сашам здарыўся смешны выпадак — заклініла дзверы ў прыбіральні ў вагоне. Ягоная сяброўка праявіла надзвычайную кемлівасць — націснула пімпачку SOS і выклікала на дапамогу машыніста.

Усе навучэнцы працуюць у адмысловых майстэрнях. Лёша і Саша вырабляюць драўляныя статуэткі пры царкве Ефрасінні Полацкай (вул. Прытыцкага). Лёша па формах выразае з дрэва анёлкаў, дрэўцы, разнастайных жывёлак — дзіцячыя цацкі, а Саша іх расфарбоўвае. За месяц штодзённай працы хлопцы атрымоўваюць сімвалічную плату — каля 20 тысяч беларускіх рублёў. Саша дадаткова ўладкаваўся дыспетчарам грамадскага транспарту, а вось Лёшу пашчасціла менш — у яго 2-я непрацоўнага група інваліднасці, ён прызнаны недзеяздольным, таму афіцыйна працаваць нідзе не можа.

Дзяўчаты займаюцца ў майстэрні “АртІдэя (вул. Рабкораўская), якую называюць проста “На Рабкораўскай. Дзіна і Даша пакуль што толькі вучацца плесці аб’ёмныя фігуркі з бісеру, а таму платы не атрымоўваюць, жывуць на пенсію па інваліднасці. Да прыкладу, у Дзіны, якая, як і Лёша, мае 2-ю непрацоўную групу інваліднасці, пенсія складае 500 тысяч беларускіх рублёў. Даша мае 3-ю працоўную групу, але пакуль што афіцыйнай працы знайсці не можа: “Нагаварыла тут адна, што ў мяне ў 2004 годзе была эпілепсія, дык нікуды браць не хочуць, усе ўжо ведаюць, — кола патэнцыйных працадаўцаў у людзей з абмежаванасцямі вузкае, а таму дзяўчына злуецца на знаёмую, якая так яе падставіла.

У Сашы пенсія прыкладна аднолькавая з Дашынай — 550 тысяч беларускіх рублёў, а вось Лёша сваю пенсію называць адмаўляецца: “На ўсё хапае! Усё адно, нікому да нас няма справы, — нечакана злосна выпальвае хлопец. Як мінімум бліжэйшыя тры месяцы справа да яго будзе чацвярым выхавацелькам, якія пазменна штодня працуюць і нават ночаць з “дзеткамі.

Любоў Каменева распавядае, што ўжо ёсць набор і на вясну — магчыма, апошні. Праект прадугледжвае, што ў будучым фундаваць курс “Крок да самастойнасці мусіць беларуская дзяржава — маўляў, трэба проста паказаць чыноўнікам, як важна прывучаць маладых інвалідаў да самастойнага жыцця, і перадаць справу ў іх рукі. Любоў Каменева сумняваецца, што так станецца: “Мы перыядычна запрашаем прадстаўнікоў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны да нас на заняткі, але пакуль я не бачу перспектывы ў падтрымцы праекту з боку беларускай дзяржавы.

Па маімі развітанні з Дзінай, Дашай, Лёшам, Сашам і іх часовымі “апекунамі Ірынай Шавель і Любоў Каменевай гучыць званок у дзверы — нарэшце дабраўся госць з Германіі. Гутэн таг!

------------------------------------------------------------------------------------

50 тысяч штогод


У Беларусі колькасць інвалідаў, якія стаяць на ўліку ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароны, складае больш за 600 тысяч чалавек — прыкладна 6% да ўсяго насельніцтва краіны.

Найбольшая колькасць інвалідаў сярод рэгіёнаў краіны налічваецца ў Мінску (каля 150 тысяч чалавек). У агульнай колькасці інвалідаў прыкладна 80 тысяч чалавек маюць першую групу інваліднасці, 330 тысяч — другую, каля 200 тысяч — трэцюю. У краіне налічваецца больш за 30 тысяч інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў.

Лічба ў 5–7% колькасці людзей, што маюць фізічныя адхіленні (інваліднасць), прыкладна аднолькавая для большасць краін. Так, у Расіі налічваецца каля 11 мільёнаў інвалідаў, што складае каля 7% насельніцтва, ва Украіне — 3 мільёна (каля 6%). Сярод краін ЕС найбольшая колькасць інвалідаў у Эстоніі, тут каля 8 працэнтаў насельніцтва атрымліваюць сацыяльную дапамогу з прычыны інваліднасці.

Штогод колькасць інвалідаў у Беларусі павялічваецца прыкладна на 50 тысяч чалавек.

Каментаваць