Канцэрт памяці Арыны Вележ (Вячоркі)

Вечарам 14 красавіка ў сталічным Палацы культуры ветэранаў адбылася прэзентацыя музычнага альбому “Полацкі сшытак”.



Удзельнік канцэрту гурт “Testamentum Terraе”


Кампазіцыі гэтага збору выдаваліся на вінілавых кружэлках, аўдыё-касэтах і кампакт-дысках у Польшчы, Нямеччыне, Вугоршчыне, Украіне, Расіі, а ў 2012 годзе выйшаў канцэптуальны беларускі альбом, дзе сабраныя найлепшыя інтэрпрэтацыі твораў з “Полацкага сшытку” — нацыянальнай славутасці, якая акрэсліла ўваход Беларусі ў еўрапейскую культурную прастору.

Альбом “Полацкі сшытак” стаў апошнім творчым здабыткам прадусара гістарычнай музыкі Арыны Вележ (Вячоркі). Памяці спадарыні Арыны, якая нарадзілася 14 красавіка, і быў прысвечаны канцэрт з удзелам ансамбляў “Стары Ольса”, “Кантабіле”, “Brevis”, “Contredance” і “Testamentum Terraе”.

Адзін з першых выканаўцаў твораў зборніку, заслужаны артыст Беларусі Віктар Скарабагатаў зазначыў, што з спадарыняй Арынай пасябраваў прыкладна чвэрць стагоддзя таму, ездзіў з ёю на рыцарскія турніры, а таксама кансультаваў выданне музычнага альбому “Полацкі сшытак”.

Музыка распавёў, як напрыканцы 1970-х гадоў Адам Мальдзіс і Уладзімір Караткевіч прысутнічалі на канцэрце ансамбля “Кантабіле” ў сталічным Доме літаратара, слухалі Баха, Гендэля. Скарлаці. “І Караткевіч раптам Мальдзіса ў бок тык: “Слухай, Адась. А што, нашыя музыкі ў гэты час нічога не пісалі?”. “Ну чаму. Памятаеш, у 1964 годзе ездзіў у Кракаў і знайшоў там уніяцкі трэбнік, які належаў нейкаму полацкаму біскупу. І з вокладкі гэтага трэбніку выклеілі рукапісны сшытак, у якім аказаліся ноты. Потым іх Ежы Голас расшыфраваў і выдаў — 223 вакальных і інструментальных творы 1640–1670-х гадоў. Сярод іх шматгалосыя канты і псалмы, арганныя кампазіцыі і танцы у рытмах мазуркі, казачка і паваны (урачысты павольны танец, пашыраны ў Еўропе ў XVI стагоддзі). Прычым, мясцовыя напаўфальклорныя традыцыі спалучаюцца ў музыцы з італьянскімі і французскімі ўплывамі”. А паколькі нашыя музыкі пра гэты сшытак анічога не ведалі,  Караткевіч распавёў ім пра знаходку Мальдзіса, і “Кантабіле” сыграў “Полацкі сшытак”. Ды яшчэ як сыграў! Я не помню ніводнай гастролі ансамбля, падчас якой “Кантабіле” не іграў “Полацкі сшытак” — унікальны збор старадаўняй беларускай барочнай музыкі XVI–XVII стагоддзяў, яркі ўзор нацыянальнай свецкай кантавай культуры”, — падкрэсліў Віктар Скорабагатаў.       

У інтэрв'ю НЧ Вінцук Вячорка адзначыў, што Арына мела сярэднюю музычную адукацыю і цікавілася класічнай музыкай. Разам з тым, пошукі каштоўнасцяў падчас навучання на механіка-матэматычным факультэце Белдзяржуніверсітэту, цікавасць да невядомай, а часам і свядома схаванай беларушчыны, якая была маторам беларускай спеўна-драматычнай “Майстроўні”, а таксама педагагічнае пакліканне прывялі Арыну да старадаўняй музыкі і рыцарскага руху. “Менавіта яна прынесла ў гэты рух беларускую рыцарскую эстэтычную, рытуальную і вайсковую традыцыі. Так напрыканцы 1980-х гадоў Арына пачала гуртаваць вакол сябе падлеткаў у беларускія рыцарскія клубы, дзе паўсюдна гучала музыка сярэднявечча”, — сказаў Вінцк Вячорка.

Каментаваць