Канцэрт памяці Арыны Вячоркі адмянілі

На касах Моладзевага тэатра эстрады з'явілася абвестка, што канцэрт «Жыць для Беларусі» памяці асветніцы і прадзюсара гістарычнай музыкі Арыны Вячоркі адмяняецца. Напярэдадні квіткі зніклі з сайту kvitki.by.



Вось такая афіша сустрэла сёння наведвальнікаў тэатра


Паводле ініцыятара канцэрту Віталя Супрановіча, прычыны адмены канцэрта незразумелыя: «Канцэрт рыхтаваўся, рэклама пайшла, прададзеныя квіткі. Праблемаў таксама не было. Гэта ўсё ж такі канцэрт памяці Арыны, а не палітычная акцыя. Пра адмену канцэрту я даведаўся выпадкова, калі нечакана зніклі квіткі з продажу. Паехаў у тэатр разабрацца. На стале ў намесніка дырэктара Каралёва ляжала афіша нашага канцэрту. Ён сказаў, што канцэрт адмяняецца, альтэрнатыўных датаў прапанаваць ніякіх ня можа, толькі ўвосень».

Супрановічу паведамілі, што афіцыйная прычына адмены канцэрту — ліст з Міністэрства культуры пра дадатковыя рэпетыцыі для святочных майскіх канцэртаў.

Начальніца канцэртнага аддзела Ірына Пазнякова пацвердзіла адмену канцэрту. Паводле яе словаў, 23–25 красавіка ў Моладзевым тэатры эстрады адбудуцца рэпетыцыі майскіх святаў, і мерапрыемствы давялося адмяніць. Аднак, як пасля стала вядома, іншыя канцэрты — 23 і 25 красавіка — адбудуцца.

Паводле словаў Франка, сына Арыны Вячоркі, забарона канцэрту — помста Арыне за яе актыўную беларускую культурную і грамадскую дзейнасць ды нянавісць улады да жывой беларускай культуры:

«Мама шмат гадоў працавала ў тым тэатры, арганізавала там дзясяткі канцэртаў.

Думаю, не абышлося тут без спецслужбаў. Мама ўжо год не жыве. Ганьба кіраўніцтву тэатру і тым, хто забараніў канцэрт: яны баяцца нават памяці пра чалавека, які адкрыў цэламу пакаленню беларускую гістарычную музыку. Сімвалічна, што афіцыйная прычына забароны канцэрту — святкаванне савецкіх травеньскіх святаў. На іншае ў іх нават фантазіі не хапіла».

Сваякі і сябры Арыны Вячоркі запрашаюць на памінальную службу, якая, верагодна, адбудзецца ў Петрапаўлаўскай царкве ў Мінску 24 красавіка.

***

Канцэрт «Жыць для Беларусі» памяці Арыны Вячоркі меў адбыцца 24 красавіка а 19-й гадзіне ў Моладзевым тэатры эстрады. Сярод выступоўцаў былі заяўленыя выканаўцы беларускай гістарычнай, аўтарскай і фолк-песні, вядомыя рок-музыкі: гурт GUDA, Тодар і WZ-orkiestra, Кася Камоцкая, Аляксандар Памідораў, Паліна Рэспубліка, Зміцер Бартосік, Зміцер Сасноўскі, Таццяна Беланогая, Алесь Чумакоў, Andre Karp, «Шальмоўскі тэатр ДыГрыза» ды іншыя.

Каментаваць