Канцэпцыя моладзевай палітыкі

21 красавіка Навукова-даследчы цэнтр Мізеса і Клуб маладых экспертаў Аналітычнага цэнтра «Стратэгія» прэзентавалі праект Канцэпцыі моладзевай палітыкі Рэспублікі Беларусь. Паводле аўтараў, гэта першы ў гісторыі краіны дакумент, які прадстаўляе сістэмны падыход да фармулявання моладзевай палітыкі на грунце лепшага міжнароднага досведу і еўрапейскіх традыцый.

(Аўтары “Канцэпцыі моладзёвай палітыкі Беларусі пад час прэзентацыі Фота Юрыя Дзядзінкіна)



21 красавіка Навукова-даследчы цэнтр Мізеса і Клуб маладых экспертаў Аналітычнага цэнтра «Стратэгія» прэзентавалі праект Канцэпцыі моладзевай палітыкі Рэспублікі Беларусь. Паводле аўтараў, гэта першы ў гісторыі краіны дакумент, які прадстаўляе сістэмны падыход да фармулявання моладзевай палітыкі на грунце лепшага міжнароднага досведу і еўрапейскіх традыцый.

(Аўтары “Канцэпцыі моладзёвай палітыкі Беларусі пад час прэзентацыі Фота Юрыя Дзядзінкіна)


Аўтарамі Канцэпцыі моладзевай палітыкі з’яўляюцца студэнты і аспіранты беларускіх вышэйшых навучальных устаноў, якія аб’яднаныя ў Клуб маладых экспертаў. Канцэпцыя — гэта ініцыятыва самой моладзі, якая прадстаўляе сваё бачанне моладзевай палітыкі краіны. Навуковым кіраўніком праекта з’яўляецца дырэктар Навукова-даследчага цэнтра Мізеса эканаміст Яраслаў Раманчук. Эксперты прапануюць вырашыць праблемы моладзі комплексна, абапіраючыся на лепшы міжнародны досвед і на глыбокае веданне беларускіх рэалій. Аўтары канцэпцыі мяркуюць, што ва ўмовах сістэмнага крызісу, які паглыбляецца, Беларусі неабходна напоўніцу разблакаваць творчы, эканамічны і інтэлектуальны патэнцыял моладзі.

Дакумент налічвае сем сфер моладзевай палітыкі: адукацыя, студэнцкае самакіраванне, рынак працы, прадпрымальніцтва, жыллё, маладая сям’я і армія.

Канцэпцыя сыходзіць з таго, што свабода лепей за несвабоду, зарабляць самому лепш, чым быць нахлебнікам, незалежнасць лепей за падпарадкаванне, прыватная ўласнасць больш эфектыўная і маральная за дзяржаўную, нарэшце, малая, празрыстая, эфектыўная дзяржава лепей за «Вялікую Вертыкаль». Як падкрэсліваюць маладыя эксперты, для іх найвышэйшымі каштоўнасцямі з’яўляюцца асабістая свабода кожнага чалавека і адказнасць за свой выбар, выкананне прынцыпу роўнасці ўсіх перад законам, недатыкальнасць прыватнага жыцця і ўласнасці, а таксама актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, падтрымка палітычнай канкурэнцыі і плюралізму.

Варта адзначыць, што за кожны раздзел Канцэпцыі моладзевай палітыкі адказваў канкрэтны чалавек. Напрыклад, студэнт трэцяга курса факультэта міжнародных зносін Белдзяржуніверсітэта Аляксей Башко ачольваў групу, якая працавала над прапановамі ў галіне адукацыі. Па словах маладога эксперта, падчас падрыхтоўкі раздзела быў прааналізаваны еўрапейскі досвед у галіне адукацыі і выяўлены недахопы беларускай мадэлі.

«Гэта, у першую чаргу, надзвычайная цэнтралізацыя, што не дапамагае развіццю нашай адукацыі, бо ўсе рашэнні прымаюцца на ўзроўні Міністэрства адукацыі. Там зацвярджаюцца ўсе падручнікі, усе праграмы, па якіх займаюцца студэнты, а таксама колькасць адведзеных гадзін і прадметы. Гэта перашкаджае новаўвядзенням і інавацыям у гэтай галіне, замінае паўнавартаснаму выбару з боку студэнтаў і вучняў, — адзначае Аляксей Башко. — Негатыўнымі з’явамі ёсць ліквідацыя профільных класаў, увядзенне жорсткіх абмежаванняў у з’яўленні новых гімназій, а таксама дыскрымінацыя пры паступленні па месцы жыхарства і вучобы. Гэта прыводзіць да таго, што людзі, якія валодаюць лепшымі ведамі, больш абазнаныя ў тым ці іншым прадмеце, маюць менш шансаў пры паступленні перад тымі, хто горш валодае такімі ведамі. Таму мы прапануем не ставіцца да студэнтаў з сельскай мясцовасці як да людзей з абмежаванымі здольнасцямі, але ставіцца роўна да ўсіх».

Раман Глушчук, студэнт чацвёртага курса юрыдычнага факультэта БДУ, адказваў за распрацоўку раздзела «Студэнцкае самакіраванне». «Палітыкі і чыноўнікі не разумеюць важнасці паўнавартаснага партнёрства паміж структурамі студэнцкага самакіравання з аднаго боку, а адміністрацыі ВНУ і выкладчыкі — з другога боку. Студэнтаў адхіляюць ад працэсу выпрацоўкі прапаноў па павышэнню якасці адукацыйнага працэсу з улікам навуковых і прафесійных інтарэсаў студэнцтва, — лічыць Раман Глушчук. — Адміністрацыі факультэтаў і ВНУ ніколі не бяруць да ўвагі нашы меркаванні, нашы прапановы. Студэнтам неабходна даць свабоду ў прыняцці рашэнняў. Студэнцкае самакіраванне павінна быць замацавана на юрыдычным узроўні праз статут, на падставе якога мусіць адбывацца студэнцкая дзейнасць… Сёння адсутнічаюць механізмы прадстаўлення інтарэсаў студэнтаў на ўзроўні паміж ВНУ, на мясцовым, рэгіянальным і нацыянальным узроўні… Адміністрацыі ВНУ не акцэнтуюць увагу на фарміраванні адкрытай грамадзянскай пазіцыі ў студэнтаў… Адным з самых важных пунктаў нашай канцэпцыі з’яўляецца далучэнне органаў беларускага студэнцкага самакіравання да моладзевых праграм Еўрапейскага Саюза, звязаных з грамадзянскай актыўнасцю валанцёраў, — гэта сацыяльная, культурная, экалагічная сферы, а таксама рэалізацыя сумесных праектаў у рамках праграмы «Еўрапейскае партнёрства».

Дыскусія па асобных палажэннях Канцэпцыі моладзевай палітыкі доўжылася амаль дзве гадзіны, на пытанні моладзі адказвалі кіраўнік АЦ «Стратэгія» Леанід Заіка, экс-дэпутат Вярхоўнага Савета Уладзімір Нісцюк, які, дарэчы, паабяцаў давесці інфармацыю пра гэты дакумент на паседжанні Грамадска-кансультацыйнай рады пры Адміністрацыі прэзідэнта (У. Нісцюк запрошаны ў склад згаданай рады). Яраслаў Раманчук выказаў спадзяванне, што праект Канцэпцыі моладзевай палітыкі апынецца на стале кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзіміра Макея, у дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, у палітычных партыях і грамадскіх арганізацыях, каб як мага больш людзей былі прыцягнуты да абмеркавання адной з самых важных праблем грамадства — праблемы моладзі.
 

Каментаваць