Кандыдаты альтэрнатывы

Выбарчая кампанія дала магчымасць патрапіць у дамы беларусаў людзям, якія звычайна знаходзяцца на ўзбочыне публічнага жыцця. Альтэрнатыўныя кандыдаты атрымалі магчымасць на дзяржаўным тэлеканале ў прамым эфіры без цэнзуры агучыць сваю пазіцыю, праграму, адносіны да цяперашняга кіраўніцтва Беларусі.

Выбарчая кампанія дала магчымасць патрапіць у дамы беларусаў людзям, якія звычайна знаходзяцца на ўзбочыне публічнага жыцця. Альтэрнатыўныя кандыдаты атрымалі магчымасць на дзяржаўным тэлеканале ў прамым эфіры без цэнзуры агучыць сваю пазіцыю, праграму, адносіны да цяперашняга кіраўніцтва Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка з усёй моцы імкнецца стварыць вобраз дэмакрата, які дае свабоду апанентам і магчымасць выбару грамадзянам Беларусі. Але канцэнтрацыя альтэрнатыўнага светабачання на першым тэлеканале, відаць, яго крыху занепакоіла, бо прэзідэнт не ўстрымаўся, каб не лінуць бруду ў бок сваіх канкурэнтаў. «Трэба вымалеваць, вобразна намаляваць партрэт альтэрнатыўных кандыдатаў. Людзям трэба растлумачыць, што ніякай розніцы ў іх няма. Усё, што яны гавораць, — гэта хлусня. Я ведаю ўсю іх паднаготную. Усе яны выраслі з аднаго кораня», — выказаўся наконт сваіх апанентаў у выбарчай кампаніі Аляксандр Лукашэнка.

Так, усе альтэрнатыўныя кандыдаты сёлетняй выбарчай кампаніі ў той ці іншай ступені аднаго поля ягады — выйшлі з апазіцыі, незадаволеныя дзейнай уладай, а частка нават мае з ёй уласныя рахункі. Яднае і абагульняе іх і крытыка рэжыму, персоны Лукашэнкі, які «скраў выбары». Але застаюцца адрозненні ў бачанні будучыні дзяржавы, яе знешняй палітыкі,

і ўрэшце ў пазіцыянаванні сябе, манеры маналагічнага дыялогу з Аляксандрам Лукашэнкам.

Бадай што найбольш каларытнымі, запамінальнымі былі тэлевыступы Міколы Статкевіча, Рыгора Кастусёва, Уладзіміра Някляева. Цікава, што першапачаткова ролі лідэраў гонкі надаваліся кандыдатам Уладзіміру Някляеву і Андрэю Саннікаву. Але апошняга на рэйтынгавай лінейцы мае магчымасць пацясніць Статкевіч, бо ён адышоў ад зачытвання праграмных тэзаў у бок жорсткай канстатацыі праўды і недыпламатычных характарыстык дзяржаўнага ладу: карупцыя, хабар, пацёмкінскія вёскі, перанасычанасць турмаў, адрэтушаваная рэчаіснасць па тэлебачанню, якое засціць праўду. «У нас імітацыя не толькі выбараў — імітацыя жыцця», — канстатаваў у сваім эмацыйным выступе Мікола Статкевіч. Фактычна ён пераняў ролю Аляксандра Казуліна — адчайнага кандыдата выбарчай кампаніі 2006 года, ролю чалавека, які можа ўзначаліць радыкальна настроеныя розумы. Хіба што Статкевічу, нягледзячы на навуковую ступень у галіне тэхнічных навук, бракуе вобразу інтэлігентнага чалавека.

Кандыдат Уладзімір Някляеў паказаў, якой маляўнічай можа быць палітычная барацьба — з вершамі, лірычнымі вобразамі «нахолившихся, как воробышки, чернобыльских инвалидиков», з самапрэзентацыяй сябе ў розных вобразах — ад чалавека жывога да фігуры з пластыку. Ці дастаткова гэтага, каб павесці за сабой тысячы, — будзе зразумела менш чым праз тры тыдні. Але палітычная тусоўка мусіць быць удзячная гэтаму чалавеку толькі за тое, што ён паказаў прыклад нетыповай для абшараў Беларусі кампаніі.

Кагорта кандыдатаў у прэзідэнты была б няпоўнай без Рыгора Кастусёва, які балатуецца ад партыі БНФ. Беларускі тыпаж, які не выклікае зайздрасці, непрыязі ці іншых негатыўных эмоцый. Невядома, ці «выстраліла» б фігура Кастусёва на сапраўдных выбарах, але дакладна ён зрабіў нямала, каб паказаць, у тым ліку і Лукашэнку, што «сябры БНФ — не ворагі, не адшчапенцы якія-небудзь».

Доступ да дзяржаўнага тэлебачання, хоць і лімітаваны, кружыць галаву. Людзі пачынаюць верыць у шчырасць намераў правесці празрыстыя выбары, верыць ва ўласныя шанцы абысці Аляксандра Лукашэнку. З імпэтам агучваюцца праграмы, раздаюцца абяцанні. У гэтым ёсць сэнс, бо ўсё ж беларусам карысна ведаць, што не толькі ідэя стабільнай Беларусі мае права быць. Але забываецца старая ісціна: «Хто валодае інфармацыяй — той валодае светам».

Выбарчая кампанія скончыцца, рабіць добрую міну больш не будзе патрэбы, і ўсе вернуцца на свае месцы: адны — у кабінеты ўлады, іншыя — на палітычную ўзбочыну. Тым больш, інструменты для падтрымання працы наладжанага дзяржаўнага механізма працуюць. Так, у распараджэнне журналістаў інтэрнэт-рэсурсу «Белорусский партизан» трапіў ліст, які нібыта зыходзіў ад кіраўніка ідэалагічнай вертыкалі Гомельскай вобласці Анатоля Кацілы і быў адрасаваны рэдакцыям мясцовых дзяржаўных СМІ.

Наколькі тое адпавядае рэчаіснасці, найлепш ведаюць кіраўнікі дзяржаўнай прэсы. Але і нашым чытачам гэта карысна для азнаямлення. У лісце прадпісана бліжэйшым часам правесці апытанне сярод мясцовых жыхароў і апублікаваць яго вынікі. Да ліста прыкладаюцца не толькі пытанні, датычныя выступаў кандыдатаў, але і ўзоры адказаў на іх, усе — крытычныя, са старымі, як рэжым у Беларусі, тэзамі, што альтэрнатыўныя кандыдаты нічога новага не прапануюць і ўвогуле не ўражваюць.

Так што, спадары кандыдаты ў прэзідэнты, як ні круціцеся, але «грамадская думка» кажа, што вы на адзін твар, з нясвежымі ідэямі і неразуменнем працэсаў дзяржаўнага кіравання. А дыпломы свае і веды... хіба што пакіньце да лепшых часоў. Ці насуперак прапагандзе, даказвайце адваротнае.
 

Каментаваць