Канферэнцыя “Беларусь і беларусы сярод суседзяў: гістарычныя стэрэатыпы і палітычныя канструкты”

9–11 снежня ў Варшаве, у Інстытуце грамадзянскай прасторы і публічнай палітыкі (ІГПіПП) Універсітэта Лазарскага адбудзецца міжнародная канферэнцыя “Беларусь і беларусы сярод суседзяў: гістарычныя стэрэатыпы і палітычныя канструкты.

9–11 снежня ў Варшаве, у Інстытуце грамадзянскай прасторы і публічнай палітыкі (ІГПіПП) Універсітэта Лазарскага адбудзецца міжнародная канферэнцыя “Беларусь і беларусы сярод суседзяў: гістарычныя стэрэатыпы і палітычныя канструкты.

Канферэнцыя прысвечана ўзаемадачыненням Беларусі з суседзямі, уключаючы гістарычныя стэрэатыпы, культурныя, палітычныя і эканамічныя сувязі, а таксама пытанням дзяржаўнага кіравання і публічнай палітыкі Беларусі. Арганізаванае ў супрацоўніцтве з беларускім офісам Фонду Конрада Адэнаўэра, Інстытутам Адкрытага Грамадства і Нацыянальным Фондам у падтрымку дэмакратыі, мерапрыемства мае міждысцыплінарны характар. На абмеркаванне выносяцца тэмы як з мінулага Беларусі, так і з яе сучаснай палітычнай рэчаіснасці.

Гэта чацвёртая па ліку канферэнцыя па беларускай тэматыцы ва Універсітэце Лазарскага, які пры падтрымцы МЗС Польшчы дае магчымасць для беларускіх даследчыкаў праходзіць стажыроўкі, выкладаць і займацца даследчыцкай дзейнасцю. У арганізацыйны камітэт сёлетняй канферэнцыі ўваходзяць беларускія даследчыкі, якія ў гэтым годзе праходзяць стажыроўку ва Універсітэце Лазарскага: Алесь Лагвінец, Таццяна Чуліцкая, Наталля Сліж і Анатоль Трафімчык.
 
Удзел у канферэнцыі возьмуць еўрапейскія палітыкі, міжнародныя эксперты, беларускія даследчыкі і грамадскія актывісты. Сярод прадстаўленых краінаў, апроч Беларусі і Польшчы, —  Літва, Украіна, Нямеччына, Аўстрыя, Францыя, Фінляндыя, Швецыя, ЗША.

Адбудуцца дыскусіі на такія тэмы, як: “Ці Беларусь ёсць няўдольнай дзяржавай (failed state) у рэгіянальным кантэксце?, “Як беларусы бачаць сваіх суседзяў: культурныя і гістарычныя стэрэатыпы, “Гаспадарка Беларусі ў рэгіянальным кантэксце: “зборачны цэх ці еўрапейская Паўночная Карэя? ды іншыя. У межах канферэнцыі таксама запланавана адмысловая секцыя, прысвечаная памяці вядомага беларускага палітолага Віталя Сіліцкага “Беларусь: якія шанцы на еўрапеізацыю?, на якой будуць абмеркаваныя здабыткі і выклікі на шляху еўрапеізацыі краіны.

Канферэнцыя пачнецца з адмысловае вечаровае дыскусіі “Хто можа выратаваць краіну? Крызіс у Беларусі, год пасля снежаньскага разгону 2010 г.. Свой удзел у дыскусіі пацвердзілі маршалак польскага сенату Богдан Борусэвіч, дэпутат літоўскага сейму Мантас Адоменас, дэпутат Еўрапейскага парламенту Павел Коваль і Старшыня Руху “За Свабоду Аляксандр Мілінкевіч.

Арганізатары канферэнцыі спадзяюцца, што гэтае мерапрыемства выкліча вялікую зацікаўленасць з боку даследчыкаў і студэнтаў з Беларусі, Польшчы, а таксама іншых краін і запрашаюць да ўдзелу ў дыскусіях усіх зацікаўленых.

Дадатковую інфармацыю наконт канферэнцыі можна атрымаць па мэйле: conference@civicspaceinstitute.org.pl
 

Каментаваць